— О Зіра, Зіра! — усхліпваў я.
Яна супакойвала мяне і суцяшала, нібыта маці свайго дзіцёнка, а я жаліўся ёй і гаварыў, гаварыў, нічога не тоячы, адкрываючы ўсе свае пачуцці і думкі, якіх Нова не магла ацаніць.
О цудоўная шымпанзэ! Дзякуючы ёй я апошнім часам мог досыць часта бачыцца з Новаю ўпотайкі ад інстытуцкага кіраўніцтва. Я праседжваў побач з ёю цэлымі гадзінамі, прагна лавіў у яе позірку кожную іскрынку думкі, і гэтак, у чаканні нараджэння дзіцяці праходзілі тыдні.
Аднаго разу Карнэлій усё ж рашыўся паказаць мне энцэфалічнае аддзяленне, пра якое расказваў дзівосы. Загадзя папрасіўшы прабачэння, што не зможа суправаджаць мяне з-за тэрміновай працы, ён пазнаёміў мяне з загадчыкам аддзялення, тым самым геніяльным маладым шымпанзэ па імені Гелій.
— Я вярнуся праз гадзіну, — сказаў Карнэлій, — каб паказаць вам сама выдатны з нашых эксперыментаў, той, які дае нам новыя доказы, пра якія я вам казаў. А пакуль што, думаю, вам будзе цікава пазнаёміцца з класічнымі вопытамі.
Гелій павёў мяне за сабою ў вялікую залу з двума радамі клетак, падобную на ўсе аналагічныя памяшканні інстытута. Але толькі я ўвайшоў, як мне адразу ж ударыў у нос рэзкі аптэчны пах — ён нагадаў мне пах хлараформу. Як выявілася, гэта і праўда быў нейкі анестэзійны сродак. Мой гід растлумачыў мне, што цяпер усе хірургічныя аперацыі праводзяцца пад наркозам. Ён падкрэсліваў гэтую дэталь, бо лічыў яе доказам высокага развіцця малпавай цывілізацыі, якая імкнецца пазбавіць ад любых залішніх пакут нават падвопытных людзей. Маўляў, я магу быць спакойны!
Але адчуваў я сябе не надта спакойна. І зусім ужо расхваляваўся, калі на заканчэнне сваіх уводзін Гелій прызнаў, што з гэтага гуманнага правіла ўсё ж робяць выключэнні, каб вывучыць менавіта механізм пакуты і лакалізаваць яе нервовыя цэнтры. Але дэманстраваць мне такія вопыты ў той дзень ён не збіраўся.
Падобнае прызнанне не магло не абвострыць яшчэ больш маю чуллівасць. Я згадаў, як настойліва адгаворвала мяне Зіра ад наведвання гэтага аддзялення, куды яна сама заходзіла толькі ў выпадку неабходнасці. І хацеў ужо быў павярнуць назад пад якімсьці праўдзівым прэтэкстам, але Гелій апярэдзіў мяне.
— Калі хочаце, — прапанаваў ён, — можаце прысутнічаць пры аперацыі. Вы самі пераканаецеся, што падвопытны не адчувае болю. Не хочаце? У такім разе я пакажу вам вынікі эксперыментаў.
І, прайшоўшы зачынены пакой, адкуль даносіўся пах лекаў, ён павёў мяне да клетак. У першай я ўбачыў досыць прыгожага, але неверагодна худога юнака. Ён ляжаў на сваёй падсцілцы. Перад ім, каля самага носа, стаяла міска з салодкай кашай, ласункам сарорскіх людзей. Юнак абыякава, нерухома глядзеў на ежу.
— Глядзіце, — сказаў Гелій, — гэты чалавек галодны: ён не еў ужо суткі. І ўсё ж такі ніяк не рэагуе на сваю любімую ежу. Гэта вынік выдалення часткі лобнай мазгавой долі. Аперацыя зроблена некалькі месяцаў назад, і з таго часу ён у гэтым стане. Прыходзіцца прымушаць яго есці. Бачыце, які ён змарнелы?
Гелій зрабіў знак санітару, які ўвайшоў у клетку і сунуў юнака носам у міску. Падвопытны пачаў хлябтаць кашу.
— Але гэта звычайны выпадак, — гаварыў далей Гелій. — Вось цікавейшыя. У кожнага з падвопытных былі пашкоджаны розныя ўчасткі кары галаўнога мозгу.
Мы праходзілі міма клетак, дзе сядзелі мужчыны і жанчыны рознага ўзросту. Шыльдачкі на дзвярах кожнай клеткі з масай тэхнічных дэталяў паведамлялі, якую аперацыю перанёс чалавек.
— Некаторыя ўчасткі кары забяспечваюць наяўнасць безумоўных рэфлексаў, іншыя — умоўных. Вось, напрыклад, гэты выпадак…
У гэтага «выпадку» аднялі цэлы ўчастак мозгу з патылічнай вобласці. Цяпер ён не ўспрымаў ні формы прадметаў, ні аддегласці паміж імі, што і прадэманстраваў серыяй беспарадкавых рухаў, калі санітар наблізіўся да яго. Ён не мог пераступіць цераз палку на падлозе. А працягнуты няшчаснаму невялікі яблык палохаў яго так, што ў жаху ён спрабаваў уцячы. Чалавек не мог нават учапіцца за краты і хапаўся пальцамі за пустэчу.
— А вось гэты быў раней цудоўным экземплярам, — падмігнуў мне шымпанзэ. — Нам удалося навучыць яго дзівосным трукам. Ён ведаў сваё імя і выконваў некаторыя простыя загады. Спраўляўся ў вопытах з досыць складанымі загадамі і нават умеў карыстацца прымітыўнымі інструментамі. А сёння ён не памятае нічога. Не ведае свайго імя. Нічога не ўмее рабіць. Ён стаў сама тупы з усіх нашых паддоследных. Над ім была праведзена найтанчэйшая аперацыя: выдаленне скроневых доляў.
Ад усіх гэтых жахаў, якія каменціраваў, грымаснічаючы, шымпанзэ, сціскалася сэрца. Перада мною былі людзі, паралізаваныя часткова ці цалкам, пазбаўленыя зроку. Я ўбачыў маладую жанчыну, якая мела, паводле слоў Гелія, вельмі развіты мацярынскі інстынкт — цяпер ён цалкам знік, бо ёй зрабілі аперацыю на аснове паўшар'яў. Яна груба адштурхоўвала сваё дзіця кожны раз, калі тое спрабавала падлезці да яе. Гэта для мяне было ўжо занадта! Я падумаў пра Нову, пра тое, што і яна хутка стане маці, і кулакі мае сціснуліся. На шчасце, Гелій павёў мяне ў іншую залу, і па дарозе я паспеў авалодаць сабою.
— У гэтай зале, — сказаў мне з таямнічым выглядам шымпанзэ, — мы займаемся эксперыментамі шмат больш складанымі. Тут скальпель саступае месца танчэйшаму інструменту. Мы раздражняем розныя ўчасткі галаўнога мозгу электрычным токам. Нам удалося дасягнуць адмысловых вынікаў. А ў вас на Зямлі ставяць такія вопыты?
— На малпах! — закрычаў я раз'юшана.
Шымпанзэ не пакрыўдзіўся, нават усміхнуўся.
— Ну, вядома. Аднак я не думаю, каб вы дасягнулі такіх самых поспехаў, як і мы. Я маю на ўвазе эксперымент, які доктар Карнэлій хоча паказаць вам сам. А пакуль што прадоўжым знаёмства са звычайнымі вопытамі.