Лейтэнант гучна прамовіў прывітальнае «салям алейкум» і спытаў, хто тут старшы караваншчык. Адзін з салдат стаў каля аўтафургона, дзе напагатове ляжалі карабіны, астатнія пайшлі паміж кучамі цюкоў.
— Але ж для такога каравана паклажы малавата, — падышоў да лейтэнанта брэтонец. Як і астатнія, хто правярае караван, ён без зброі, каб не выклікаць у бедуінаў залішняй варожасці. Толькі ў лейтэнанта кабура з пісталетам, але яна зашпілена.
— Мы людзі бедныя, — без ценю ўгодлівасці коратка адказвае на заўвагу брэтонца караванбашы і нават не глядзіць на сяржанта, наогул дае зразумець, што адказваць на пытанні больш не мае ахвоты.
— Куды накіроўваецца караван? — упарта дамагаецца свайго лейтэнант, а сам сочыць за дзеяннямі сваіх людзей: былі выпадкі, калі караваншчыкі нечакана пускалі ў ход зброю. — Калі не адкажаце, мы вас адвядзём на кантрольны пункт.
— Там мае родзічы, — махнуў заціснутым у кулаку пугаўём некуды ў прастору караванбашы, — ідзём да іх, на вяселле.
Ён тут жа ўладарна крыкнуў караваншчыкам, каб шчыльней ставілі цюкі паабапал палатак.
Лейтэнант зірнуў на гадзіннік: агляд каравана працягваецца больш як сорак мінут, а вынікаў няма. Яшчэ дваццаць мінут — і ўсё, рашае ён, бо вось-вось пачнецца завіруха. Хаця караван па-ранейшаму здаецца яму падазроным. Яшчэ дзесяць мінут…
— Камандзір! — самы малады з салдат, высокі сенегалец, нахіляецца да лейтэнанта. — Я, здаецца, знайшоў…— Сенегалец цяжка дыхае ад хуткай хады.
— Пайшлі.— Лейтэнант кладзе руку на кабуру. — Ты і ты — да машыны, зразумела? — гаворыць ён сваім людзям. — Ні на імгненне не выпускаць нас з поля зроку. Астатнія — за мной!
Селім таксама спалохаўся, калі моцная рука салдата рэзка адкінула джутавае пакрывала і ў вочы хлапчукам, распластаным на пяску, ударыла святло ліхтарыка. Толькі бедуін, што з кап'ём у руцэ ахоўваў пячору, спакойна працягваў стаяць ля ўвахода, замаскіраванага камянямі і сухім веццем тамарыска. Хлопчыкі ўсхапіліся і з енкам, збіваючы адзін аднаго з ног, кінуліся ў дальні кут пячоры.
Брэтонец порстка раскідаў цыноўкі і пустыя джутавыя мяхі з цюка, што знаходзіўся ля сцяны.
— Во дзе красуні! — усклікнуў ён, разглядаючы дзяўчынак, што гарнуліся адна да адной, бы птушаняты. Яны разам завішчалі.
Салдат са слядамі сонечнага рака на твары прысвіснуў і ў два крокі апынуўся ля другога замаскіраванага цыноўкамі цюка. Там аказаліся яшчэ меншыя дзяўчынкі. Калі іх вызвалілі, яны ад страху не маглі ні крычаць, ні скрануцца з месца.
— Зірніце, як іх трасе, — прамовіў салдат. — Ціп-ціп-ціп! Ну, чаго спалохаліся, малеча? Наце шакаладу.
— Вады ім трэба даць, а то яшчэ каторая памрэ ад страху, — сказаў брэтонец. — Гэй, сябар, задзіг, чуеш? — звярнуўся ён да бедуіна, які нёс ахову. — Прынясі ім вады.
Ахоўнік нават не паварушыўся, быццам нічога не чуў.
— Прывядзі сюды гэтага караванбашы, — загадаў брэтонцу лейтэнант. — Праход у пячору зрабіце шырэй, нічога не бачна.
— Ну і калекцыя, — заўважыў салдат са слядамі сонечнага рака на твары. — Каля двух дзесяткаў.
— Гэта яшчэ мала. — Лейтэнант узяў ліхтарык і сам агледзеў усе патаемныя вуглы пячоры. — Паглядзеў бы ты, якія ўловы трапляюцца на падыходзе да Чырвонага мора.
— Там іх і перапрадаюць? — пацікавіўся салдат.
— Ды не, кажуць, на Аравійскім паўвостраве, ля Эр-Рыяда ці ў Джыддзе. А адтуль развозяць каторага куды.
— Добры, відаць, заробак, калі рызыкуюць гэтым займацца.