- Мы б самі сябе пакаралі, панна, калі пазбавілі б сябе вашай прысутнасці. Я зусім не скарджуся, наадварот, я вельмі рады, што дзякуючы вам я адкрыў для сябе літоўскую музу ва ўсім яе чароўным бляску.
Яна схіліла галоўку і прыкрыла твар рукамі, уважаючы, аднак, каб не парушыць фрызуру.
- Прабачце мне, я болей не буду! - сказала яна, як дзіця, што цішком з'ела варэнне.
- Я прабачу вам толькі тады, мілая панна, - сказаў я, - калі вы выканаеце абяцанне, што вы мелі ласку мне даць у Вільні, у княгіні Катарыны Пац.
- Якое абяцанне? - яна падняла галоўку і ўсміхнулася.
- Вы ўжо забыліся? Вы мне паабяцалі, што, калі мы спaткаемся ў Жамойці, вы пакажаце мне адзін мясцовы танец, які вам вельмі падабаецца.
- А! «Русалку»! Я ў ёй проста непараўнальная. А вось якраз і той кавалер, што мне патрэбны.
Яна падбегла да століка з нотамі, паспешліва пагартала адзін сшытак, паставіла яго на пюпітр раяля і звярнулася да гувернанткі:
- Вось гэта, даражэнькая, алегра прэста.
І яна, не сядаючы, прайграла кавалачак сама, каб паказаць тэмп.
- Падыдзіце сюды, пане Міхал, вы занадта добры літвін, каб не ўмець танчыць «русалку»... але скачьще, як мужык, чуеце?
Пані Даўгяла паспрабавала адгаварыць, але марна. Мы з графам налягалі. Граф меў на гэта свае прычыны, бо яго роля ў танцы, як выявілася пасля, была даволі прыемная. Гувернантка пасля некалькіх спроб сказала, што паспрабуе зайграць гэты трошкі дзіўны вальс, і панна Юлька, адсунуўшы стол і пару крэслаў, што ёй заміналі, узяла свайго кавалера за каўнер і вывела яго на сярэдзіну залы.
- Вось, пане прафесар, я - русалка.
І яна зрабіла рэверанс.
- Русалка - гэта вадзяная німфа. У кожным балоце, поўным чорнай вады, што ўпрыгожваюць нашы лясы, жыве русалка. Не падыходзьце да гэтых балот! Бо адтуль выйдзе русалка, яшчэ прыгажэйшая за мяне, калі гэта магчыма, яна зацягне вас на дно, а там, хутчэй за ўсё, з'есць...
- Сапраўдная сірэна! - усклікнуў я.
- А ён, - панна Івінская паказала на графа Шэмета, - малады рыбак, трошкі дурнаваты, трапляе ў мае кіпці, а я, каб расцягнуць асалоду, зачароўваю яго, танцуючы навокал... О! Гэтыя туфлі! У іх немагчыма танчыць «русалку»! Яшчэ і на абцасах!
Яна прыўзняла сукенку і, павабна трасянуўшы ножкай, адкінула туфлік у кут. Другі паляцеў следам за першым, і яна засталася на падлозе ў шаўковых панчохах.
- Усё гатова, - сказала яна гувернантцы.
Русалка круціцца вакол кавалера. Ён выцягвае рукі, каб яе схапіць, яна прыгінаецца і ўцякае. Усё вельмі прыгожа, музыка жывая і арыгінальная. Танец канчаецца тым, што кавалер спрабуе схапіць русалку, каб пацалаваць яе, але яна ўгінаецца, ляпае яго па плячы, і ён падае ля яе ног, як мёртвы... Але граф нечакана запрапанаваў іншы варыянт - моцна абхапіў яе і ўсё ж пацалаваў. Панна Івінская закрычала, густа пачырванела і, надзьмуўшыся, легла на канапу, скардзячыся, што ён сціснуў яе, не раўнуючы, як мядзведзь. Я заўважыў, што параўнанне графу не спадабалася, бо нагадала яму сямейнае няшчасце. Ён спахмурнеў. Што да мяне, я шчыра дзякаваў панне і расхвальваў яе танец, які, на маю думку, быў нават нейкага антычнага ладу, як рытуальныя танцы ў старажытных грэкаў. Мяне перапыніў чаляднік, які паведаміў, што прыехаў генерал Вельямінаў з жонкай. Панна Івінская падхапілася з канапы, знайшла свае туфлікі, паспешліва сунула ў іх свае ножкі. Выбегшы насустрач гасцям, яна зрабіла запар два глыбокія рэверансы. Я заўважыў, што ў кожным яна далікатна прыўзнімалa абцас туфліка. З генералам былі два ад'ютанты, і, як і мы, яны прыехалі на вячэру. У любой іншай краіне гаспадыня дома, пэўна, мела б клопат, каб накарміць ужадобку шасцёх нечаканых госцяў . Але гэткая ўжо гасціннасць і дастатак літоўскіх дамоў, і вячэра затрымалася не болей чым на паўгадзіны. Толькі зашмат было пірагоў, гарачых і халодных.
За вячэрай мы не сумавалі. Генерал расказаў нам пра вельмі цікавыя асаблівасці моў каўказскіх народаў. Мовы гэтыя дзеляцца на дзве групы - арыйскія і туранскія, хоць паміж народамі абедзвюх груп існуе незвычайнае падабенства нораваў і традыцый. Мне таксама прыйшлося распавесці пра свае падарожжы. Граф Шэмет пахваліў мае вершніцкія здольнасці і сказаў, што не бачыў ніводнага святара ці прафесара, які б здолеў за адзін раз праехаць конна такі шлях, як мы сёння, і я мусіў расказаць, што, пасланы Біблейскім таварыствам даследаваць мову племені чаруа, я правёў тры з паловай гады ва Уругвайскай рэспубліцы. Там я не злазіў з каня і жыў у пампах сярод індзейцаў. І так я расказваў, пакуль не дайшоў да таго месца, калі я, блукаючы тры дні па бясконцых стэпах, не маючы ні ежы, ні пітва, быў вымушаны ўзяць прыклад з гаўчаў, што былі разам са мной, - надрэзаць жылу каню і піць яго кроў.
Усе дамы закрычалі ад жаху. Генерал заўважыў, што калмыкі ў падобных пільных абставінах робяць тое самае. Граф пацікавіўся, ці спадабаўся мне гэты напой.