— Ды ты ж зусім яшчэ, бачу зялёны ў такіх справах! — Хаджа Шукры ажно абабег вакол Селіма, быццам вакол куста алоэ. — Баюся, што нам адсюль ужо не выбрацца. О алах! Ты мне, пляменнік, усё павінен быў сказаць учора… Дай хлопцам, якія такімі справамі займаюцца, колькі трэба, каб твайго Шакала ў горадзе ніхто больш не бачыў! Зразумеў? І збірайся, пляменнік. Раніцою каб быў у аэрапорце. Астатняе зраблю я.
Што — Селіму трэба ўцякаць з Алжыра? Кінуць усё, што ён столькі часу ствараў?! Шакал жа будзе маўчаць на допыце.
Хаджа Шукры прыціснуў далоні да вушэй. Ён і слухаць не хоча глупства. Але ж калі Селіму так ужо хочацца трапіць у паліцыю і адказваць на пытанні следчага пра сваю банду, страціць усё — воля яго, няхай застаецца.
Селіма скаланула. Ён раптам узненавідзеў хаджы Шукры, хоць той і даў яму магчымасць у апошні час добра такі хапнуць грошай. Праз год ён ужо планаваў купіць у кульгавага Алі павільён і перарабіць яго ў шавецкую майстэрню.
— Пра што ты пляцеш? — замахаў рукамі хаджы Шукры. — Ты думаеш, у гэтай краіне, дзе мараць зрабіць сацыялізм, табе дадуць жыць як хочаш? Ты ведаеш такое слова — экспрапрыяцыя? Слова з мовы няверных, ірум'енаў. Экспрапрыяцыя — гэта калі быццам з грудзей ірвуць сэрца, бо забіраюць у казну тое, дзеля чаго ты жыў і працаваў, як галернік. А я ведаю мясціны, дзе ты з тваімі здольнасцямі і такімі-сякімі капіталамі хутка пойдзеш уверх. Ты ж нашчадак улемаў. Твая ж маці — унучка самога Сі-Амамы, пра якога помняць святыя айцы з блаславеннай Мекі. Ды што я кажу! Цябе з пашанай прымуць у кожным палацы Аравіі! Не турбуйся, я за цябе там скажу слова. А гэта нешта значыць у землях сапраўдных муслімаў.— Хаджы Шукры паважна дакрануўся кончыкамі пальцаў да сваёй прыгожай барады, якая, па яго словах, двойчы абмятала пыл са святога камня Кааб. — Мы туды і пакіруем, пляменнік! Я ўжо маю паперку з пячаткаю, што ты мой родзіч, і павязу цябе на паклон да магілы вялікага прарока Мухамеда. — І ён ласкава пацалаваў Селіма ў лоб, паказытаўшы гарачы твар венікам барады. — Збяры хуценька свае капіталы… Ну, тое-сёе папрасі ў маці, у дзядзькі Ладжмі. Потым аддасі з працэнтамі… А Шакал ведае, дзе ты жывеш? Ага, не ведае, толькі здагадваецца… О алах! Хуценька збірайся, пляменнік, і ў дарогу, у дарогу!
Дажджоў у Алжыры чакаюць доўгія месяцы. Пра іх мараць спаленыя пякучымі сонечнымі дзідамі пасівелыя смоквы, падобныя на каменныя патэльні плато з вінаграднікамі, нават апельсінавыя сады, куды кожны дбайны гаспадар працягнуў трубы вадавода. Але дажджы прыходзяць разам з асеннімі халадамі, якія нясуць цяжкія хмары аднекуль з-за мора, з Еўропы, з такой далёкай, здавалася б, Атлантыкі, дзе ў акіяне нават плаваюць ледзяныя горы. Словам, з дажджамі прыходзяць тыя самыя «дні вядзьмаркі», пра якія летам людзі мараць, як аб адпачынку ад спёкі, але ўсё ж сустракаюць насцярожана. Адразу ўзнікае столькі клопатаў! Таму на вуліцах значна менш добразычлівых усмешак і больш заклапочанасці ды пахмурнасці. Знікаюць лёгкія сукенкі і сандалеты, прахожыя хутаюцца ў плашчы, паліто, у джалябіі з авечай поўсці — старадаўнія арабскія балахоны да пят, якія служылі яшчэ вандроўнікам. Па мокрых тратуарах пастукваюць чаравікі, туфлі, нават боты, іх трэба чысціць ды чысціць. Вось калі пачынаецца сапраўднае свята для чысцільшчыкаў абутку. Не ты бегаеш за кожным чаравікам, як падмецены, а цябе аклікаюць: «Гэй, чысцільшчык!» Асабліва многа работы хлапчукам каля канцэртных залаў і гатэляў, нават мячэцей, хаця кожны, хто туды ўваходзіць, мусіць здымаць абутак, няхай ён будзе чысцюткі ці зроблены з аксаміту і золата, як у шэйха ці эміра.
