Гарыла насіла такі самы гарнітур, як мы з вамі, я хачу сказаць, як нашы паляўнічыя, на адной з тых грандыёзных аблаў, што ладзяцца ў нас паслам і іншым важным персонам. Яе карычневая куртка здавалася сшытаю ў лепшым парыжскім атэлье, а пад ёй віднелася кашуля ў буйную клетку, — такія звычайна носяць нашыя спартоўцы. Трохі пашыраныя ўнізе брыджы былі запраўлены ў гетры. Тут падабенства канчалася: замест чаравікаў на нагах у гарылы была пара тоўстых чорных пальчатак.
Я паўтараю — вочы мяне не падманвалі!
З каўняра кашулі тырчала зарослая чорнаю поўсцю брыдкая галава: востры чэрап, прыплюснуты нос, велізарная сківіца. Гарыла стаяла, крыху нахіліўшыся ўперад, у тыповай паставе паляўнічага, які пільнуе звера, і яе доўгія рукі сціскалі стрэльбу. Яна затаілася акурат насупраць мяне, на іншым баку шырокай прасекі, да якой набліжаўся ланцуг загоншчыкаў.
Раптам гарыла насцярожылася. Я таксама пачуў у кустах трохі правей сябе лёгкі шоргат. Гарыла павярнула галаву, адначасова ўздымаючы стрэльбу, каб адразу ж прыцэліцца. З вяршыні пагорка я заўважыў, як варушыцца кустоўе, скрозь якое прадзіраўся наўздагад адзін уцякач. Я хацеў крыкнуць, каб засцерагчы яго, настолькі быў мне ясны намер малпы. Але толькі я сабраўся гэта зрабіць, як чалавек выскачыў на адкрытае месца з хуткасцю аленя. Куля трапіла ў яго, калі ён быў на сярэдзіне прасекі. Чалавек падскочыў, упаў, забіўся ў канвульсіях і выпусціў дух.
Але я не адразу звярнуў позірк на забітага — уся мая ўвага была скіраваная на гарылу. Я пільна сачыў за ёю з таго самага моманту, як яна пачула шоргат, і быў дужа ўражаны багаццем яе мімікі: спачатку на мордзе ў гарылы чыталася напружлівае чаканне паляўнічага, які пільнуе дзічыну, потым жорсткая радасць ад удалага стрэлу, а сама дзіўнае ва ўсім гэтым было тое, што малпа выяўляла свае пачуцці гэтаксама ж, як і чалавек. Вось гэта і ўразіла мяне больш за ўсё: у вачах у гэтай жывёлы свяціўся розум, якога зусім не было ў людзей Сароры.
Але пачуццё небяспекі, што пагражала мне самому, хутка адагнала маё здзіўленне. Стрэл прымусіў мяне зноў глянуць на ахвяру, і я стаў сведкам яе перадсмяротнай агоніі. Потым я з жахам заўважыў, што ўся прасека завалена чалавечымі целамі. Зніклі мае апошнія ілюзіі наконт убачанага. Крокаў за сто ад першай гарылы я заўважыў другую, адзетую гэтаксама ж. Гэта была аблава, фантастычная аблава, у якой паляўнічыя былі малпы, растаўленыя ў ланцуг з аднолькавымі інтэрваламі, а дзічынаю — такія ж, як я, людзі, мужчыны і жанчыны, чые голыя целы, прастрэленыя, скурчаныя, застылыя ў сама дзікіх паставах, валяліся на скрываўленай зямлі. І сам я быў дзічынаю!..
Не вытрымаўшы жудаснага відовішча, я адвёў позірк ад прасекі. Лепш ужо было глядзець на карыкатуру — і я зноў пачаў назіраць за гарылаю, якая перакрывала мне шлях наперад. Яна павярнулася, і я ўбачыў за яе спінаю другую малпу, якая стаяла ззаду, бы слуга каля свайго гаспадара. Гэта быў шымпанзэ, шымпанзэ маленькага росту, відаць, яшчэ малады, але, клянуся, шымпанзэ! Адзеты ён быў праўда, не так вытанчана, як гарыла, а ў простую кашулю і штаны, аднак спрытна спраўляўся са сваімі абавязкамі, якія адразу ж сталі мне зразумелыя, калі гарыла працягнула яму стрэльбу, а ён падаў ёй другую, зараджаную. Потым шымпанзэ хутка дастаў з патранташа на поясе патроны, якія бліснулі ў промнях Бетэльгейзе, і, перазарадзіўшы першую стрэльбу, зноў заняў сваё месца ззаду гарылы.
Усе гэтыя ўражанні абваліліся на мяне ўмомант. Я спрабаваў абдумаць іх, прааналізаваць, але часу на гэта не было. Левэн ляжаў побач са мною, здранцвелы ад страху, і нічым не мог мне дапамагчы. Небяспека ўзрастала з кожнай секундаю. Загоншчыкі набліжаліся. Гвалт і крыкі, усчатыя імі, аглушалі. Нас ахапіла паніка, як дзікіх звяроў, як гэтых няшчасных людзей, што прабягалі міма нас. Племя, як выявілася, было намнога больш люднае, чым я думаў, таму што мужчыны і жанчыны ўсё яшчэ выскоквалі на прасеку, дзе іх чакала жахлівая смерць.
Аднак не ўсіх. Спрабуючы трымаць сябе ў руках, я назіраў з вышыні пагорка за паводзінамі ўцекачоў. Большасць, звар'яцеўшы ад страху, з гвалтам ламілася напрасткі праз кусты, даючы такім чынам знаць пра сябе малпам, якія расстрэльвалі людзей ва ўпор. Але некаторыя паводзілі сябе больш асцярожна, як старыя кабаны-секачы, што пабывалі ўжо ў многіх аблавах і навучыліся ўсялякім хітрыкам. Гэтыя ўцекачы нячутна падбіраліся да прасекі, заміралі, чакаючы, пакуль бліжэйшы паляўнічы адвернецца — і адразу ж выскоквалі з кустоў, імгненна перасякаючы смертаносную зону. Многім удавалася перабегчы праз усю прасеку і знікнуць у непраглядным зарасніку на другім баку.
Магчыма, гэта быў наш адзіны шанц на ўратаванне. Я зрабіў Левэну знак рушыць услед за мною і папоўз да апошніх кустоў перад прасекаю. Але калі мы дабраліся да іх, мяне ахапіла раптам недарэчнае абурэнне. Як гэта я, чалавек, буду хітрыць, каб падмануць малпу? Каб не абразіць сваёй годнасці, я павінен зараз жа ўстаць і палкаю адлупцаваць жывёл. Аднак жудасны гармідар, які ўсё нарастаў, прагнаў ідыёцкі настрой.
Паляванне канчалася. Грукат стаяў такі, што можна было звар'яцець. Загоншчыкі былі ўжо ў нас за спінаю. Я паспеў разгледзець праз лістоту аднаго з іх. Гэта была вялізная гарыла, якая галасіла і ўлюлюкала ва ўсё горла, стукаючы палкаю па ствалах дрэў. Мне яна здалася яшчэ больш страшнай, чым гарыла-паляўнічы. Левэн увесь затросся, ажно зашчоўкаў зубамі, а я, затаіўшы дыханне, чакаў зручнага моманту, каб кінуцца да гушчару.
І тут мой няшчасны таварыш, сам таго не ўсведамляючы, уратаваў мяне сваёй неасцярожнасцю. Зусім страціўшы галаву, Левэн ускочыў, безразважна кінуўся бегчы і апынуўся на адкрытай прасторы акурат перад дулам бліжэйшага паляўнічага. Адбегчы далёка яму не ўдалося. Стрэл нібыта пераламаў яго напалам, і Левэн зваліўся побач з трупамі астатніх уцекачоў. Мне не было калі аплакваць яго. Сціснуўшыся ў камяк, я вычакаў, калі гарыла аддасць стрэльбу слузе на перазарадку, і, выскачыўшы з кустоў, кінуўся бегчы цераз прасеку. Я бачыў, быццам у сне, як гарыла таропка схапіла зараджаную стрэльбу, але перш чым яна паспела прыцэліцца, я паспеў нырнуць у зараснік. Я пачуў яе крык, мусібыць, яна лаялася, але мне было не да абдумвання гэтай новай недарэчнасці.
Перамога была за мною. Душа мая ганарліва трыумфавала — ува мне зноў загаварыла прыніжанае самалюбства. Я бег з усіх ног далей ад крывавай бойні, і неўзабаве крыкі загоншчыкаў за маёй спінаю змоўклі. Я выратаваўся.
Выратаваўся? На жаль, я недаацаніў злой хітрасці малпаў Сароры. Не прабег я і сто метраў, як спатыкнуўся і адразу ж наляцеў на нейкую перашкоду на маім шляху, схаваную ў зарасніку. Гэта была расцягнутая над зямлёю сетка з буйнымі ячэйкамі і кашалямі, у адным з якіх я і заблытаўся. І не адзін я трапіў у гэтую пастку. Сетка перакрывала досыць шырокую паласу лесу, і ў ёй боўталіся няўдалыя ўцекачы, якія здолелі ўратавацца ад расстрэлу на прасецы. Адчайныя рыўкі сеткі і злосны віск вакол мяне найлепшым чынам давялі мне ў лічаныя імгненні марнасць іх намаганняў выбрацца на волю.
Калі я адчуў сябе ў пастцы, мною авалодала сляпая, звярыная лютасць, мацнейшая за страх, і я страціў усякую здольнасць разважаць. Наадварот, нібыта звар'яцелы, рабіў якраз тое, што разумнаму чалавеку ніяк было нельга рабіць: кідаўся ў сетцы з боку ў бок, спрабуючы вырвацца, пакуль не заблытаўся канчаткова, так, што ўжо і паварухнуцца не мог. Мне засталося толькі моўчкі чакаць, спадзеючыся на літасць малпаў, якія, я чуў, падыходзілі ўжо да нас.
Калі я ўбачыў, што да нас набліжаюцца малпы, мяне ахапіў смяротны жах. Пасля таго, чаму давялося стаць сведкам, здалося, што гэтыя жорсткія стварэнні зараз жа пачнуць знішчаць палонных.
Наперадзе ішлі паляўнічыя, усе гарылы. Я заўважыў, што яны без зброі, і ў душы ў мяне зацеплілася надзея. За стралкамі да нас кіраваліся слугі і загоншчыкі, сярод якіх, апроч гарыл, было прыблізна столькі ж шымпанзэ. Стралкі трымаліся вяльможна, быццам сапраўдныя арыстакраты. Яны былі ў цудоўным гуморы і, відаць, не мелі да нас ніякіх благіх намераў.
Нялёгка мне было прывыкнуць да ўсіх парадоксаў гэтай планеты, каб напісаць падобную фразу, не задумваючыся над яе недарэчнасцю! Толькі ж менавіта так усё і было! Гарылы выглядалі сапраўднымі арыстакратамі. Яны весела перагаворваліся на незразумелай, але досыць выразнай мове, а міміка іх перадавала ўсе адценні чалавечых пачуццяў, сляды якіх я так марна спрабаваў адшукаць на твары ў Новы.
Што да сарорскай прыгажуні, дык я нават не ведаў, што з ёю. Пры адным толькі ўспаміне пра крывавую прасеку мяне праймалі дрыжыкі. Цяпер я ўжо разумеў, чаму так усхвалявалася Нова, убачыўшы нашага шымпанзэ. Тут, мусіць, людзі і малпы люта ненавідзелі адны адных. Я канчаткова ў гэтым пераканаўся, калі ўбачыў, як паводзяць сябе палонныя пры малпах, што набліжаліся да іх. Яны сутаргава тузаліся, падскоквалі на карачках, раз'юшана скрыгаталі зубамі і з пенаю на вуснах грызлі вяроўкі сеткі.
Не зважаючы на ўсю гэтую калатнечу, гарылы-паляўнічыя — я злавіў сябе на тым, што называю іх панамі, — аддавалі загады сваім слугам. На дарозе, дзе была расцягнута сетка, з'явіліся даволі нізкія трактарныя прычэпы, на якіх стаялі клеткі. Вось у гэтыя клеткі нас і кідалі — з разліку тузін на прычэп, і працягвалася гэта досыць доўга, таму што палонныя адчайна адбіваліся. Дзве гарылы-слугі, нацягнуўшы тоўстыя скураныя пальчаткі, якія засцерагалі іх ад укусаў, хапалі людзей аднаго за адным, вызваляючы з сеткі, шпурлялі ў клеткі і хутка засоўвалі дзверцы, а адна гарыла-пан кіравала імі, нязмушана абапёршыся на трысціну.
Калі чарга дайшла да мяне, я хацеў загаварыць, каб прыцягнуць да сябе ўвагу. Але толькі я разявіў рот, як гарыла-слуга груба заціснула мне яго вялізнай лапаю ў пальчатцы, падумаўшы, пэўна, што я збіраюся яе ўкусіць. З заціснутын ротам не пагаворыш! Мяне, быццам якую торбу, кінулі ў клетку, і я апынуўся ў кампаніі дзесятка іншых мужчын і жанчын, яшчэ занадта ўзбуджаных, каб звярнуць на мяне ўвагу.
Нарэшце ўсе палонныя былі пагружаны, гарыла-слуга праверыла засаўкі на клетках і сказала нешта свайму гаспадару. Той махнуў рукою, і лес адразу ж напоўніўся гулам матораў. Прычэпы тузануліся і пакаціліся за машынамі, падобнымі на нашы калёсныя трактары, кіравалі якімі зноў жа малпы. Я добра разгледзеў кіроўцу, які сядзеў за рулём трактара ззаду нашага. Гэта быў шымпанзэ ў сінім кабінезоне. Напэўна, ён быў у выдатным настроі, бо адпускаў раз-пораз нам кплівыя жарты, штосьці напяваючы сам сабе: калі гул матораў заціхаў, да мяне даносіліся абрыўкі томнае мелодыі з даволі прыемным матывам.