— Пачакай, задзіг, давай і пракладкі заадно памянем. — Механік засунуў руку ў металічную скрынку і выцягнуў звязку новых пракладак. — А як там паветраачышчальнік?
Добыш правёў пальцамі па рашотцы і насцярожыўся.
— Мне знаёмыя кажуць, калі я дадому прыязджаю, — расказваў Вахрашчын, старанна арудуючы маслёнкай, — ты ж там быццам на курорце працуеш. Ха! А калі я ў Іраку ўкалваў, нафтаправод дапамагалі будаваць… Там спёка і вецер таксама даваліся ў знакі. Як задзьме гэтак вось — тыднямі спаць кладзешся з хусткай на твары, каб пяску не наглытацца, не задыхнуцца ў сне. Не ўсе вытрымлівалі. Прасіліся дадому. А я нічога.
— Вось, — стараючыся быць спакойным, прамовіў Добыш і паказаў кавалачак прамасленага кардону. — Некаму, разумееш, хацелася, каб мы тут сапраўды заселі на тыдні. Проста і эфектыўна: раз-пораз гэта штука адліпала і тады быў выхлап. Потым струменем паветра яе зноў прыціскала да ўпускнога калектара…
Вахрашчын двума пальцамі ўзяў кардон — бы нейкае мярзотнае насякомае.
— Значыць, нюх у мяне яшчэ ёсць, — сказаў ён. — Але ж паспрабуй здагадайся, што за мярзота тут аціралася.
Сідкі таксама ўзяў кардон, пакруціў галавой, пацокаў языком.
— Ну што, будзем збіраць канчаткова? — прамовіў з палёгкаю Вахрашчын. — Давай, Сідкі.
— Пагляджу яшчэ каналы падачы паліва, — запярэчыў Добыш. — Цяпер я стаў недаверлівы. А кардон не кідайце. Пакажам бурыльшчыкам. Акліль, загарні гэта ў анучку. Выходзіць, некаму вельмі не па душы, што мы здабудзем ваду.
— Проста некаторыя баяцца, што яна будзе салёная. — Сідкі акуратна абцёр рукі анучай. На Акліля нават не зірнуў.
— Ды не, — адгукнуўся Вахрашчын. — Я размаўляў з людзьмі ў аазісе. Тутэйшыя ўладальнікі зямлі непакояцца, каб ад іх не пайшлі хамесы. Будзе вада, значыць, з'явіцца новая зямля, а хамесы могуць стварыць на ёй кааператыў.
— Ну, давай запускаць, — прамовіў Добыш. — Атрымаецца ці не?
Вахрашчын націснуў на старцёр. Пачулася: тах! Тах-тах-тах! І цішыня.
— Ці акумулятар сапсаваўся, ці мы не ўсё знайшлі,— занепакоіўся Вахрашчын і зноў уключыў старцёр.
Рухавік адказаў кароткім тахканнем, Добыш крануў рэгулятар падачы паліва — тахканне стала часцейшым, але ўсё гэта было яшчэ за кошт работы старцёра… І раптам, бы ачнуўшыся ад глыбокага сну, узвыў рухавік. Механікі слухалі, як зачараваныя. Акліль таксама. Але гэтую ягоную радасць ад магутнай песні матора да болю засмучвала адна акалічнасць. Хлопчык, старанна абцёршы кардон ад масла, зразумеў, што бачыў дзесьці яго раней.
Вярнуўшыся ў лагер, Акліль раскатурхаў Хуары.
— Чуеш, — шаптаў ён. — Мы матор адрамантавалі!
— Матор? — Хуары сеў, праціраючы вочы. — Вось як трэсну зараз!
І Акліль з прыкрасцю ўбачыў, што сябар зноў з закрытымі вачамі паваліўся на ложак. Спіць сабе, а тут такое адбываецца!
— Слухай, — зноў зашаптаў Акліль, — у матор нехта засунуў вось гэта… Ну паглядзі, Хуары!
Хаця за акном ужо добра развіднелася, Акліль уключыў ліхтарык.
— Брыдота нейкая, — мармытаў Хуары, прыглядваючыся да кардону.