Хуары і Акліль маглі толькі з зайздрасцю паглядаць на шчасліўчыкаў, якія шчыравалі шчоткамі. Гэтых хлопцаў яны стараліся пазбягаць — яшчэ пацягнуць да Селіма. Пажывіцца цяпер было цяжэй, чым улетку, і Хуары неяк вырашыў наведаць сваякоў. Ён не пераставаў спадзявацца, што вось-вось вернецца бацька. А куды ён у першую чаргу наведаецца? Хутчэй за ўсё, да цёткі Айшы, якая ўзяла да сябе старэнькую бабулю Хуары. Аднак спадзяванні тыя былі дарэмныя. Бацькі ўсё не было. А ад цёткі Айшы давялося выслухаць столькі абраз, што іншым разам той кавалак хлеба, які яна працягнула, здаўся б хлопчыку каменем.
— Ты ўсё яшчэ бадзяешся, валацуга! — крычала цётка. — Можа, стаў злодзеем? Чаму не пойдзеш у прыют? Там жа і кормяць, і вучаць чаму людскаму. А то ж вырасцеш агуду смярдзючым, хоць бы пасаромеўся. На табе сыр, на маслін, неслух! Чым бадзяцца, напісаў бы лепш бацьку, каб забраў да сябе. Ці хоць прыслаў што. Ну і бацьку табе даў алах! Людзі казалі, жыве там, бы улем ці нават шэйх, а старой маці ўжо другі год не прыслаў ні франка. Ганьба нам усім!
Хуары падумаў, што старая яму не маці, яна маці яго былой жонкі, а цяпер, выходзіць, зусім чужая. А вось яму, Хуары, сапраўды мог бы што і прыслаць. Асабліва на халады, а то ў яго каторы дзень у жываце зліпаецца ад голаду.
Папрасіў у цёткі некалькі дынараў, пабажыўся, што хутка верне.
— Прайдзісвет! — закрычала цётка Айша. — Хоць бы не казаў, што вернеш. Навучыўся там, па Казбе шлёндаючыся, хлусіць у вочы добрым людзям. Я табе зараз такіх дынараў…
Ведаючы гарачы нораў цёткі, Хуары выскачыў за дзверы. Ды так паспешліва, што наляцеў на Акліля, які падслухоўваў, тоячыся ля брамы. Схапіў нейкую ламачыну, са злосцю шпурнуў у сцяну дома, дзе яго так абразілі.
— Шакалы! Вы яшчэ паклоніцеся мне ў ногі, калі я стану багаты. — І не азіраючыся пабег уніз па вузкай вулцы. Акліль следам. Так імчалі яны, пакуль не дабеглі да каменнага парапета, за якім гула поўная людзей і машын прыгожая вуліца Дзідуша Мурада. Тут Хуары пляснуўся зашмальцаванымі штанамі на шырокія прыступкі і зноў пачаў лаяць скупых сваякоў.
— Давай жа, давай хлеб! — Акліль праглынуў сліну. — Яшчэ і масліны? І сыр!
Хуары ўтаропіўся ў прыяцеля.
— Можа, ты лічыш, што я цябе буду карміць усё жыццё? — спытаў ён з'едліва.
— Будзе і ў мяне калі што, — пакрыўдзіўся Акліль.
— Ага, будзе! — зноў пакпіў Хуары. — Давай цяпер ты ідзі да сваіх родзічаў. Чаму ўсё я ды я?
Але нешта прымусіла яго падзяліць хлеб і масліны пароўну.
— Можа, там, у Кабіліі, у мяне і ёсць сваякі,— сказаў Акліль, разглядаючы на далоні хлеб, — але я нікога не ведаю.
— Паехалі ў Аран, — прапанаваў раптам Хуары, — там у мяне яшчэ адна цётка. Здаецца, не такая злосная. Перачакаем у яе «вядзьмарчыны дні», а як пацяплее — на поезд і зноў сюды. У Аране можна нават лягчэй тол здабыць. Там ведаеш колькі французскага войска было? І легіянеры, і маракоў процьма. А як здабудзем клад, дык адсюль, можа, зноў у Аран. Э, столькі пораху ляснула! І снарад! Куды падзеўся снарад, га? — Хуары нават перастаў есці.
— Можа, нам сапраўды папрасіцца ў дзіцячы дом? — запінаючыся, сказаў Акліль. — Пакуль гэтыя халады.