— Хлопчык, — весела адказала Ліза, — і завецца Фелікс, Феля.
— Феля? — устрывожылася маці. — Гэта яўрэйскае імя? Трэба будзе перамяніць.
— Не, гэта лацінскае імя. Фелікс — значыць, шчаслівы.
— Нездарма ён мае такую заступніцу, — дабрадушна сказала маці.
Ліза, як козачка, усхапілася на ногі, палажыла маці на плечы абедзве рукі і, блізенька нахіліўшыся да яе твару, сказала:
— Значыцца, мамка, ты згодна? Так?
— Пачакай, пачакай, хіба можна так адразу? — засупярэчыла маці, але Ліза ўжо бачыла, што пералом адбыўся.
Так яно і было. Да гэтай хвіліны маці не дапускала ні малой магчымасці пайсці насустрач непрадуманаму жаданню дачкі, і ўсе яе думкі, усе яе довады былі накіраваны на тое, каб даказаць ёй і сабе гэтую немагчымасць. А цяпер яна на адзін толькі міг дапусціла жаданне задаволіць дачку — і тады адразу самі сабой сталі лезці ў галаву довады таго, што гэта магчыма. Уся справа ў турботах, але ці ёй, працоўнай жанчыне, баяцца турботаў? Толькі першыя некалькі месяцаў будзе цяжка, а далей будзе лягчэй і, можа, нават прыемна. Калі ж адмовіць, то для Лізы будзе такая душэўная рана, якая невядома калі загаіцца. Ды яшчэ яна можа не паслухацца і наробіць горшай бяды. А справа ж добрая, чалавечная. І яшчэ, і яшчэ пайшлі падобныя думкі, нібы карыстаючыся тым, што для іх прыадчыніліся дзверы. Нездарма кажуць, што жаданне — маці думак.
— Ну, што, мама, згодна? — наступала Ліза.
— Ды, відаць, нікуды не дзенешся, — з цёплай усмешкай сказала маці. — Але бацьку пакуль што казаць не будзем. Будзем улагоджваць пасля таго, як дзіця з’явіцца.
— Дзякую, мамачка! — заскакала Ліза і пачала цалаваць увесь яе твар. — Я ведала, што мая мама добрая!
І добрай жанчыне здалося, нібы яна сама даўно ўжо думала, каб дзе знайсці і прытуліць якое няшчаснае дзіцё.
У хуткім часе прыйшоў бацька, з выгляду дужы, поўны мужчына з чырвоным тварам. Але паўната гэтая была нездаровая: яго мучыла ў сярэдзіне нейкая хвароба ды апухалі ногі. Да вайны ён быў вартаўніком на гарадской электрастанцыі, а цяпер яшчэ не знайшоў сабе адпаведнай работы. Хоць рабочы чалавек усюды быў патрэбны, але цяжкая фізічная праца была яму не па сілах, а калі траплялася па сілах, то была не па нагах — далёка.
— Вось і рабі, што хочаш, — сказаў ён злосна. — Пакуль знойдзеш работу, немцы забяруць і пагоняць на катаргу. Палююць, як на звяроў. Могуць і да вас дабрацца. На кожны выпадак прыглядайцеся, дзе б зачапіцца, пакуль пройдзе гэтая навала.
Распрануўшыся, ён сеў за стол. Маці тым часам прынесла яму міску поснага баршчу і некалькі халодных нячышчаных бульбін. Бацька моўчкі, панура стаў есці.
На дварэ сцямнелася. Ліза пайшла зачыняць аканіцы. Запалілі капцілку. Кволы агеньчык бездапаможна хістаўся, вырываючы са змроку то будзільнік на камодзе, то чорны чыгун на прыпечку, то нікеляваную галоўку ложка, то даўгую сасновую лаву ля сцяны, аклеенай шпалерамі проста па бярвеннях.
Маці глядзела на сутулую спіну мужа, слухала яго абрывістыя словы і ўсё думала: ну як тут прыступіцца да яго? Які язык можа паварушыцца, каб прапанаваць гэтаму чалавеку ўзяць на сваю галаву яшчэ нейкае невядомае дзіцянё? Ён проста палічыць іх за вар’ятак. І навошта яна згадзілася?..
Цэлую ноч не спала бедная жанчына...
Хвалявалася і Ліза, але не з тае прычыны, што маці. Яна ўяўляла сабе, што цяпер робіць і думае Рэня. А разам з ёю многа-многа тысяч людзей, палова горада, таксама цяпер сядзяць у хатах і чакаюць смерці. А завошта — ніхто не ведае. Можа, цяпер, у гэтую самую мінуту, уварваліся да іх нелюдзі і пачалі страляць, рэзаць усіх, усіх...
Ліза задрыжала ўсім целам і схавалася пад коўдру...
На вуліцы пачуўся шум. Затым з грукатам расчыніліся дзверы — і ў пакой уварваліся немцы з вінтоўкамі. «І нам прыйшоў канец!» — з жахам падумала Ліза, і дзікі крык вырваўся з яе грудзей...
— Што з табой? — пачуўся трывожны голас маці.