Ялугин Эрнест Васильевич - Сіндбад вяртаецца стр 51.

Шрифт
Фон

— Ну, уставай! Ну! — Селім тоўк белага вярблюда пяткамі ў калматыя бакі. Але жывёліна толькі раўла, злосна ўскідваючы галаву.

Зусім блізка, за каменем, мільгнула постаць хлопчыка-йарубы. Селім устрывожыўся — яшчэ прылепіцца. Яму не патрэбен ніхто. Селім пагрозліва патрос кап'ём. Потым ударыў ім вярблюда. Той зароў мацней, завылі-зараўлі і астатнія жывёліны. Можа, яшчэ хто з малых трывожыў іх? Селім спалохаўся. Што было сілы ён біў і біў белага вярблюда. Той прыўзняў пляскаты зад, а потым так гахнуўся на пясок, што Селім ледзь утрымаўся паміж гарбоў. Вось-вось маглі з'явіцца караваншчыкі, і Селім парнуў вярблюда кап'ём не шкадуючы. Раптам той раз'юшана ўскочыў і з ровам закруціўся на месцы. Селім выпусціў кап'ё і ўчапіўся ў мяккі горб. З адчаем замалаціў пяткамі па баках. Белы рушыў наперад. Шалёны вецер падганяў яго, і вярблюд памчаў па схіле прэч ад стаянкі, у самае пекла ўскаламучанай пустыні. Селіму падалося, што ён пачуў крык перасцярогі. Потым бабахнуў стрэл. Сціснуўшы зубы, Селім лупіў і лупіў вярблюду пяткамі ў бакі, хоць цяпер яго і так несла віхурай, каб і хацеў, не змог бы спыніцца.

«Нарэшце пясчаная бура прымусіла мяне выканаць сяброўскі абавязак, напісаць вам абяцанае пісьмо з пустыні». Добыш напісаў гэтыя радкі доктару Кійку і прыслухаўся да посвісту ветру за акенцам. Было падобна на зімовую завіруху на радзіме. Таму ён напісаў: «Сяджу каля кандыцыянера, а ўспамінаю нашу зіму, калі, бывала, прыбяжыш з вуліцы і, адубелы ад сцюжы, хутчэй працягваеш рукі да грубкі. Зараз у нас усе цягнуцца да кандыцыянера, як у маразы да печы. Галава ад гарачыні як чыгунная. Нездарма мае вучні — два ўвішных хлапчукі, пра якіх вы ведаеце, — сёння з цяжкасцю рашалі арыфметычныя задачкі, хаця звычайна спасцігаюць матэрыял проста выдатна. Хачу прыахвоціць да заняткаў і аднаго маладога тутэйшага жыхара — Амаму…»

— Пішаш? — у вагончык зазірнуў бурыльны майстар Юсуф-задэ. — А дзе твой напарнік, Вахрашчын?

— Павінен быць каля электрастанцыі.

— Там толькі яго стажор, Амама. — Юсуф-задэ расшпіліў апранутую на голае цела рабочую куртку і амаль удотык прысунуўся да кандыцыянера. Твар яго быў змарнелы.

— Што ў цябе там здарылася, Эльмар? — спытаў Добыш.

— А, — хмыкнуў той, — тэхніка ваша падвяла. Ганялі-ганялі рухавік, каб завесці.— Бурыльшчык працёр пачырванелыя вочы. — Яшчэ крыху — і пасадзім акумулятар. Дзе Вахрашчын?

— А як свідравіна? — устрывожыўся Добыш.

— Што свідравіна? — Юсуф-задэ схапіў графін, лінуў у жменю жоўтай вады і, сапучы, прамыў вочы. — Можа, цябе цікавіць, ці здабылі мы, нарэшце, ваду? Карнееву проста патрабаваць — давай, давай. А матор, ён — несвядомы, яму рэжым трэба.

— Ну, Вахрашчын за ім сачыў, як салдат за ўласнай зброяй, — сказаў Добыш. — Дык што цяпер будзе са свідравінай? Дзе бурыльны снарад, на паверхні?

— Каб жа! — усклікнуў бурыльны майстар. — Толькі на самую глыбіню завінцілі, а тут — на табе! Матор — фырк-пырк і заглух. Цяпер электраматорам ганяем уніз-уверх прамыўку, каб не заціснула пародай бурыльнае долата. Так што глядзіце — калі і электрастанцыя стане, усё начынне застанецца ў нетрах Сахары. Занава давядзецца бурыць, на новым месцы. Толькі вось чым і за чый кошт?

— Не думаю, каб з маторам нешта сур'ёзнае, — Добыш хуценька надзеў робу. — Мы ж яго, як малое дзіцё, даглядалі. Паглядзім, разбяром, калі трэба.

Гарачы вецер з тонкім пяском адразу забіў дыханне. Вочы, хоць і былі шчыльна прыкрыты акулярамі, пачало рэзаць. Добыш з хваляваннем прыслухаўся да работы рухавіка электрастанцыі: здалося, што той працаваў з залішняй напружанасцю. Матору таксама цяпер было нялёгка.

Зазірне спачатку на электрастанцыю.

У палатцы каля пульта кіравання Добыш убачыў аднаго Амаму, хаця побач павінен быў стаяць і Вахрашчын. Стажор сачыў за стрэлкамі прыбораў з недаверам, спалохана. Тэхніка яму пакуль што давалася цяжкавата.

— А дзе ж механік?

Амама на момант апусціў галаву і прамармытаў нешта пра аазіс. Аказваецца, механіка туды запрасілі нейкія знаёмыя. Ён вернецца праз гадзіну.

— Зараз я пабуду тут, — прыняў рашэнне Добыш, — а ты схадзі па Сідкі. Падзяжурыце пакуль удвух.

Амама спахмурнеў. Яго цёмная жылаватая рука ўчапілася ў полаг, які закрываў уваход у палатку.

— Так трэба, задзіг, — мякка прамовіў Добыш, схамянуўшыся, што незнарок мог пакрыўдзіць Амаму. — Ты ж ведаеш, сапсаваўся матор бурыльнай устаноўкі, трэба тэрмінова разбіраць і шукаць прычыну. Так што цяпер уся надзея на электрастанцыю.

— Я ведаю. — Амама пераступіў босымі нагамі і шумна ўцягнуў шырокімі ноздрамі гарачае паветра. — Лепш без Сідкі.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора