— А ты рыцара папрасі, каб цябе правёў... — з’едліва прапанаваў Додзік.
— Ат, рыцар толькі цішком нешта зрабіць можа, — адмахнулася Галінка.
Да апошняга званка заставаўся тыдзень.
Лёшка на перапынку аж ускочыў на стол, каб паведаміць сваю навіну.
— Прашу ўвагі! Ў гэтую нядзелю я запрашаю ўсіх адзначыць дзень майго нараджэння. Чакаю ўсіх у пяць гадзін. Форма адзення — паходная, бо ўсё мерапрыемства пройдзе на беражку возера. Усё. Хто не жадае ці не можа — прашу папярэдзіць адразу.
Назаўтра, у нядзелю, большая частка класа сабралася каля дома Лёшкі. Ён быў зусім не радасна ўзбуджаны, востраносы яго твар ззяў рашучасцю, аж рабацінкі пахаваліся.
— Так, сябры мае! Мы абяцалі вам усім удзел у паляванні на нашага невядомага рыцара. Пастка сёння захлопнецца, план ужо пачаў дзейнічаць. Гэта будзе цудоўны спектакль. У нас гадзіна, каб падрыхтавацца.
— Чакайце, чакайце! — Грышка нервова зняў акуляры. — Не рабіце гэтага. Я вам скажу яго імя.
— Позна, філосаф! — ступіў да яго Генадзь. — Цябе прасілі аб гэтым раней. А сёння мы абыдземся без цябе.
— У вас нічога не атрымаецца.
— Ты перашкодзіш?
— Я!
— Ну, не. Мы прадугледзелі і гэта. Ты ў нас на час палявання пасядзіш у лазні. Пад арыштам!
— Што вы прыдумалі? Вы права на гэта не маеце! — ступіў наперад з паўкола аднакласнікаў стараста Юрась.
— І ты пасядзіш! Вядзіце іх!
Дужы Додзік, Толік і яшчэ некалькі хлопцаў акружылі Юрася з Грышкам. Яны разгублена азіраліся вакол. Моўчкі, уражаныя застылі астатнія аднакласнікі — ніхто не чакаў, што справа прыме такі сур’ёзны характар.
— Прыйшоў час даведацца, хто ўвесь год таптаў нас у бруд, хто ўзяў на сябе абавязак вучыць нас жыць, хто палічыў сябе самым лепшым і самым разумным, — амаль урачыста загаварыў Генадзь. — Успомніце тыя хвіліны, калі класная стала нам дзякаваць. Вам не хацелася праваліцца скрозь зямлю? То скажыце “дзякуй” рыцару за тыя хвіліны. Асабіста я вельмі хачу гэта зрабіць. І ніхто нам не перашкодзіць. Уперад, у лес! А гэтыя двое няхай пакуль папарацца ў лазні. Вядзіце іх!
Праз паўгадзіны ўсе былі на месцы. Лёшка энергічна стаў расстаўляць хлопцаў каля вяровак, якія яны з Додзікам, Толікам і Косцем прывязвалі тут днём.
— Як толькі дам каманду — нацягвайце і завязвайце на ўзроўні грудзей. Астатнія — вунь там яміна, хавайцеся ў ёй. Усім сядзець ціха, не высоўвацца! Што б ні здарылася на дарозе — пакуль не крыкну, не вылазіць.
Яшчэ праз дзесяць хвілін у лесе каля дарогі стала ціха, бязлюдна, быццам нікога і не было.
Лёшка ляжаў пад ялінкай разам з Косцем. Адсюль быў відаць кавалак дарогі з мастком, шэры клін ельніку. Хілілася сонца да захаду, несла халадком з нізіны, ад мастка.
Паказаўся на дарозе Додзік — у старой ватоўцы, у глыбока насунутай на вочы шапцы. Падышоў да мастка, прысеў каля бярозы. Запаліў цыгарэту...