Вильгельм Гауф - Гісторыя пра адсечаную руку стр 2.

Шрифт
Фон

“Я прыехаў на чужыну разам са сваёй сястрою, – пачаў ён і зрабіў мне знак рукой, каб я ішоў за ім. – Тут я жыў у аднаго сябра нашага дому. Мая сястра раптоўна памерла ўчора ад адной хваробы, і сваякі хочуць заўтра пахаваць яе. Аднак паводле старажытнага звычаю, усіх памерлых з нашай сям’і належыць хаваць у фамільным склепе. Многія з тых, хто паміраў на чужыне, былі забальзамаваныя і прывезеныя дадому. Сваякам я аддам толькі цела, а бацьку завязу галаву, каб ён мог апошні раз зірнуць на сваю дачку”.

Звычай адразаць галовы дарагім крэўным падаўся мне жудасным, аднак я не наважыўся сказаць пра гэта, баючыся абразіць незнаёмца. Я толькі запэўніў яго, што меў справу з бальзамаваннем трупаў, і папрасіў правесці мяне да памерлай; але потым усё ж не стрымаўся і запытаў, чаму ўсё гэта трэба рабіць у такой таямніцы і ноччу. Ён адказаў мне, што сваякам ягоныя намеры падаюцца вельмі жорсткімі, і днём яны будуць чыніць перашкоды ажыццяўленню задуманага; калі ж ён патаемна адрэжа галаву, то яны ўжо нічога не змогуць зрабіць. Вядома, ён мог бы проста прынесці мне галаву, аднак зразумелыя пачуцці не дазволілі яму самому адцяць яе.

Тым часам мы падышлі да вялікага багатага дома, на які мой спадарожнік паказаў мне як на мэту нашай начной вандроўкі. Мы прамінулі парадны ўваход, нырнулі ў маленькую брамку, якую незнаёмец старанна зачыніў за сабой, і ў цемры пачалі падымацца па цесных сходах. Яны прывялі ў цьмяна асветлены калідор, з якога мы трапілі ў пакой, дзе свяціла падвешаная пад столь лямпа.

У гэтай святліцы і стаяў ложак з трупам. Незнаёмец затуліў твар, жадаючы, напэўна, схаваць слёзы. Потым паказаў мне на ложак і загадаў добра і хутка выканаць сваю працу, пасля чаго скіраваўся да дзвярэй.

Я дастаў інструменты, якія як лекар заўжды трымаў пры сабе, і наблізіўся да ложка. Бачная была толькі галава трупа, але яна была такая прыўкрасная, што мяне міжволі ахапіў глыбокі жаль. Даўгія цёмныя косы, аблічча бледнае, вочы заплюшчаныя. Я зрабіў надрэз на скуры, як гэта звычайна робяць лекары, перш чым адрэзаць нейкую частку цела. Затым узяў свой самы востры нож і адным ударам рассек горла. Але які жах! Мёртвая расплюшчыла вочы – і адразу ж ізноў апусціла вейкі, з глыбокім стогнам толькі цяпер выдыхнуўшы з сябе жыццё. І ў тое самае імгненне з раны хлынуў на мяне струмень гарачай крыві. Я зразумеў, што ўпершыню запэцкаў рукі забойствам. А тое, што дзяўчына памерла, не выклікала сумневу, бо ад такой раны паратунку не было. Хвіліну я стаяў, скамянелы ад таго, што адбылося. Чырвоны плашч падмануў мяне, або ў ягонай сястры была толькі ўяўная смерць? Апошняе падавалася мне найбольш верагодным. Аднак я не мог сказаць брату памерлай, што дзяўчыну можна было б абудзіць куды меншай, зусім не смяротнай ранай, і таму вырашыў адрэзаць галаву да канца. Няшчасная прастагнала яшчэ раз, балесна выцягнулася і памерла. Жах ахапіў мяне, і я, не чуючы пад сабою ног, кінуўся са святліцы. У калідоры было цёмна, лямпу нехта патушыў. Не заўважна было ніякага следу майго спадарожніка, і я мусіў у цемры навобмацак паўзці ўздоўж сцяны, каб трапіць на сходы. Нарэшце я знайшоў іх і, то падаючы, то спаўзаючы, пайшоў уніз. Аднак і ўнізе нікога не было. Дзверы аказаліся адчыненымі, і я ўздыхнуў з палёгкаю, калі нарэшце апынуўся на вуліцы, бо знаходзіцца ў гэтым доме было нясцерпна. Жах падганяў мяне, і я паімчаўся на сваю кватэру, зарыўся там у падушкі, як у бярлогу, каб забыцца на тое жахлівае, што я ўчыніў. Ды сон не ішоў да мяне, і ледзь толькі заняўся світанак, я зноў пачаў баяцца арышту. Было зразумела, што той чалавек, які наслаў на мяне – а цяпер мне бачылася ўсё менавіта так! – гэтае пракляцце, нізавошта мяне не выдасць. Таму я палічыў найлепшым пайсці гандляваць у сваю лаўку, удаючы як мага больш бестурботнага чалавека. Але ж мой Божа! Новыя акалічнасці, якія заўважыў я толькі цяпер, памножылі мой смутак. Пры мне не было ні маёй шапкі, ні пояса, ні нажа. Я забыўся іх, напэўна, у пакоі забітай або, сабе на пракляцце, згубіў па дарозе. Першае выглядала найбольш праўдападобным, і цяпер было вельмі лёгка выкрыць мяне як забойцу.

