Ялугин Эрнест Васильевич - Сіндбад вяртаецца стр 50.

Шрифт
Фон

— Не можа быць, каб у наш час ды такія брыдкія аперацыі рабілі,— запярэчыў малады салдат.

— А ты, Марыс, пацікаўся данымі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, калі не верыш, — параіў брэтонец. — Нам жа недарма плацяць грошы за пошукі такіх караванаў.

— Гэты, са шрамам на фізіяноміі,— кіўнуў малады салдат у бок Селіма, — разумее французскую мову. Я заўважыў — прыслухоўваецца да нашай гаворкі. Гэй, хлопчык, ты адкуль? Як тваё імя?

Селім нават вокам не павёў. Сядзеў, прыціснуўшыся спінай да каменя. Ён думаў пра белага вярблюда, да якога яму мінулым разам не даў падкрасціся сабака. Цяпер, у мітусні з-за патруля, бедуіны так і не прывязалі сабаку сцерагчы «вярблюда шчасця».

— Йяука таскум? — звярнуўся раптам да яго брэтонец.

— Што ты такое яму гаворыш? — пацікавіўся рабы салдат.

— Пытаюся, адкуль ён.

— Дык малы, хутчэй за ўсё, не разумее.

— Разумее. Я ж бачу, што ён з арабаў. Муслім? — тыцнуў у Селіма пракураным пальцам сяржант.

Селім схіліўся і пачаў абмацваць ногі, якія шчымелі ад дзіцячай мачы. Некаторыя хлопчыкі не маглі дачакацца чарговага прывалу, каб апаражніцца. А можа, іх ніхто не вучыў, як трэба захоўваць чысціню ў торбах? Селім ад такога суседства вельмі пакутаваў.

Але цяпер ён нават не меў права наводзіць парадак, бо стаў ніжэй за іх.

— Зірніце, колькі смерчаў круціцца! — з нейкім жахам крыкнуў салдат-сенегалец, паказваючы ў напрамку калодзежа. — Вунь той, відаць, мог бы падняць нават вярблюда.

— Справа дрэнь, — прамовіў брэтонец. — Цяпер нам тут сутак двое тырчаць. Ох, і ночка будзе! Наглытаемся пяску. Давайце застанемся ў пячоры, а то яшчэ і палатку смерчам завалачэ ў самае пекла. Марыс, цягні амуніцыю!

— А дзеці бач зусім сцішыліся, — заўважыў салдат-сенегалец. — Як ты мяркуеш, сяржант, за дзяцей будуць судзіць аднаго старшага караваншчыка ці ўсю кампанію?

— Могуць наогул нічога не дабіцца. — Сяржант шпурнуў акурак, і яго падхапіла віхурай. — Усе будуць маўчаць. Канечне, установяць, што дзеці — не родзічы караваншчыкам. Але ж малыя будуць маўчаць таксама. Іх настрашылі. Пакуль будзе цягнуцца следства, тых, хто развяжа язык, могуць ці атруціць, ці прыдушыць.

«О жоўтая пустыня! — у думках маліўся Селім. — Выратуй мяне».

Над Сахарай быццам круцілася тысяча пясчаных бурнусаў.

— Гоніць на паўночны захад, — пачуў Селім голас сяржанта, які з цікавасцю назіраў за смерчамі, падобнымі ўжо на вялізных гадзюк, якія круціліся, стаўшы на хвасты.

— Куды гэта? — далучыўся да яго салдат са слядамі сонечнага рака на твары.

— Да алжырскай граніцы, а дакладней — на Ін-Іззан, я ведаю тыя мясціны, — данеслася да Селіма.

Караваншчыкі са зброяй у руках сноўдалі між палатак. Іх твары да самых вачэй былі захутаны капюшонамі. Ратуючыся ад пяску, нацягнуў капюшон і караваншчык, што ахоўваў дзяцей. Але ён амаль і не сачыў цяпер, хто выходзіць з пячоры. Як і астатнія, быў разгублены і занепакоены тым, што патруль забраў старшага.

Калі салдаты пачалі заносіць свае рэчы ў пячору і караваншчыку міжволі давялося саступіць убок, Селім яшчаркай выслізнуў вон і юркнуў за камяні. Непадалёк стаялі на каленях вярблюды. Яны ўткнулі храпы ў шчэбень і глуха раўлі. Бедуіны мітусіліся каля палаткі, якую ветрам сарвала з прывязі. Здавалася, яшчэ крыху — і віхура памчыць палатку разам з людзьмі ў брудна-шэрую каламуць пустыні. Дзе ж белы вярблюд? Селім прыкмеціў каля цюка кароткае кап'ё і, схапіўшы яго, папоўз да вярблюдаў. Усе яны, напаўзамеценыя пяском, сталі падобныя адзін на аднаго. Ага, вось ён! На «вярблюдзе шчасця» так і засталіся бурдзюкі для вады.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора