— Ага.
— Няшчасце?
Снаўт кiўнуў галавой. Ён не толькi падтакваў, а i правяраў маю рэакцыю.
— Калi?
— Сёння на свiтаннi.
Дзiўна, але я не адчуў трывогi. Гэтая кароткая перамова аднаскладовымi пытаннямi i адпаведнымi адказамi супакоiла мяне сваёй прадметнасцю. Мне здалося, што я разумею яго дзiўныя паводзiны.
— Як гэта адбылося?
— Пераапранiся, уладкуй свае рэчы i вяртайся сюды… скажам… праз гадзiну.
Хвiлiну я вагаўся.
— Добра.
— Пачакай, — прамовiў ён, калi я накiраваўся да дзвярэй.
Ён пазiраў на мяне неяк дзiўна. Я бачыў, што ён не можа вымавiць тое, што яго хвалюе.
— Нас было трое, i цяпер, разам з табой, нас зноў трое. Ты ведаеш Сарторыуса?
— Як i цябе, па фотаздымку.
— Ён наверсе ў лабараторыi, i я не думаю, што ён да ночы выйдзе адтуль, але… ва ўсякiм разе ты яго пазнаеш. Калi ты ўбачыш каго-небудзь яшчэ, разумееш, не мяне i не Сарторыуса, разумееш, дык…
— Дык што?
Я не ўпэўнены, што гэта не сон. На фоне чорных хваляў, якiя крывава iльсняцца пад промнямi нiзкага сонца, ён усеўся ў крэсла, як i раней, з апушчанай галавой, i пазiраў убок, на шпулi навiтага кабелю.
— То… нiчога не рабi.
— Каго я магу ўбачыць? Прывiд?! — раззлаваўся я.
— Разумею. Ты думаеш, што я звар’яцеў. Не. Не звар’яцеў. Я не магу табе гэта растлумачыць… пакуль што. Зрэшты, магчыма… нiчога i не здарыцца. Ва ўсякiм разе памятай. Я цябе папярэдзiў.
— Аб чым?! Што ты гаворыш?
— Трымай сябе ў руках, — Снаўт упарта даводзiў сваё. — Паводзь сябе так, нiбыта… Будзь гатовы да ўсяго. Гэта немажлiва, я ведаю. Але ты ўсё-ткi паспрабуй. Гэта адзiная парада. Iншай я не ведаю.