Я адчыніў у звычайны час сваю лаўку, і мой сусед – чалавек вельмі кампанейскі – завітаў да мяне, як рабіў гэта кожную раніцу. “Ці чулі вы жудасную гісторыю, што здарылася сёння ноччу?” – спытаўся ён. Я зрабіў выгляд, што нічога не ведаю. “Як? Вы не ведаеце таго, пра што гаворыць увесь горад? Не ведаеце, што найцудоўнейшая кветка Фларэнцыі – Б’янка, дачка губернатара, – была забітая гэтай ноччу? Мой Божа, яшчэ ўчора бачыў я, як яна радасная ехала па вуліцы са сваім жаніхом! А на сёння ж было прызначана вяселле!”

Кожнае слова суседа, быццам страла, упівалася мне ў сэрца. І гэтая пакута вярталася зноў і зноў, бо кожны, хто заходзіў у маю лаўку, расказваў мне пра забойства, і новае апавяданне было страшнейшым за папярэдняе. Але ніхто не мог пераказаць той жах, які перажыў я сам.

Бліжэй да абеду ў лаўку прыйшоў чалавек і прапанаваў мне адпусціць усіх пакупнікоў. “Сіньёр Цалёўкас, – звярнуўся ён да мяне, трымаючы згубленыя ўчора рэчы, – гэта належыць вам?” Я памкнуўся было ўсё адмаўляць, аднак, пабачыўшы праз прачыненыя дзверы майго гаспадара і шмат іншых знаёмых, зразумеў, што хлусня гэтая не выратуе становішча, бо кожны можа паказаць супраць мяне.

Судовы чыноўнік загадаў мне ісці за ім. Мы прыйшлі ў вялікі будынак, у якім я хутка пазнаў турму, і ён зачыніў мяне ў цямніцы.

Там на самоце задумаўся я пра сваё жахлівае становішча. Думка, што я – няхай нават і супраць волі – зрабіўся забойцам, не адступалася ад мяне. І я не мог таксама не прызнаць, што бляск золата затуманіў мне розум, інакш хіба мог бы я так бяздумна трапіць у пастку! Праз дзве гадзіны пасля ўвязнення мне загадалі выйсці з цямніцы. Вялізныя сходы вялі ўніз, у вялікую залу. Вакол доўгага, засланага чорным стала сядзелі дванаццаць мужоў, пераважна старых. Уздоўж сцен цягнуліся лаўкі, на якіх размясціліся прадстаўнікі фларэнтыйскай арыстакратыі, а на галерэі ўверсе шчыльна тоўпіліся гледачы. Калі мяне падвялі да чорнага стала, падняўся чалавек з панурым і сумным абліччам. Гэта быў губернатар. Ён сказаў, што як бацька забітай ён не можа быць суддзём і гэтым разам перадае свае паўнамоцтвы найстарэйшаму сенатару. На выгляд таму было не менш за дзевяноста гадоў. Ён стаяў сагнуўшыся, скроні ягоныя былі пакрытыя рэдкімі белымі валасамі. Ды агонь гарэў у ягоных вачах, і голас старога гучаў моцна і ўпэўнена. Спачатку ён спытаўся, ці гэта я здзейсніў забойства. Я папрасіў яго выслухаць мяне і смелым пераканаўчым голасам расказаў, што я павінен быў зрабіць і што ведаў. Я заўважыў, што падчас апавядання губернатар то бялеў, то чырванеў, а калі я скончыў, ён гнеўна закрычаў: “Як, нікчэмны? Ты хочаш цяпер абвінаваціць некага іншага ў злачынстве, якое ўчыніў праз сваю сквапнасць?!”

