- Я разумею паэзію, толькі калі куру, - растлумачыў ён.
- Балада называецца «Тры Будрысы».
- «Тры Будрысы»? - здзіўлена перапытаў граф.
- Так. Яснавяльможны пан лепш за мяне ведае, што Будрыс - гістарычная асоба.
Граф неадрыўна глядзеў на мяне сваім дзіўным позіркам. У ім было нешта неакрэсленае, адначасна нясмелае і лютае, ад чаго рабілася ніякавата. Я пачаў чытаць, каб пазбегнуць няёмкасці:
- Слава, пане прафесар! - закрычаў граф. - У вас цудоўнае жамойцкае вымаўленне. Але хто вам перадаў гэтую прыгожую дайну?
- Адна паненка, з якой я меў гонар пазнаёміцца ў Вільні ў графіні Катарыны Пац.
- І яе імя ...
- Панна Івінская.
- Панна Юлька! - закрычаў граф. - Дурнічка! Як я не здагадаўся! Дарагі прафесар, вы ведаеце жамойцкую і ўсе вучоныя мовы, вы перачыталі ўсе старыя кнігі, але вас падманула дзяўчо, якое, апроч раманаў, нічога не чытала. Яна пераклала вам на даволі прыстойную жамойцкую мову адну з цудоўных баладаў Міцкевіча, якую вы не чыталі, бо яна не старэйшая за мяне. Калі хочаце, я пакажу вам яе па-польску, а калі вы жадаеце пабачыць выдатны рускі пераклад, я пакажу вам Пушкіна.
Прызнаюся, што я быў агаломшаны. От бы ўсцешыўся дэрпцкі прафесар, калі б я выдаў, як арыгінальную, дайну пра Будрысаў!
Замест таго каб пазабавіцца з майго замяшання, граф з выключнай ветлівасцю адразу ж перавёў гутарку на іншае.
- Дык вы ведаеце панну Юльку?
- Я меў гонар быць ёй адрэкамендаваным.
- Што вы пра яе думаеце? Толькі шчыра.
- Вельмі мілая дзяўчына.
- Што вы кажаце?
- І прыгожанькая.
- О!
- А што, хіба ў яе не найпрыгажэйшыя ў свеце вочы?
- Найпрыгажэйшыя.
- Скура незвычайна белая?.. Мне прыгадваецца персідская газель, дзе каханак апявае далікатную скуру сваёй выбранніцы: «Калі яна п'е чырвонае віно, відаць, як яно расцякаецца па жылах». Панна Івінская нагадала мне гераіню гэтага верша.