Проспер Мериме - Локіс. Рукапіс прафэсара Вітэмбаха стр 3.

Шрифт
Фон

- О! Ён так мала ведае сваю маці, але гэта нават і добра. Але скажыце мне, пане прафесар, ці б вы калі паверылі, што можна звар'яцець ад жаху?

- Становішча графініна было страшнае... Быць у кіпцюрах такога лютага звера!

- А вось сын да яе не падобны. Менш чым год таму ён трапіў у такое самае становішча і, дзякуючы сваёй вытрымцы, выдатна выкруціўся.

- З кіпцюроў мядзведзя?

- Мядзведзіцы, і самай вялікай, якую толькі бачылі ў апошнія гады. Граф хацеў напасці на яе з рагацінай. Куды там! Адным ударам яна выбіла рагаціну, схапіла графа і кінула яго на зямлю так проста, як бы я зараз перакуліў гэтую бутэльку. А ён, хітрун, прыкінуўся мёртвым... Мядзведзіца яго абнюхала і, замест таго каб раздзерці, лізнула яго. Яму хапіла розуму не варухнуцца, і яна пайшла сваёй дарогай.

- Мядзведзіца падумала, што ён памёр. Я чуў, што гэтыя звяры не ядуць мерцвякоў.

- З гэтым трэба пагадзіцца і ўстрымацца ад таго, каб правяраць гэта на практыцы. А што да страху, дык я распавяду вам адну севастопальскую гісторыю. Мы сядзелі ўпяцёх ці ўшасцёх за шпіталем славутага 5-га батальёна вакол збана піва. Раптам вартавы крычыць: «Бомба!» Мы ўсе ўпалі ніцма. Але не ўсе - адзін... прозвішча яго ўжо не памятаю... малады афіцэр, які нядаўна да нас прыбыў, застаўся стаяць, трымаючы поўны куфаль, і ў гэты момант выбухнула бомба. Яна адарвала галаву майму няшчаснаму сябру Андрэю Спяранскаму і разбіла збан, які, на шчасце, ужо быў амаль пусты. Калі мы ўсталі пасля выбуху, убачылі сярод дыму нашага таварыша, які дапіваў сваё піва, нібы нічога і не здарылася. Мы палічылі яго героем. На другі дзень я сустракаю капітана Гедэонава, які выйшаў са шпіталя. Ён кажа мне: «Сёння я вячэраю з вамі і, каб адсвяткаваць маё вяртанне, стаўлю шампанскае». Мы селі за стол. Учорашні малады герой таксама быў з намі. Ён не ведаў пра шампанскае. Бутэльку адкаркоўваюць побач з ім... Бабах! Корак б'е яму ў скронь. Ён ускрыквае, і яму робіцца млосна. Паверце, што наш герой страшэнна напалохаўся і тады, першы раз, і не хаваўся, а піў піва толькі таму, што ашалеў ад страху і рабіў усё машынальна, несвядома. І праўда, пане прафесар, чалавечы арганізм...

- Пане доктар, - сказаў слуга, які ўвайшоў у сталовую, - Жданава кажа, што пані графіня не хочуць есці.

- Каб яе д'яблы з'елі! - прабурчаў доктар. - Іду, іду. Як толькі я накармлю гэтую шайтанку, пане прафесар, мы зможам, калі вам будзе прыемна, згуляць партыю ў nрэферанс або ў дурня.

Я выказаў яму маё шкадаванне з прычыны маёй неабазнанасці ў картачных гульнях, і, калі ён пайшоў да хворай, я вярнуўся ў свой пакой і напісаў ліст панне Гертрудзе.

Ноч была цёплая, і я адчыніў акно ў парк. Я скончыў ліст, але спаць яшчэ не хацелася, і я ўзяўся праглядаць літоўскія нерэгулярныя дзеясловы і шукаць у санскрыце прычыны іх нерэгулярнасці. Так я сядзеў, захоплены гэтай працай, калі раптам дрэва, што стаяла насупраць акна, моцна страсянулася. Я пачуў трэск сухіх галін, і мне здалося, што на дрэва спрабаваў узлезці нейкі даволі важкі звер. Пад уражаннем доктаравых расказаў пра мядзведзяў я падняўся з нейкім неспакоем у душы і ўбачыў за акном у лістоце дрэва чалавечы твар, асветлены яркім святлом маёй лямпы. Прывід паказаўся ўсяго на некалькі імгненняў, але дзіўны бляск яго вачэй, з якімі сустрэўся мой позірк, надзвычай мяне ўразіў. Я мімаволі адскочыў назад, пасля зноў падбег да акна і суровым голасам спытаўся ў нахабніка, чаго ён хоча. Тым часам ён паспешліва спусціўся і, ухапіўшыся за тоўстую галіну, павіс на ёй, пасля скочыў на зямлю і раптоўна знік. Я пазваніў, увайшоў слуга. Я расказаў яму пра здарэнне.

- Пан прафесар, напэўна, памыліўся.

- Я ўпэўнены ў тым, што кажу, - запярэчыў я. - Баюся, што па парку ходзіць злодзей.

- Немагчыма, пане.

- Дык тады гэта нехта свой?

Слуга вытрашчыў вочы і нічога не адказаў. Нарэшце ён спытаўся, ці мне што патрэбна. Я папрасіў яго зачыніць акно і паклаўся спаць.

Спаў я даволі добра і не сніў ні мядзведзяў, ні зладзеяў.

Раніцай, калі я ўжо канчаў прыбірацца, у дзверы пастукалі. Я адчыніў і ўбачыў перад сабою высокага і прыгожага маладога мужчыну ў бухарскім халаце і з доўгай турэцкай люлькай у руцэ.

- Я прыйшоў папрасіць у вас прабачэння, пане прафесар, што так непрыветна сустрэў такога госця, як вы. Я граф Шэмет.

Я не затрымаўся з адказам, пакорна падзякаваў за яго надзвычайную гасціннасць і спытаўся, ці прайшла ў яго мігрэнь.

- Ужо амаль прайшла, - адказаў граф. - Да новага прыступу, - сумна дадаў ён. - Ці добра вы тут пачуваецеся? Не забывайцеся, што вы тут сярод дзікуноў. Жамойць не церпіць пераборлівых.

Я запэўніў яго, што адчуваю сябе цудоўна. Размаўляючы з ім, я мімаволі разглядаў яго з цікаўнасцю, якая нават мне самому здалася трошкі нахабнай. Нешта дзіўнае было ў яго позірку, і міжвольна мне прыгадаўся чалавек, што напярэдадні ўзлез на дрэва...

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги