Так i не пагаварылi памiж сабой толкам. Вось такi ён, кажа, наш зямляк баранлiнскi. Ды бог з iм, такi ўжо ёсць. Шкада толькi Казангапа. Ён жа надта перажываў за сына. Да апошнiх дзён не казаў пра яго нiчога благога. Пераехаў быў у горад да яго жыць, сам жа прасiў, а што выйшла... Ну, гэта ўжо другое.
З такiмi думкамi бавiў Едыгей тую ноч, калi ўбачыў першы раз касмiчную ракету. Доўга сачыў ён за гэтым цудам. I калi вогненны карабель, якi ўсё меншаў, праглынула чорная бездань, ён пакруцiў галавой i пайшоў, несучы ў душы дзiўныя, супярэчлiвыя пачуццi. Захапляючыся ўбачаным, ён у той час разумеў, што яму гэта старонняя справа, хоць i выклiкала яна здзiўленне i нават страх. Успомнiлася разам з тым чамусьцi лiсiца, што прыбягала да чыгункi. Як чулася ёй, калi зашапацеў гэты смерч у небе? Не ведала, мусiць, куды сябе падзець...
Але сам жа ён, Буранны Едыгей, сведка начнога ўзлёту ракеты ў космас, не падазраваў, ды i не мог ён ведаць пра тое, што то быў экстранны, аварыйны вылет касмiчнага карабля з касманаўтам - без усялякiх урачыстасцей, журналiстаў i рапартаў, у сувязi з надзвычайным здарэннем на касмiчнай станцыi "Парытэт", што знаходзiлася ўжо больш як паўтара года на арбiце паводле сумеснай амерыкана-савецкай праграмы, што звалася "Трамплiн". Адкуль Едыгею было ведаць пра ўсё гэта. Не падазраваў ён i пра тое, што гэтая падзея будзе тычыцца i яго, ягонага жыцця, i не проста з выпадку самай цеснай сувязi чалавека i чалавецтва ў iх агульным значэннi, а самым канкрэтным i непасрэдным чынам. Тым больш не ведаў ён i не мог думаць, што колькi часу пасля ўслед за караблём, што стартаваў з Сары-Азека, на другiм канцы планеты, у Невадзе, узняўся з касмадрома амерыканскi карабель з той жа задачай, на тую ж станцыю "Парытэт", на тую ж арбiту "Трамплiн", толькi са зваротным ходам кружэння.
Караблi былi тэрмiнова пасланы ў космас па камандзе, якая паступiла з навукова-даследчага авiяносца "Канвенцыя", што з'яўляўся плавучай базай Аб'яднанага савецка-амерыканскага цэнтра ўпраўлення праграмы "Дэмiвург".
Авiяносец "Канвенцыя" знаходзiўся ў раёне свайго пастаяннага месцазнаходжання - у Цiхiм акiяне, паўднёвей Алявуцкiх астравоў, у квадраце прыкладна на аднолькавай адлегласцi ад Уладзiвастока да Сан-Францыска. Аб'яднаны цэнтр упраўлення - Абцэнупр - у гэты час напружана сачыў за выхадам абодвух караблёў на арбiту "Трамплiн". Пакуль усё iшло паспяхова. Наперадзе былi манеўры па стыкоўцы з комплексам "Парытэт". Задача была найскладанейшая, стыкоўка павiнна была адбывацца не паслядоўна, адна следам за другой з неабходным iнтэрвалам чарговасцi, а адначасова, абсалютна сiнхронна, з двух розных падыходаў да станцыi. "Парытэт" не рэагаваў на сiгналы Абцэнупра з "Канвенцыi" ўжо больш за дванаццаць гадзiн, не рэагаваў ён i на сiгналы караблёў, што iшлi да яго на стыкоўку... Належала высветлiць, што адбылося з экiпажам "Парытэта".
II
Цягнiкi ў гэтых мясцiнах iшлi з усходу на захад i з захаду на ўсход...
Узбоч чыгункi ў гэтых мясцiнах ляжала вялiкая пустынная пространь Сары-Азекi, Сярэдзiнныя землi жоўтага стэпу. У гэтых мясцiнах любая адлегласць вымяралася адносна чыгункi, як ад Грынвiчскага мерыдыяна...
А цягнiкi iшлi з усходу на захад i з захаду на ўсход...
Ад раз'езда Баранлы-Бураннага да спадчынных найманскiх могiлак Ана-Бейiт было прынамсi кiламетраў трыццаць убок ад чыгункi, ды i то пры ўмове, калi дарога была напрасткi, наўздагад па саразеках. Калi ж не рызыкаваць, каб не заблудзiцца выпадкам у стэпе, дык лепш ехаць звычайнай каляiнай, што ўсцяж чыгункi, але тады адлегласць да могiлак яшчэ пабольшае, давядзецца даваць добрага гаку да павароткi ад Кыйсысайскай падзi на Ана-Бейiт. Iншай дарогi няма. Вось i выходзiць у лепшым выпадку трыццаць вёрст у адзiн канец ды столькi ж у другi.