Аднак сенатар асудзіў ягонае ўмяшальніцтва, бо ён сам перадаў свае правы, а таксама заўважыў, што ён бяздоказна абвінавачвае мяне ў карысталюбстве, бо, паводле ягоных жа словаў, у забітай нічога не знікла. Ён пайшоў яшчэ далей і патлумачыў губернатару, што той мусіць даць справаздачу аб жыцці ягонае дачкі, бо толькі ведаючы ўсе акалічнасці, можна меркаваць, праўду я сказаў альбо не. На гэтым сенатар спыніў сённяшняе паседжанне, як ён патлумачыў, з прычыны пільнае небходнасці азнаёміцца з перададзенымі губернатарам паперамі памерлай. Мяне прывялі назад у маю вязніцу, дзе я зноў і зноў перажываў гэты страшны дзень, пестуючы разам з тым надзею, што адшукаецца хоць якая-небудзь сувязь паміж забітай і чырвоным плашчом. Поўны спадзяванняў, ступіў я назаўтра ў судовую залу. На стале было шмат лістоў. Стары сенатар спытаўся ў мяне, ці мой гэта почырк. Я паглядзеў на паперы, і мне падалося, што напісаныя яны той самай рукой, што і дзве атрыманыя мною цыдулкі. Гэта я і сказаў сенатару. Аднак словы мае не былі прынятыя да ўвагі, і мне заўважылі, што маё аўтарства відавочнае, тым больш пад лістамі стаіць подпіс “Ц.” – першая літара майго імені. У лістах жа гэтых утрымліваліся пагрозы на адрас памерлай і папярэджанні наконт вяселля, прычым усе яны былі цалкам ажыццёўленыя.

Губернатар даваў дзіўныя тлумачэнні адносна маёй асобы, і наогул абыходзіліся са мною сёння недаверліва і сурова. Каб апраўдацца, я спаслаўся на паперы, якія павінныя былі знайсціся ў маім пакоі. Аднак мне было заяўлена, што там ужо шукалі і нічога не знайшлі. Так пад канец гэтага дня я страціў рэшткі надзеі, і калі мяне прывялі ў судовую залу на трэці дзень, я пачуў, што мяне за спланаванае і здзейсненае забойства асудзілі на смяротнае пакаранне. Такі вось выпаў мне лёс. Мала таго, што пакінуў я тое адзінае, што было мне яшчэ дарагім на гэтай зямлі, – маю радзіму, дык яшчэ мушу, няшчасны, памерці ад сякеры ў самым росквіце гадоў.

Вечарам жахлівага дня, які вырашыў мой лёс, сядзеў я ў самотнай сваёй вязніцы. Надзея пакінула мяне, а ўсе думкі былі пра смерць. Раптоўна дзверы турмы адчыніліся і зайшоў нейкі чалавек. Ён доўга моўчкі глядзеў на мяне. “Вось так давялося нам зноў сустрэцца, Цалёўкас”, – прамовіў ён. Пры цьмяным святле лямпы я не пазнаў яго, аднак гучанне ягонага голасу разварушыла ўва мне старыя ўспаміны. Ну канечне, гэта быў Валеці, адзін з нешматлікіх сяброў, якіх я знайшоў падчас навучання ў Парыжы. Ён расказаў, што выпадкам трапіў у Фларэнцыю, дзе бацька ягоны быў паважаным чалавекам, пачуў пра маю гісторыю і прыйшоў сюды, каб ад мяне самога даведацца, як мог я ўчыніць такое цяжкое злачынства. Я расказаў яму сваю гісторыю. Ён быў вельмі здзіўлены і заклінаў мяне расказаць яму, свайму адзінаму сябру, усю праўду, каб не ісці на пакуты з цяжарам хлусні. Я прысягнуў яму ўсімі святымі, што расказаў чыстую праўду і што няма на мне іншай віны, акрамя той, што, аслеплены бляскам золата, не мог заўважыць неверагоднасці апавядання незнаёмца. “Дык ты не быў знаёмы з Б’янкай?” – спытаўся ён. Я запэўніў яго, што ніколі не сустракаўся з ёю. Валеці расказаў мне, што смерць гэтая ахінутая глыбокай таямніцай, што губернатар патрабуе найхутчэйшага выканання прысуду і што ходзяць чуткі, нібыта я даўно ўжо быў знаёмы з Б’янкай і забіў яе з рэўнасці, калі яна вырашыла выйсці замуж за іншага. Я заўважыў яму, што словы гэтыя куды лепш пасуюць чырвонаму плашчу, але я ніяк не змагу даказаць ягоны ўдзел у забойстве. Валеці са слязамі абняў мяне і паабяцаў зрабіць усё, каб выратаваць мне жыццё. Я не меў асаблівай надзеі, аднак ведаў, што Валеці чалавек разумны і дасведчаны ў юрыспрудэнцыі і зробіць усё магчымае для майго выратавання. Два доўгія дні прайшлі ў невядомасці. Нарэшце з’явіўся Валеці і сказаў: “Я прынёс табе суцяшэнне, аднак жа і яно не радаснае. Ты застанешся жыць і цябе выпусцяць на свабоду, аднак ты страціш адну руку”. Узрушана дзякаваў я майму сябру за выратаванае жыццё. А ён сказаў мне, што губернатар быў няўмольны адносна перагляду справы, аднак урэшце, каб не выглядаць несправядлівым, пастанавіў, што калі знойдзецца ў гісторыі Фларэнцыі падобны выпадак, то маё пакаранне будзе такім самым, якое прымянілі мінулым разам. Дзень і ноч Валеці і ягоны бацька чыталі старыя кнігі і нарэшце знайшлі апісанне такога самага здарэння. Пакаранне было наступным: адсячы забойцу левую руку, маёмасць адабраць, а самога яго асудзіць на вечнае выгнанне. Я не хачу апісваць вам той страшны час, калі стаяў я на рынкавым пляцы і бачыў на калодзе сваю руку, а потым мая ўласная кроў хлынула мне на ногі!

Валеці ўзяў мяне ў свой дом, і я жыў там, пакуль канчаткова не ачуняў. Пасля ж ён даў мне даволі значную суму грошай для падарожжа, бо ўсё, што зарабіў я цяжкой працай, стала здабычай суда. З Фларэнцыі я накіраваўся ў Сіцылію, а адтуль на першым жа караблі – у Канстанцінопаль. Я спадзяваўся на тыя грошы, што пакінуў сябру, а таксама папрасіўся пажыць у яго некаторы час. Аднак якім было маё здзіўленне, калі ён спытаўся, чаму я не хачу пасяліцца ў сваім уласным доме! Аказваецца, нейкі іншаземец набыў на маё імя дом у грэцкім квартале і сказаў суседзям, што і сам я прыеду неўзабаве. Не марудзячы, я пайшоў туды разам з сябрам і быў радасна сустрэты ўсімі маімі знаёмымі. Адзін стары купец перадаў мне ліст, які пакінуў тут той, хто купіў для мяне дом.

Я прачытаў: “Цалёўкас! Дзве рукі будуць нястомна клапаціцца, каб ты не заўважаў страты адной. Дом, у якім ты знаходзішся, а таксама ўсё, што ёсць у доме, належыць табе. Акрамя таго, штогод ты будзеш атрымліваць суму, дастатковую, каб належаць да самых багатых людзей твайго народа. Павер, я больш няшчасны, чым ты”. Я мог здагадацца, хто напісаў гэты ліст, ды і стары купец на маё пытанне адказаў: “Гэта быў мужчына, здаецца, франк, ён насіў чырвоны плашч”.

Усё сведчыла пра тое, што незнаёмец не зусім быў пазбаўлены высакароднага ладу думак. У маім новым доме ўсё было ўладкавана найлепшым чынам, а тавары ў лаўцы былі нават лепшымі за страчаныя.

З таго часу мінула ўжо дзесяць гадоў. Больш па старой звычцы, чым з неабходнасці, выпраўляюся я ў гандлёвыя падарожжы, аднак ніколі больш не наведваў краіну, дзе стаў такім няшчасным. Штогод я атрымліваю тысячу залатых, і хоць гэта, прызнаюся, цешыць мяне, няшчасны незнаёмец павінен ведаць, што ягоныя грошы не могуць выкупіць смутак маёй душы, бо назаўжды будзе жыць у ёй жудасны вобраз забітай Б’янкі.

Цалёўкас, грэцкі купец, скончыў сваё апавяданне. Усе слухалі яго з вялікім спачуваннем, асабліва ж узрушаным выглядаў іншаземец, і Мулею нават здалося, што ён выціраў слёзы. Доўга разважалі яны пра гэтую гісторыю.

“Вы, напэўна, ненавідзіце гэтага незнаёмца, праз якога страцілі найвысакароднейшую частку цела ды яшчэ ледзь не развіталіся з жыццём?” – спытаўся іншаземец.

“Раней і праўда былі часы, калі маё сэрца вінаваціла яго перад Госпадам за тое, што ён распаліў ува мне гэты смутак і атруціў усё маё жыццё, ды я знайшоў суцяшэнне ў веры маіх дзядоў, а яна вучыць нас любіць ворагаў нашых. Да таго ж гэты чалавек сапраўды больш няшчасны, чым я”.

Ваша оценка очень важна

0

Дальше читают

Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке