І ў пакойчык увайшла шчуплая жанчына гадоў пад пяцьдзясят. Яна адразу заўважыла, што з дачкой нешта здарылася, і вочкі яе трывожна замітусіліся ў зморшчках, як мухі ў павуцінні.
— Што з табой? Кажы! — загаварыла яна, паклаўшы руку на плячо дачкі.
Ліза прытулілася да матчыных грудзей і сказала:
— Мама, ты ведаеш Рэню?
— Вашу важатую? Памятаю.
— Яна цяпер у гэта... Схопленая...
— Ох, колькі людзей там цяпер!.. — уздыхнула маці.
— І ў яе малое дзіця на руках...
— Не шкадуюць, людаеды, ні малых, ні старых, — сумна сказала маці.
— Мы павінны выратаваць хоць гэтае дзіця, — сказала Ліза, пазіраючы на маці знізу ўверх.
— Што ты кажаш?! — адхіснулася маці. — Як гэта зрабіць?
— Я заўтра пайду і вазьму яго.
— Куды ты пойдзеш? Цябе немцы заб’юць!..
— Узяць можна — праз агароджу.
Маці зусім разгубілася.
— Куды мы з ім дзенемся? Даведаюцца — і мы ўсе загінем.
— Трэба зрабіць, каб не ведалі. Дзіцё малое.
— А колькі яму?
— Тры ці чатыры месяцы.
Маці аж пляснула рукамі.
— Тры месяцы?! Што мы з ім будзем рабіць?
— Не ведаю.