Пьер Буль - Планета малпаў стр 16.

Шрифт
Фон

— А што за Карнэлій?

— Мой жаніх, — адказала Зіра, пачырванеўшы. — Вялікі, сапраўдны вучоны.

— Шымпанзэ?

— Ну вядома!.. Дык вось, я асабіста ўпэўненая: той факт, што мы — чатырохрукія, адыграў у нашай духоўнай эвалюцыі велізарную ролю. Гэта дазволіла нам спачатку ўзняцца на дрэвы і такім чынам асвойтацца ў трохмернай прасторы, у той час як чалавек, прывязаны да зямлі праз сваю фізічную недасканаласць, чэзнуў на адной плоскасці. Потым мы стварылі розныя прылады, зноў жа таму, што маглі ўдала імі карыстацца. Пачаўся прагрэс, і такім чынам мы дасягнулі вяршынь розуму.

На Зямлі я часта чуў, як абсалютна процілеглыя доказы прыводзілі для тлумачэння перавагі чалавека над астатнімі жывёламі. Аднак, падумаўшы, я вырашыў, што разважанні Зіры ні кроплю не менш пераканаўчыя за нашыя.

Я хацеў прадоўжыць гэтую размову, на языку ў мяне круціліся сотні пытанняў, але тут нас перапынілі Зарам і Занам, якія прынеслі ежу для вячэрняй кармёжкі. Зіра шэптам пажадала мне: «Дабранач!» — і пайшла.

Я зноў застаўся ў клетцы сам-насам з Новаю. Мы паелі. Гарылы пайшлі, патушыўшы за сабою ўсе лямпы, апрача начніка над дзвярыма, ад якога лілося цьмянае святло. Я глядзеў на Нову, раздумваючы пра ўсё, што зведаў за гэты дзень. Нова, натуральна, ненавідзела Зіру, і мае гамонкі з шымпанзэ раз'юшвалі яе. Спачатку яна як магла выказвала сваю незадаволенасць, спрабуючы перашкодзіць нам: станавілася паміж мною і Зіраю, скакала па клетцы, вырывала з падсцілкі пучкі саломы і кідала іх у галаву разводніцы. Каб утаймаваць яе, я быў вымушаны выкарыстаць сілу. Атрымаўшы ад мяне некалькі звонкіх плескачоў, Нова нарэшце супакоілася. Я дазволіў сабе такі недалікатны жэст міжволі і пазней шмат з-за гэтага перажываў, аднак Нова, здавалася, не сердавала зусім.

Разумовае напружанне, якога вымагалі ад мяне тэорыі эвалюцыі, распрацаваныя малпамі, забрала ў мяне ўсю сілу. Так што я быў толькі рады, калі ўбачыў, што, наблізіўшыся, Нова пачала лашчыць мяне. Ласкі яе былі паўчалавечыя, паўжывёльныя: за ўвесь гэты час, пераймаючы адно аднаго, мы вынайшлі спосаб любоўных гульняў, які ўвабраў у сябе часткова звычаі цывілізаваных зямлян і дзікуноў Сароры.

Для мяне гэта быў асаблівы дзень. Паддаўшыся нарэшце маім просьбам, Зіра згадзілася вывесці мяне з Інстытута вышэйшай фізіялогіі — так называлася нашая ўстанова — на прагулку па горадзе.

Яна рашылася на гэта пасля доўгіх ваганняў. Спатрэбілася багата часу, каб яна прывыкла лічыць мяне разумнай істотаю. Пакуль яна заставалася са мною, ёй гэта было няцяжка, але потым Зіру зноў адольвалі сумненні. Паспрабуйце ўявіць сябе на яе месцы! Мае расказы пра людзей, а галоўнае, пра малпаў Зямлі абурылі яе — інакш і быць не магло. Пазней Зіра прызналася, што доўгі час ёй больш хацелася бачыць ува мне чараўніка ці шарлатана, абы толькі не прызнаваць прыведзеныя мною факты. Аднак пад націскам шматлікіх удакладненняў і доказаў яна канчаткова паверыла ў мяне і нават пачала абдумваць планы майго вызвалення, справы, дарэчы, зусім не простай, як яна мне растлумачыла. А пакуль што яна прыйшла за мною неўзабаве пасля поўдня, каб вывесці мяне на шпацыр.

Пры адной толькі думцы, што я зноў убачу неба над галавою, сэрца маё так і закалацілася, але я прыкметна астыў, калі ўбачыў, што Зіра збіраецца весці мяне на ланцужку. Гарылы выцягнулі мяне з клеткі, бразнуўшы дзвярыма перад носам у Новы, і надзелі мне на шыю скураны ашыйнік з прымацаваным да яго надзейным ланцугом. Зіра схапіла свабодны канец ланцуга і павяла мяне да выйсця пад улюлюканне Новы, якое раздзірала мне душу. Ахоплены жалем, я пачаў супакойваць яе сяброўскімі жэстамі, але, заўважыўшы гэта, шымпанзэ засердавала і, надта не цырымонячыся, тузанула за ланцуг. З тае пары як Зіра ўпэўнілася, што ў мяне малпін розум, мая сувязь з гэтай дзяўчынаю шакіравала яе.

Але калі мы засталіся адны ў паўцёмным пустым калідоры, яе дурны настрой прайшоў.

— Напэўна, людзі Зямлі не прывыклі, — спыталася яна, смеючыся, — каб іх вось так прагульвала на павадку малпа?

Я запэўніў яе, што ў нас такога не ўбачыш. Папрасіўшы прабачэння, Зіра растлумачыла, што некаторых прыручаных людзей можна вадзіць па вуліцах, не баючыся скандалу, але будзе спакайней, калі я застануся на ланцугу. Пазней, калі яна пераканаецца ў маёй паслухмянасці, я, магчыма, змагу прагульвацца з ёю і без ланцуга.

Потым яна забылася, хто я такі — з Зіраю гэта здаралася, — і засыпала мяне ідыёцкімі настаўленнямі:

— Не надумайся толькі кідацца на мінакоў або скаліць зубы… І божа цябе барані падрапаць якое-небудзь даверлівае дзіця, калі яно захоча пагладзіць цябе. Я не надзела табе наморднік, аднак…

Але тут Зіра з рогатам спынілася.

— О, прабач мне, прабач! — усклікнула яна. — Я ўвесь час забываюся, што ты разумны, як малпа…

Яна па-сяброўску паляпала мяне па плячы, просячы прабачэння. Яе весялосць прыцішыла злосць, якая пачала ўжо закіпаць ува мне. Мне заўсёды было прыемна чуць, як смяялася Зіра. Згадваючы Нову, якая ўсё яшчэ не магла выказваць гэтак сваю радасць, я толькі ўздыхаў. Неўзабаве весялосць шымпанзэ перадалася і мне. У паўзмроку калідора рысы Зіры былі амаль нябачныя — я бачыў толькі яе белую пысачку. Зіра надзела яркую сукенку, а на галаву нацягнула студэнцкі каўпачок, які закрываў яе вушы. На імгненне я нават забыўся, што гэта малпа, і ўзяў яе пад руку. Гэта здалося ёй натуральным, і яна не запярэчыла. Так, прыціснуўшыся адно да аднаго, мы прайшлі некалькі метраў. Але ў канцы калідора было бакавое акно, і, спыніўшыся перад ім, Зіра жыва вызваліла руку і адштурхнула мяне. Пасур'ёзнеўшы, яна нацягнула ланцуг.

— Ты не павінен гэтага рабіць, — сумна сказала яна. — Па-першае, я заручаная і…

— Ты заручаная?!

Недарэчнасць гэтай заўвагі, зробленай у сувязі з маім нявінным сяброўскім жэстам, мы адчулі адначасна. Пысачка ў Зіры паружавела, і яна паправілася:

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке