Ялугин Эрнест Васильевич - Сіндбад вяртаецца стр 46.

Шрифт
Фон

Карнееў выцер хусцінкай пот з пачырванелага твару:

— Мы выконваем распараджэнне вашага міністэрства. Так што будзем працаваць.

Сідкі паціснуў плячамі і, адкінуўшыся да сцяны, сказаў суседзям, рабочым-алжырцам, на арабскай мове: «Так яно і ідзе. А можа, той, хто распарадзіўся з цэнтра, мае злачынны намер? Што, не было такога?»

Госці пачалі развітвацца. Многія пайшлі з імі да машыны, якая ўжо стаяла з запаленымі фарамі. Але некалькі рабочых стоўпілася вакол Сідкі. Да матарыста праціснуўся Акліль.

— Ты пакрыўдзіў таварыша Карнеева, а ён добры чалавек, — сказаў ён Сідкі.— Ён зусім не тое, што французы. Ён хоча нам добра.

— Ты справядлівы. — Матарыст прыгарнуў да сябе хлопчыка і пагладзіў па галаве. — Я таксама ўпэўнены, што сейід Карнееў і ўсе астатнія хочуць нам дабра. Але няхай зараз дакажуць гэта. Няхай адмовяцца выконваць шкодны загад і паслухаюць старэйшын аазіса, якія лепей ведаюць, дзе можна капаць калодзеж, а дзе пад пяскамі знаходзіцца вада мёртвых. Рускія зробяць артэзіянскую шчыліну, атрымаюць грошы і паедуць дадому. А якая вада пацячэ — ім будзе ўсё роўна. А вось мы, хлопчык, застанемся тут жыць, бо гэта наша радзіма.

Не толькі Акліль, усе рабочыя ўважліва слухалі Сідкі і згодна ківалі галовамі. Бо хіба ж не відавочна было тое, пра што гаварыў матарыст? А тут яшчэ да іх даносіўся і голас французскага інжынера:

— А ваш рабочы казаў праўду: нашы буравікі тут сапраўды хацелі здабыць ваду, але вынікі аказаліся адмоўныя.

— Ведаю, — данёсся глухаваты голас Карнеева. — Яны заглыбіліся на дзвесце метраў.

— А вы? Яшчэ болей?

— Так. У нас ужо дзвесце сорак… Нават дзвесце сорак тры, калі зусім дакладна, — адказаў Карнееў, і французскі інжынер прысвіснуў:

— Вось бачыце! А здабылі расол?

— Вада пакуль салёная, — пацвердзіў Юсуф-задэ. — Але геолагі адзначылі…

— Вашы, савецкія? — хутка перапыніў субяседнік.

— Не, якраз-то інфармацыя французская.

— Ну, нашы таксама неаднойчы памыляліся. Праз зямлю ж не заўсёды ўбачыш, што там, у нетрах. Можна толькі меркаваць па дадзеных навукі. Але жадаю поспехаў! — і, паціснуўшы рукі праважатым, госць лёгка ўскочыў ва ўсюдыход.

Бурыльшчыкі панура пазіралі, як святло магутных фараў французскай машыны выхоплівае з цемры на ўскраіне аазіса то прыземістыя каменныя пабудовы з невялікімі адтулінамі замест акон, то срабрыстыя мяцёлкі фінікавых пальмаў.

Акліль памчаў да цьмяна асветленай буравой вышкі.

Падбегшы да адстойніка, куды вылівалася вада, якую выбіраў з-пад зямлі насос, хлопчык апусціў туды абедзве рукі. Потым лізнуў пальцы. На языку ён адчуў пякучы смак солі…

Раніцой Акліль спытаў у Добыша:

— А што ты будзеш рабіць потым, калі тут зробяць калодзеж?

Хлопчык пазіраў на Добыша, як таму здалося, з нейкай насцярожанасцю.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора