«Сволач!» — вар’явалася, кіпела нутро Жыгоцкага. Ён не адчуваў смаку вытанчаных страў і напояў, дрэнна ўспрымаў словы суразмоўцы, які з нязводнай зычлівай усмешкай сядзеў насупраць яго.
Але самым жахлівым уяўляўся варыянт, калі Тамара вернецца і ўбачыць бацьку на траве перад домам. Да таго ж і спакойна заехаць у вароты ён не дазволіць. Будзе намагацца прашмыгнуць унутр, хапацца рукамі за дзверы. І значыць, ахоўнікам прыйдзецца ўжываць сілу. А гэта лямант, скандал.
«Ды колькі ж будзе мучыць мяне гэты чарвяк!» — абураўся Пятро Вацлававіч, з лагоднай усмешкай чокаючыся з субяседнікам.
Нарэшце ён не стрываў, папрасіў прабачэння, выйшаў у прыбіральню і набраў на мабільніку нумар дзяжуркі. Але не паспеў прагучаць і першы гудок, як узлаваўся на сваю маладушнасць, скінуў набор і наогул адключыў тэлефон.
«Хай будзе, як будзе! Чорт іх усіх праглыні!» — вылаяўся Пятро Вацлававіч і, расшпільваючы шырынку, наблізіўся да пісуара.
Астатні вечар, каб заглушыць неадчэпную трывогу, Жыгоцкі выпіў больш, чым належала, развязаў язык, нават зрабіўся балбатлівы і легкадумны. Напрыканцы дайшоў да таго, што пад гукі аркестра пусціўся ў скокі. На павольны танец яго залучыла даўганогая грудастая дзяўчына і бесцырымонна прапанавала свае паслугі.
Прысаромлены, успомніўшы пра Тамару, Пятро Вацлававіч вярнуўся да століка, дзе яго чакаў ужо добра захмелены субяседнік. Удвух яны дапілі каньяк.
Дамоў Жыгоцкі вярнуўся а палове першай ночы. Па дарозе прыняў таблетку, якая ацверажае і прыбірае непрыемны пах з рота. Прыехаўшы, з гаража адразу пакіраваў у дзяжурку. Паўсонны Кірыла схамянуўся, падскочыў з крэсла і сказаў неяк вінавата, што Павел Алегавіч знік з яго поля зроку каля паловы дзевятай.
— То ляжаў, ляжаў сабе ўсё на тым самым месцы, — гаварыў усхваляваны вартаўнік, — а потым знік — як скрозь зямлю праваліўся.
— Ды ты, напэўна, адлучыўся і празяваў, — з прыкрасцю буркнуў Жыгоцкі.
— Пятро Вацлававіч, здароўем клянуся — ні на хвіліну не адыходзіў! — пакрыўджана ўсклікнуў Кірыла. — Толькі зірнуў на суседнія маніторы, а яго ўжо і след прастыў. Я нават на вуліцу выбег, думаў убачу. Няма.
— А тэрыторыю правяраў? Можа, ён праз агароджу. таго. сігануў? — спытаўся Жыгоцкі, сам не даючы гэтаму веры.
— Ну не мог ён такую вышыню пераскочыць, Пятро Вацлававіч, — горача тлумачыў вартаўнік, — да таго ж калючым дротам пакрытую. І нават калі б пералез, то сабакі б пачулі.
— Дык кажаш, тут жа выскачыў на вуліцу і яго не было? — падазрона спытаўся Жыгоцкі. — Колькі хвілін прайшло, як ты выбег за браму?
— Ды мо пару хвілін. Ён, канешне, мог павароткі за гэты час дасягнуць, але для гэтага павінен быў, як чорт, бегчы.
— Ладна, — крыху супакоіўся Жыгоцкі, — знік — і ліхаманка на яго галаву. Галоўнае, што ніякага паскудства не ўчыніў. Тамара як?
— Прыехала без дзесяці адзінаццаць і адразу ж паднялася да сябе, — далажыў Кірыла.
— Спіць?
— Не магу знаць. Святло, правяраў, а палове першай патухла.
— Добра, Кірыла. — Жыгоцкі па-свойску паклаў руку на вартаўнікова плячо. — Ты тут драмлі, ды час ад часу пазірай на манітор, што за брамку адказвае. Трасца ведае, што гэты мярзотнік задумаў. Раптам вернецца.
Жыгоцкі павярнуўся і пайшоў з дзяжуркі.
— Добрай ночы, Пятро Вацлававіч! — любоўна пажадаў яму барадаты Кірыла.