Станислав Лем - Салярыс стр 16.

Шрифт
Фон

— Я даведаўся, што Гiбарыяна… ужо няма, — я ўзвысiў голас.

— Так. Працягвайце, — з нецярпеннем прамовiў ён.

— Гiбарыян скончыў самагубствам?.. Хто знайшоў цела — вы альбо Снаўт?

— Чаму вы пра гэта пытаецеся ў мяне? Хiба доктар Снаўт не сказаў вам?..

— Я хацеў пачуць, што вы можаце сказаць пра гэта…

— Вы псiхолаг, доктар Кельвiн?

— Псiхолаг. А што?

— Вучоны?

— Так. Але якое гэта мае значэнне…

— Я думаў, што вы следчы або палiцэйскi. Зараз дзве гадзiны сорак хвiлiн, а вы спрабуеце сiлай уварвацца ў маю лабараторыю. Гэта было б зразумела, калi б вы хацелi азнаёмiцца з работай, якая вядзецца на Станцыi. А вы робiце допыт, нiбыта я пад падазрэннем.

Я стрымлiваў сябе так, што аж лоб успацеў.

— Вы i ёсць пад падазрэннем, Сарторыус! — прамовiў я прыдушаным голасам.

Я з усёй сiлы хацеў закрануць яго самалюбства i таму дадаў са злосцю:

— I вы самi гэта добра разумееце!

— Калi вы не возьмеце свае словы назад i не папросiце прабачэння, у чарговай радыёграме я падам на вас скаргу, Кельвiн!

— За што прасiць у вас прабачэння? За тое, што, замест таго каб прыняць мяне i шчыра расказаць пра ўсё, што тут адбываецца, вы замыкаецеся i ладуеце барыкады ў лабараторыi?! Вы што, з глузду з’ехалi?! Хто вы? Вучоны альбо нiкчэмны баязлiвец?! Хто? Адказвайце!

Не помню, што яшчэ я крычаў, але ён нават не здрыгануўся. Па яго бледнай порыстай скуры кацiлiся буйныя кроплi поту. Раптам я зразумеў: ён наогул мяне не слухае! З усяе сiлы ён абедзвюма рукамi за спiнай стараўся трымаць дзверы, якiя ледзь прыкметна дрыжалi — на iх нацiскалi з другога боку.

— Прашу… вас… адысцiся… — прастагнаў ён раптам дзiўным пiсклявым голасам. — Прашу вас… Хрыстом Богам прашу… iдзiце… iдзiце ўнiз… я прыйду, прыйду i зраблю ўсё, што вы захочаце, толькi iдзiце!!!

У яго голасе было столькi пакуты, што я мiжволi падняў руку, каб дапамагчы яму ўтрымаць дзверы, бо гэта было для яго найважнейшым. Але тады ён нема закрычаў, нiбыта я замахнуўся на яго нажом. Я пачаў адступацца, а ён усё крычаў фальцэтам: «Iдзi! Iдзi!» — i пасля: «Я хутка вярнуся! Хутка вярнуся! Ужо вяртаюся!!! Не! Не!!!»

Ён прачынiў дзверы i кiнуўся ў лабараторыю. Мне здалося, што на ўзроўнi яго грудзей мiльганула нешта залацiстае, нейкi блiскучы дыск, з лабараторыi чуўся глухi шум. Штора адляцела ўбок, высокi цень мiльгануў на шкляным экране, штора вярнулася на ранейшае месца, i больш нiчога не было вiдаць. Што там адбываецца?! Затупалi ногi, зазвiнела разбiтае шкло, шалёная беганiна спынiлася, i я пачуў гучны дзiцячы смех…

Мае ногi трымцелi; я круцiў галавой ва ўсе бакi. Усё сцiхла. Я ўсеўся на нiзкi пластыкавы падаконнiк. Сядзеў хвiлiн пятнаццаць. Не ведаю, цi я чакаў каго, цi проста ад хвалявання не хацелася нават уставаць. Галава мая аж трашчала. Дзесьцi ўгары нешта працяжна заскрыгатала, i адначасова стала святлей.

З майго месца была вiдаць толькi частка калiдора, якi iшоў вакол лабараторыi. Лабараторыя знаходзiлася на сама верхнiм ярусе Станцыi, проста пад абшыўкай, таму сцены калiдора былi ўвагнутыя i нахiльныя, iлюмiнатары, размешчаныя праз некалькi метраў адзiн ад аднаго, нагадвалi амбразуры; вонкавыя засланкi на iх у гэты час падымалiся. Блакiтны дзень заканчваўся. Праз тоўстае шкло выбухнула слiпучае ззянне. Кожная нiкеляваная рэйка, кожная клямка запалымнелi, як малыя сонцы. Дзверы ў лабараторыю — гэта вялiзная плiта з непалiраванага шкла — успыхнула блакiтным полымем. Я зiрнуў на свае рукi, складзеныя на каленях, — у прывiдным святле яны здавалiся шэрымi. У правай трымаў газавы пiсталет, я нават не ведаў, калi i як выцягнуў яго з кабуры. Я паклаў яго на месца. Было зразумела, што мне не дапаможа нават атамны выкiдальнiк прамянёў, ды i навошта ён? Развалiць дзверы? Уварвацца ў лабараторыю?

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке