Буранны Едыгей порстка ўстаў з месца, не чакаючы, пакуль той закончыць свой тост - выйшаў з дому. Заляскала ў цеменi на ганку - цi то парожняе вядро, цi то яшчэ што чаплялася за ногi, - ён скоранька надзеў свае кiрзачы i пайшоў дадому знiякавелы i злосны. "Эх, бедны Казангап! - нячутна застагнаў ён, кусаючы вус ад крыўды. - Як жа гэта - i смерць не смерць i гора не гора! Сядзiць, выпiвае сабе, як на вечарынцы, i хоць бы што! Прыдумаў сабе гэта чортава выслоўе - дзяржаўнае здароўе, i вось так кожны раз. Ну, дай бог заўтра ўсё як мае быць зрабiць, а як пахаваем ды першыя памiнкi справiм, нагi ягонай тут болей не будзе!"
А ўсё-ткi немалы час прабавiлi ў доме Доўгага Эдыльбая. Час за паўночы павярнуў. Едыгей удыхаў на поўныя грудзi халаднаватае паветра начных саразекаў. Надвор'е абяцала быць назаўтра, як звычайна, ясным i сухiм. Заўсёды так. Удзень горача, а ноччу халадэча, дрыготка б'е. Вось i застаюцца толькi тыя, што выжываюць. Калючкi розныя, палын ды на вынасах з яраў разнатраўе клоччам трымаецца, яго можна пакасiць на сена. Геолаг Елiзараў, даўнi сябар Бураннага Едыгея, расказваў, бывала, словам маляваў проста-такi, як некалi тут былi багатыя лугi, клiмат быў iншы, дажджоў выпадала ў тры разы болей. Ну, вядома, i жыццё таму было iншае. Статкi, табуны, атары хадзiлi па саразеках. Даўно, мусiць, гэта было, магчыма, да таго яшчэ, як аб'явiлiся тут тыя самыя жуаньжуаны, ад якiх i след прастыў у вяках, адны чуткi засталiся. А iнакш як магло памясцiцца ў саразеках столькi люду. Нездарма ж Елiзараў казаў: саразекi - забытая кнiга стэпавай гiсторыi... Ён лiчыў, што гiсторыя Ана-Бейiцкiх могiлак таксама не выпадковая справа. Каторыя грамацеi гiсторыяй прызнаюць толькi тое, што напiсана на паперы. А калi ў тыя часы кнiгi яшчэ не пiсалiся, тады як быць?..
Прыслухоўваючыся да шуму цягнiкоў на раз'ездзе, Едыгей чамусьцi ўспомнiў штармы Аральскага мора, на беразе якога нарадзiўся, вырас i жыў да вайны. Казангап таксама быў аральскi казах. Таму i зблiзiлiся яны, апынуўшыся на чыгунцы, i часта сумавалi ў саразеках па сваiм моры, а незадоўга да смерцi Казангапа ўвесну з'ездзiлi ўдваiх на Арал, выходзiць, стары развiтвацца ездзiў з морам. Але лепей бы не ездзiлi. Расстройства адно. Мора там не стала, вось як. Прападае, высыхае Арал. Кiламетраў дзесяць ехалi па ранейшым дне, па сухой глiне, пакуль дапялi да краю вады. I тут Казангап сказаў: "Колькi стаiць зямля - стаяла Аральскае мора. Цяпер i яно ўсыхае, што ж тут казаць пра чалавечае жыццё". I яшчэ ён сказаў тады: "Ты мяне пахавай на Ана-Бейiце, Едыгей".
Буранны Едыгей выцер рукавом нечаканую слязу, пракашляўся, каб у горле не заставалася здрадлiвай хрыпаты, i пайшоў у Казангапаву мазанку, дзе сядзелi ў жальбе Анзада, Укубала i з iмi iншыя жанчыны. Баранлiнскiя жанчыны прыходзiлi сюды то адна, то другая памiж справай, каб пабыць разам ды памагчы ў чым, калi спатрэбiцца.
Праходзячы паўз загон, Едыгей прыпынiўся на хвiлiну каля карча, укапанага ў зямлю, - тут стаяў напагатове асядланы i прыбраны ў посцiлку з кутасамi Буранны Каранар. Пры месячным святле вярблюд здаваўся аграмадным, магутным, спакойна-непарушным, як слон. Едыгей не ўтрываў:
- Ну i нiштаваты ты!
Ужо ля самага парога ўспомнiў Едыгей чамусьцi, нават сам не разумеючы чаму, учарашнюю ноч. Як прыбягала да чыгункi стэпавая лiсiца, як ён не асмелiўся, перадумаў кiнуць у яе каменем i як потым, калi пайшоў дадому, стартаваў з касмадрома ў начное чорнае неба вогненны карабель...
III
Той парой на Цiхiм акiяне, у паўночных ягоных шыротах, быў ужо ранак, восьмая гадзiна ранiцы. Асляпляльнае сонечнае надвор'е разлiлося бязмежным святлом над неабдымна-смужлiвым, велiчным зацiшкам. I акрамя вады i неба, у гэтых абсягах не iснавала нiчога iншага.