Ялугин Эрнест Васильевич - Сіндбад вяртаецца стр 52.

Шрифт
Фон

— Так трэба па інструкцыі, Амама, — як мага лагодна прамовіў Добыш. — Парадак такі ў механікаў.

— Я хутка. — Амама апусціў рукі, потым зноў сагнуў іх, быццам збіраўся займацца боксам. — Сейід Вахрашчын таксама хутка прыйдзе.

Амама выйшаў з палаткі. Добыш праверыў масла і, сочачы за прыборамі, прыбавіў, а потым паменшыў колькасць абаротаў, каб упэўніцца, што хоць рухавік электрастанцыі працуе надзейна. І чаму такое здарылася з маторам буравой устаноўкі, калі пачалася пясчаная бура? Яны ж з Вахрашчыным толькі тры дні таму правяралі матор. Як толькі сіноптыкі перадалі, што магчыма пясчаная бура, усё праверылі і накрылі брызентам. Два дні, як дзьме, а здаецца, што вельмі даўно. Усё цела як з чыгуну. Руку нават цяжка падняць. Дык дзіва што бурыльшчыкі не змаглі выкруціць з нетраў бурыльны снарад уручную. Каб хоць не такая глыбіня…

Пра тое ж Добыш думаў, правяраючы рухавік бурыльнай устаноўкі. Бурыльны майстар недаверліва сачыў за дзеяннямі механіка.

— Ды тут не глядзі,— прамовіў ён, — я сам спачатку вырашыў, што адтуліну ў накрыўцы пылам забіла.

— А раптам у мяне лепей атрымаецца. — Добыш старанна ачысціў анучкай паветразабіральнік у паліўным баку. — Уключы матор!

Юсуф-задэ таргануў старцёр. Аднак матор толькі пыхнуў раз-другі і замоўк. Буравы майстар зноў запусціў старцёр — той жа вынік. Юсуф-задэ апусціўся на пясок.

— Дарэмна толькі акумулятар прыканчваем, — прамовіў ён. — Фу, нават у галаве загуло.

— Будзем разбіраць матор, — вырашыў Добыш. — Адпачніце пакуль. Думаю, гадзіны дзве правалэндаемся.

Але яны нядоўга былі ўдвух. Мінут праз пятнаццаць уварваўся задыханы Вахрашчын. За ім адразу ж — Сідкі, які паведаміў, што ля пульта электрастанцыі Амама можа падзяжурыць і адзін. У выпадку чаго тут жа блізка. А яму, Сідкі, таксама рупіць чым-небудзь памагчы таварышам Вахрашчыну і Добышу.

А праз колькі часу прыйшоў і Акліль — прынёс тэрмасы з чаем, які прыгатаваў повар Мулуд. І таксама застаўся — увішна падаваў інструменты, праціраў анучкаю дэталі, калі пачалі разбіраць рухавік. Ён дзівіўся: чаму гэта Сідкі так старанна памагае?

— Калі ў азісе даведаюцца, што ў нас дрэнна працуе тэхніка, дык зусім нам перастануць давяраць, — прамовіў Вахрашчын, спрытна арудуючы адвёрткай. — Там і зараз той-сёй лічыць: французы працуюць больш надзейна.

— Чаго ты ходзіш у той аазіс? — незадаволена адгукнуўся Юсуф-задэ.

— Кантакты з мясцовым насельніцтвам трэба падтрымліваць, — запярэчыў Вахрашчын. — Гэта толькі на карысць справе.

— А дзе гэта французы працуюць лепш за нас? — Юсуф-задэ скінуў куртку. На мускулістых грудзях чырванелі дзве палосы — гэта так стараўся чалавек уручную выкруціць з нетраў свідравальны снарад.

— Яны робяць зараз артэзіянскую свідравіну каля аазіса Бен-Тыус, — сказаў Сідкі, прымаючы з рук Добыша дробныя дэталі рухавіка. — З імі разам працуюць італьянцы.

Тэрмасы з чаем пераходзілі з рук у рукі.

— Ніяк не магу наталіць смагу, — прызнаўся Вахрашчын. — У роце суха, як у муміі.

— А ў мяне ў вушах вішчыць, — адгукнуўся Добыш і таксама пацягнуўся да тэрмаса. — Ты нас ратуеш, Акліль.

— Не ў цябе аднаго вішчыць, — сказаў Юсуф-задэ. — Гэта ж пясок у пустыні. «Песня пяску»… Значыць, вільготнасць паветра блізкая да нулявой.

— А мне здаецца, што пустыня неўпрыкмет і з мяне высмакча ўсю вільгаць, як вурдалак, — сказаў Добыш.

— Гэта табе з непрывычкі. Вось пасядзіш тут, колькі мы, акліматызуешся, — адрэзаў Юсуф-задэ.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора