— Акліль, мсье.
— А дзе працуюць твае бацькі?
Што адказаць? Калі праўду, ірум'ен, вядома, не паверыць. Шайтан яго прынёс. І шайтан паднёс Шакала, каб яму праваліцца! Ліхаманка яго няхай трасе пры сонцы і пры месяцы!
— Я аддам грошы, мсье, бажуся! Вазьмі вось струмант, каб не думаў, што я хлушу.
Добыш спачувальна ўзяў хлопчыка за плячо, не ведаючы, што толькі напалохае малога. «Укусіць яго за руку — і дзёру!» — мільганула ў Акліля, але апамятаўся — зловяць жа ўсё роўна. Не ірум'ен, дык паліцэйскі. Гэта ж цэнтр горада, а не Казба, дзе кожны за цябе, калі супроць цябе ірум'ен.
«Здаецца, у кабілаў, казалі, сустракаецца такі колер вачэй. Амаль сінія вочы! У арабаў жа звычайна чорныя ці карыя, — думаў Добыш. — А грошы ўсё роўна давядзецца пазычаць у Кійка. Ён сам казаў пра гэта. Кантора ж дасць аванс толькі праз тыдзень».
— Я невінаваты, мсье, — Акліль прыкідваў, ці дасць гэта яму якія шансы выкруціцца, калі ён пачне плакаць. — Ты ж сам бачыў, што я нават не думаў браць грошы, праўда? — Акліль адчуў, як яго плячо сціснулі яшчэ мацней. У яго нават дыханне перахапіла: няўжо павалачэ да паліцэйскага? Тады ўсё. Хуары пракляне. Але што гэта: рука ірум'ена больш наогул не трымае яго? Акліль замарудзіў крок.
Ірум'ен ішоў, здаецца, зусім забыўшыся на хлопчыка. Быццам нешта вельмі цікавае ці важнае для сябе заўважыў наперадзе.
— Мадэмуазель! — раптам паклікаў ён.
Акліль спыніўся і, нізка схіліўшыся, каб стаць як мага больш непрыкметным, пачаў корпацца ў сваёй скрынцы. Ірум'ен, пераскокваючы адразу цераз дзве прыступкі, імчаў па лесвіцы на верхнюю вуліцу, дзе густа рухаліся аўтамабілі. Там, на аўтобусным прыпынку, памахваючы аранжавай сумачкай, стаяла дзяўчына. Вось яна пачула голас ірум'ена і павярнула галаву. Каб Акліль разгледзеў яе твар, ён бы таксама кінуўся ўверх па лесвіцы, не зважаючы на тое, што зноў давялося б сутыкнуцца з ірум'енам, грошы якога сцягнуў пракляты Шакал. Але хлопчык быў заняты шчоткамі. Ён выцягнуў іх і пачаў стукаць, нібы кастаньетамі, дэманструючы свой спрыт.
— Крэм-люкс! — весела крыкнуў ён, але тут жа падхапіў скрынку: да яго пагрозліва калдыбаў пажылы чысцільшчык, у якога недалёка ад магазіна стаяла палатка.
— Прэч адсюль, шчанюк, пакуль я табе не ўрэзаў па спіне тваёй бруднай скрынкай! — хрыпеў ён.
Паказаўшы старому язык, Акліль весела памчаў па лесвіцы ўніз, на «сваю» тэрыторыю.
А Юрый Добыш падышоў да дзяўчыны і павітаўся:
— Добры дзень, Марыям! Даруйце, можа, я незнарок парушыў якія-небудзь вашы нацыянальныя звычаі, але баяўся, што вы знікнеце зноў, таму паклікаў здалёк.
— Гэта вы? — ветліва, але і з нейкай трывогай у вачах прамовіла дзяўчына, і вочы яе заззялі пяшчотнай сінню.
— Каб не чысцільшчык абутку, мы б размінуліся, пэўна, — сказаў Добыш з хваляваннем, якое не засталося незаўважаным дзяўчынай. — Не паверыце, я толькі што бачыў хлопчыка, у якога вочы вельмі падобныя на вашы… Як мне пашанцавала, што я пайшоў уверх, да магазіна! Напэўна, вы чакаеце аўтобус у Эль-Біар, ва універсітэт?
— Не, я чакаю… — дзяўчына кіўнула на будку тэлефона-аўтамата, дзе нешта горача гаварыў у трубку малады алжырац у вайсковай кашулі з закасанымі вышэй локця рукавамі.— Гэта мой… знаёмы.
— Даруйце, калі ласка, — крыху збянтэжана прамовіў Добыш. — Я праз дзень-другі еду працаваць у Сахару. Я тут буду, можа, праз месяц… Не, я не пра тое… Я ведаў, Марыям, што мы ўсё роўна з вамі сустрэнемся, хоць вы не прыйшлі тады на паштамт, як абяцалі… Ну, значыць, так трэба было… Не палохайцеся, Марыям. Разумею, мне трэба ісці. А ці можна вам у будучым калі-небудзь, ну, проста… — Добыш кіўнуў у бок тэлефоннай будкі, з якой ужо выходзіў, здалёк прыглядаючыся да Добыша, быццам прыцэльваючыся, малады алжырац вайсковага выгляду. — Ну — пазваніць? Рааба даў мне тэлефон вашага дзіцячага сада…
— Не, званіць нельга, — паспешліва адказала дзяўчына і кіўнула маладому алжырцу: — Знаёмцеся. Гэта Шабан.
Паціскаючы моцную руку і ветлівай усмешкай сустрэўшы цвёрды позірк маладога алжырца, Добыш уявіць сабе не мог, што разам са знаёмствам набывае сабе бязлітаснага ворага.
— Паехалі, Марыям, нас чакаюць, — прамовіў алжырац тонам, які даваў зразумець, што ён мае вельмі сур'ёзныя правы на дзяўчыну і нікому не раіць пераходзіць яму дарогу.