Ялугин Эрнест Васильевич - Сіндбад вяртаецца стр 37.

Шрифт
Фон

Падышоў паліцэйскі, малады хлапчына з тонкімі вусікамі на прыгожым твары:

— Што здарылася?

— Вой, такія страты! — лямантавала кабета. — Гэй, куды вы, каб вас шайтан забраў? — Гэта было ўжо сказана хлапчукам, якія, не жадаючы кідаць здабычу, подбегам валаклі кошык падалей. Кабета сунула паліцэйскаму Акліля:

— Во, хоць ты павучы розуму гэтага шкодніка. Ды цішэй вы, каб вас шайтан забраў! — гэтыя словы скіравала ўжо хлапчукам, якія і так трымалі кошык, бы паланкін эміра.

— А я з ім сустракаўся, — паўтарыў Добыш, набліжаючыся да хлопчыка, якога аб нечым распытваў паліцэйскі.— Цяпер я ўпэўнены, што ён быў невінаваты. Акліль?

Заўважыўшы, хто перад ім, Акліль сцяўся і замоўк.

— Мсье паліцэйскі,— сказаў Добыш, — мы бачылі, як была справа, дазвольце…

— Вой, балюча! — раптам закрычаў Акліль. — Вой!..

Паліцэйскі ад нечаканасці разгубіўся і машынальна выпусціў яго руку.

— Паны хочуць быць сведкамі? — спытаў ён здзіўлена. — Гэй, ты куды, малы?

Але Акліль ужо шмыгнуў за спіны людзей, што стоўпіліся вакол паліцэйскага.

— Мы хацелі пацвердзіць, што хлопчык аказаўся ахвярай хуліганаў,— сказаў Добыш.

Паліцэйскі незадаволена хмурыўся:

— Я і сам быў упэўнены, што хлопчыка цішком штурханулі. Але не ў тым справа. Мне падалося, што ён з тых, хто бадзяецца. Можа, нават сірата… Вельмі шкада, прывыкне бадзяцца, а потым яму ўжо здаецца, што гэта і ёсць яго жыццё. Яшчэ трапіць у кампанію агуду, упэцкаецца ў розны бруд па вушы. Разумееце? Ці захварэе, згубіць здароўе. А шкада, мне здалося, што хлопец добры.

— Ды добры ж, відаць, калі ў яго не атрымоўваецца жыць па-воўчы, — згадзіўся Добыш. Яму хацелася пагаварыць з хлопчыкам. Шкада, што той збег.

Але іншы раз абставіны нібы імкнуцца насустрач жаданням. Мудрыя людзі ведаюць гэта і таму імкнуцца нават у думках жадаць толькі тое, чаго ім сапраўды вельмі хочацца. Таму, відаць, і чалавек становіцца прыгажэйшы, калі ў яго думкі добрыя.

Добыш з Раабам пачалі прыглядацца, дзе б пасядзець у цяпле, сагрэцца кубачкам кавы. Значыць — у кавярню, ці — як па-ранейшаму, да французаў, тут называлі яе — у духан? Гэта не толькі месца, дзе можна паснедаць, а нешта і накшталт клуба. У вольную часіну тутэйшыя мужчыны ідуць сюды, каб за кубачкам кавы пагутарыць з сябрамі, пачуць навіны.

Кавярню выбралі непадалёк ад рынку, ля старой плошчы — джамаа. Добыш бачыў такія джамаа ў самых маленькіх паселішчах, і ў кожнай былі хоць невялічкія, на два-тры столікі, духаны. Дарэчы, тут, па старой завядзёнцы, яшчэ гуляюць на грошы. Так што некаторыя ідуць сюды, спадзеючыся на «дурныя» грошы — раптам пашанцуе ці трапіцца дурань з поўным кашальком. Вакол іх тоўпяцца гледачы, дробныя зладзеі, якіх цікавяць кішэні разявак і, вядома ж, хлапчукі з тых, у каго бацькі не дужа пытаюць, дзе дзіцё бавіць час.

З перасцярогі, што можа зноў трапіцца на вочы паліцэйскаму ці таму ірум'ену, які яго пазнаў, падаўся сюды і Акліль. Калі каму-небудзь рупіць ведаць, дзе гэта дакладна было, то паведамім — якраз каля сквера Порт-Саід.

У кавярні гуло ад мужчынскіх галасоў. Рааба і Добыш з цяжкасцю адшукалі незаняты столік. Ад паху кавы Добыш адчуў, што даўно хоча есці, і таму заказаў сабе спачатку смажаныя сасіскі з салодкім перцам, а потым яшчэ і катышы з мясам, спечаныя на пахучым аліўкавым алеі. За суседнім столікам хлопцы елі вялікіх крэветак, і Рааба вырашыў заказаць сабе тое ж. А пакуль яны зрабілі па глытку цудоўнай мінеральнай вады «Сайда» і агледзеліся. З Раабам павітаўся здалёк высокі хлопец у фесцы.

— Зірніце на яго ўважлівей, — звярнуўся Рааба да Добыша. — Гэта ж наша універсітэцкая славутасць. Добрыя вершы піша. Але хоча стаць юрыстам. Я вас буду знаёміць з нашымі… Каб вы змаглі лепш вывучыць Алжыр.

Добыш спачатку сам не зразумеў, чаму звярнуў увагу на падлетка-гарсона, які, сціснуўшы ад стараннасці губы, нёс да стойкі духаншчыка вялікі стос талерак і кубачкаў. Зірнуў яшчэ — і вачам не паверыў: ды побач жа Акліль! Стаіць, сцяўшыся, і сочыць, як ідзе гэты гарсон. Няўжо зараз паўторыцца тое, што было каля рынку? Непрыкметна падстаўленая нага — і сапернік спатыкаецца, стос посуду грыміць на падлогу. Толькі на гэты раз ролі памяняюцца і пераможцам у гэтай бруднай барацьбе будзе ўжо Акліль?

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора