Ялугин Эрнест Васильевич - Сіндбад вяртаецца стр 27.

Шрифт
Фон

— Эмігрант? — субяседнік нявесела пасмяяўся. — Хачу нарэшце, як гэта гаворыцца, прадставіцца. Вільнаў. Такое маё зараз прозвішча. Нічога не гаворыць?

— Гаворыць, — кіўнуў Добыш. — Француз вы, значыць.

— Гэ-эх! Не, лічу сябе, як і раней, беларусам. Нават мову сваю помню. Гляджу я на вас. Укормлены, ніколі сапраўднага гора не бачылі, ніхто вас не крыўдзіў, нядаўна з-пад матчынага крыла, а ўжо ў замежнай цікавай камандзіроўцы… Значыць, не з простых, а з начальства.

— Не ўгадалі,— усміхнуўся Добыш. — Якраз я без бацькоў вырас. Сірата. Так што не пра тое вы, пане Вільнаў.

— Ага, сірата. Не, я пра тое, — Вільнаў пакруціў галавою, быццам нешта ці некага шкадуючы. — Але шчыра прызнайцеся: няўжо ў пятнаццаць гадоў вы добра разумелі, што такое «эмігрант»? Не падумайце, што хачу, каб вы мяне пашкадавалі ці даравалі мне. — Вільнаў закінуў нага на нагу і нейкую хвіліну пазіраў у акно, бы нешта заўважыў там надзвычай цікавае. Потым са спакойнай усмешкай павярнуўся да Добыша: — Ведаеце, дзе я знаходзіўся, калі скончылася вайна? Адтуль было кіламетраў трыццаць да Францыі. І ніякіх, здавалася, граніц больш не будзе, зніклі разам з вайной, і людзі могуць разлятацца, куды хочуць, — як птушкі! І вось нас некалькі такіх сабралася, я самы малодшы, і захацелі мы паглядзець на Францыю. Цікаўнасць дзікуноў, ведаеце… Ніколі нельга было, а тут раптам можна. І пайшлі. Каго затрымаў французскі патруль, а хто і прайшоў. Ведаеце, у кожным з нас жыве гэты самы Сіндбад-Мараход… Ну дык уявіце сабе пятнаццацігадовае хлапчанё ў пасляваенным хаосе Заходняй Еўропы. Халодны, галодны, у чужой краіне, мовы не ведаю, хлеба не магу папрасіць. А тут яшчэ малярыя… І мяне, хлопчыка, здзічэлага, хворага, прытулілі адзінокія людзі… А калі я падрос і пачаў тое-сёе разумець, пачаўся той самы перыяд, які завецца «халодная вайна». Усе баяліся, што вось-вось пачнецца сапраўдная вайна, ды яшчэ з гэтым клятым атамам. Нават гаварыць пра тое, адкуль ты, было небяспечна.

— Ну, а потым? — Добыш ужо шкадаваў гэтага чалавека.

— А потым прывычка. Спачатку вучыўся. Ведаеце, якая ў мяне спецыяльнасць? Музеі. Шукаю і вывучаю старажытнасці… Ажаніўся. А вось з дзецьмі размаўляю па-беларуску.

— Навошта? — здзівіўся Добыш. — Яны ж у вас французы. Ці хто?

— Самі вырашаць, — сказаў субяседнік. — Думаю, яны проста будуць свабоднымі зямлянамі… А дзеці ў мяне прыгожыя. — Вільнаў раптам уздыхнуў.— Эх, малады чалавек, бачу, вы яшчэ зусім не ведаеце жыцця. Не ведаеце, якою вялікаю можа быць радасць. І якім бывае вялікі страх. Ого, які ён бывае! Князь-страх! Так што яшчэ невядома, як бы вы сябе паводзілі ў складанай сітуацыі, калі рукі, ногі, галаву, бы абцугамі, сціскае Вялікі страх. Жах яго называюць беларусы, так? Вы тут будзьце асцярожныя. Гэта я вам як зямляк кажу. Асабліва нікуды не совайцеся… Ну, а калі будзеце ў горадзе Аране, заходзьце да мяне. Вось вам адрас. — Вільнаў выняў з кішэні самапіску, блакнот. — Заходзьце абавязкова, — гаварыў ён, чыркаючы па блакітнаму лістку. — Вось. Я пакажу вам музеі. Тут не цэняць пакуль сапраўднага мастацтва, асабліва калі яно еўрапейскага паходжання. А рэчы трапляюцца выдатныя. За іх у Еўропе сотні тысяч долараў даюць.

Яны развіталіся на чыгуначнай станцыі Мастаганэм, каб сустрэцца там, дзе ніхто з іх другога ўбачыць і не думаў ніколі.

Калі Янычар сказаў Селіму, што паліцэйскі павёў Шакала да следчага, той яшчэ не верыў пра небяспеку для сваёй «фірмы». Ці мала давялося Шакалу бываць у паліцыі? То некага паб'юць, то нехта нешта сцягне — распытваюць Шакала: ён жа заўсёды побач круціцца. І выкручваецца. Селім спытаў:

— А што казаў паліцэйскі? Янычар наморшчыў лоб:

— Ды так вось, здаецца, сказаў: «Пойдзем, сынок, да нас, пагаворым».

— І ўсё? — не паверыў Селім.

— Дык я ж кажу, — боўтнуў галавой Янычар, якому прасцей было пусціць у ход кулакі, чым мазгі.

— А вобыск? У яго шукалі што-небудзь?

— Дык што ў яго знойдзеш? — здзівіўся Янычар такому пытанню. — Калі ў яго што было, у скнары.

Селім супакоена згадзіўся: праўда, у Шакала нічога не знойдзеш. Але, на ўсякі выпадак, рашыў сказаць пра непрыемнасць хаджы Шукры. Той заўсёды хацеў ведаць пра ўсе дробязі, хаця, здаецца, і сам цішком падглядваў за дзейнасцю «мурашак» Селіма, як ён празваў хлапчукоў-чысцілыпчыкаў.

А ў гэты ж час Хуары і Акліль, якім удалося разжыцца на рынку бананамі, елі іх каля маленькага фантана і марылі аб тым, як яны дабяруцца да пірацкага клада і будуць снедаць у новым рэстаране каля порта, адкуль добра відно, як швартуюцца акіянскія лайнеры.

Тады ж Ладжмі паведаміў сваёй кампаньёнцы, маці Селіма, што майстэрня дае прыбытак і можна наняць яшчэ аднаго слесара, каб хутчэй упраўляцца. Заказчыкі любяць, калі машыну рамантуюць хутка.

Тады ж маладзенькі рэпарцёр газеты «Альжэ рэпублікен», якая вельмі дапякала тым, хто спадцішка шкодзіў сацыялістычным пераўтварэнням у краіне, імчаўся па крутых лесвіцах будынка, дзе месцілася рэдакцыя, бо ліфт яшчэ не працаваў пасля выбуху пластыкавай бомбы, якую падлажылі аасаўцы. Рэпарцёр павінен быў тэрмінова, у нумар напісаць заметку аб падзеях у мястэчку Хуссэйн-Дэйн. Там, нягледзячы на пагрозы ворагаў, феллахі сумесна з былымі салдатамі стварылі кааператыў, які будзе займацца збытам сельскагаспадарчай прадукцыі. Гэта вайна спекулянтам і прайдзісветам, якія нажываюцца за кошт працоўных. Юны рэпарцёр стараўся напісаць так, каб яго работу пахваліў галоўны рэдактар Абдэльхамід Бензін, таксама яшчэ малады чалавек, хаця і ветэран вызваленчай вайны. Або і сам дырэктар, пісьменнік Анры Аллег, гэты дзіўны француз, які змагаўся за вызваленне Алжыра ад каланізатараў і некалькі год прасядзеў за гэта ў турме, дзе яго катавалі.

* * *

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора