Ён здрыгануўся як ад удару. Пазiраючы на мяне з невыказнай агiдай, ён прахрыпеў:
— Я не ведаю цябе, я не ведаю цябе, што ты хочаш?..
Разлiтая вадкасць хутка выпарылася. Запахла алкаголем. Снаўт пiў. Ён быў п’яны? Але чаго ён так баiцца? Я па-ранейшаму стаяў пасярод кабiны. Каленi мае дрыжалi, а вушы былi нiбы заткнутыя ватай. Падлога хiсталася пад нагамi. За выпуклай шыбай акна мерна калыхаўся Акiян. Снаўт не спускаў з мяне налiтых крывёю вачэй. Страх знiкаў з яго твару, але не знiкала неверагодная агiда да мяне.
— Што з табой?.. — спытаўся я цiха. — Ты хворы?
— Ты турбуешся?.. — глуха сказаў ён. — Ага. Ты будзеш турбавацца, праўда? Але чаму пра мяне? Я не ведаю цябе.
— Дзе Гiбарыян? — спытаўся я.
На секунду ён перастаў дыхаць, яго вочы зноўку сталi шклянымi, штосьцi ў iх успыхнула i патухла.
— Гi… Гiба… — выцiснуў ён. — Не! Не!!!
Снаўт затросся ад бязгучнага, iдыёцкага смеху, якi раптоўна ж i спынiўся.
— Ты прыйшоў да Гiбарыяна?.. — прамовiў ён амаль спакойна. — Да Гiбарыяна? Што ты хочаш з iм зрабiць?
Ён пазiраў на мяне так, нiбы я адразу перастаў уяўляць для яго небяспеку; у яго словах, а хутчэй у iх тоне гучала невыносная агiда.
— Што ты кажаш… — выцiснуў я, аглушаны. — Дзе ён?
Снаўт аслупянеў.
— Ты не ведаеш?..
Ён п’яны, падумаў я. П’яны да непрытомнасцi. Я раззлаваўся. Вядома, я мусiў бы пайсцi, але маё цярпенне лопнула.
— Апамятайся! — выгукнуў я. — Адкуль я магу ведаць, дзе ён, калi я толькi што прыляцеў! Што з табой робiцца, Снаўт!!!
У яго адвiсла скiвiца. На хвiлiну ён зноў перастаў дыхаць, але неяк iнакш, чым першы раз, раптоўны бляск з’явiўся ў яго ў вачах. Дрыготкiмi рукамi ён схапiўся за поручнi крэсла i ўстаў з такой цяжкасцю, што аж затрашчалi суставы.
— Што? — прамовiў ён амаль цвяроза. — Прыляцеў? Адкуль прыляцеў?
— З Зямлi, — адказаў я са злосцю. — Ты мо чуў пра яе? Але мне здаецца, што не чуў!
— З Зя… о, неба… Дык ты — Кельвiн?!
— Ага. Чаго ты так пазiраеш? Што тут дзiўнага?
— Нiчога, — прамовiў ён, часта плюскаючы вачыма. — Нiчога.