Паліцай жартаўліва пакланіўся і адрэкамендаваўся:
— Я — грамадзянін незалежнай беларускай дзяржавы, Сымон Шаціла.
Ну як падтрымліваць гутарку з такім «грамадзянінам»? Але нічога не
зробіш, і яна спакойна сказала:
— Які ж вы незалежны грамадзянін, калі служыце нямецкаму фюрэру?
— Лепш фюрэру, чым бальшавікам, — адказаў ён самазадаволеным тонам. — А хіба вы іначай глядзіце?
Вось куды гне, падлюга!
— Гэта не залежыць ад нашага погляду, — дыпламатычна адказала Маня. — Вайна толькі пачынаецца і невядома яшчэ, што будзе.
— Невядома? — засмяяўся Шаціла. — Каму невядома, а каму вядома. Немцы пад Масквой ужо...
Маня асцярожна павярнулася, зірнула назад і з палёгкай уздыхнула:
— Выбачайце, мне трэба ісці.
І пабегла прэч.
Калі Ліза падышла да Рэні, тая адразу заплакала. То былі слёзы не толькі гора, але і радасці.
— Прыйшла!.. — загаварыла яна дрыжачым голасам. — Прыйшла!.. Дзякую табе... Возьмеш?
І яна з такой мальбой паглядзела на Лізу, што і ў той пакаціліся слёзы.
— Вазьму, вазьму, — паспяшыла яна адказаць.
— Бяры... хутчэй... А то ўбачаць і адбяруць.
Уся трасучыся, Рэня апошні раз прыціснула да грудзей сваё дзіця, а потым спешна пачала прасоўваць яго праз калючы дрот.
Ліза памагала рассоўваць калючкі. Крывавыя плямы — Рэніны ці Лізіны — зачырванелі на белай коўдрачцы.
— Хутчэй... хутчэй... — паўтарала маці, увесь час азіраючыся.
Калючка зачапілася, парвала коўдрачку. Дзіця заплакала.
— Нічога, нічога, — мармытала Рэня. — я яго накарміла, ён хутка супакоіцца. Ідзі, бяжы хутчэй, а то адбяруць...