Калі Кацярына выйшла з залы, ён стаў паспешліва распранацца. Скінуў абутак, штаны, майку і застаўся ў адных доўгіх сямейных трусах.
— Ну што там! — нецярпліва крыкнуў ён сваёй госці.
Тая не адгукнулася, але праз некалькі секунд паказалася ў дзвярным праёме ўласнай персонай. Выглядала Кацярына ашаламляльна. Свежае, з магутнымі формамі цела адно сімвалічна прыкрывалі белыя ліфчык і трусікі. Настолькі вузкія, што відаць іх было толькі па кантрасце з загарэлым целам.
Дзяўчына стала падыходзіць да Юрася, пагойдваючы ўсімі вабнотамі, з нязменнай дурнаватай усмешкай на твары.
Той стаяў не варушачыся. Нізкі, хударлявы, сутулы, кудлаты і танкашыі, ён выклікаў нейкі дзівосны, пачварны дысананс з раскошнай і пышнацелай госцяй. Яе можна было ўявіць у абдоймах двухметровага атлета, але ніяк не гэтага заморка ў сямейных трусах.
Аднак тое, што адбылося праз колькі секунд, выглядала проста неверагодным.
— Што ты там важдаешся! — тонка ўскрыкнуў Юрась і задрыжаў усім худасочным целам. — Чаму ты пастаянна не слухаешся мяне!
— Я слухаюся. — рахмана залепятала Кацярына, спыніўшыся ў метры ад хлопца.
— Маўчаць! — гаркнуў ён. — Маўчаць, я табе гавару! — І, узмахнуўшы правай рукой, заляпіў дзяўчыне поўху.
Аплявуха выйшла гучная і даволі моцная. Але не настолькі, каб Кацярына адляцела на два метры і ляснулася на падлогу. А менавіта так і адбылося.
— За што?! — загаласіла яна і тут жа пачала падымацца, бо Юрась кінуўся на яе.
Па дарозе вышмаргнуў немаведама адкуль бізун і, падляцеўшы да Кацярыны, якая не паспела ўстаць, пачаў з крыкамі хвастаць яе.
Ахвяра ўсё ж выслізнула ад яго і памчалася па зале. Юрась, размахваючы бізуном, — за ёю. Яны шалёна забегалі вакол круглага стала. Праз некалькі кругоў хлопец падманным манеўрам такі нагнаў Кацярыну, ухапіў аберуч за сцягно, і яны паваліліся на падлогу. Пачалася маўклівая задышлівая валтузня. Юрась цягнуў ахвяру за нагу, а тая сілілася падняцца і біла яго вольнай нагою па твары. Бізун у тузаніне выпаў і заляцеў пад канапу. Кацярына ўсё ж вырвалася ад хлопца і стрымгалоў выскачыла з залы. Ён памкнуўся ўслед, і неўзабаве на кухні раздаліся крыкі, віскат, нешта ўпала, бразнула. Пасля гэтага яны зноў апынуліся ў зале і яшчэ колькі хвілін насіліся басанож па падлозе, канапе, адштурхвалі крэслы, натыкаліся на сцены, дзіўна, што не абрынулі стол.
На бягу Кацярына спатыкнулася аб ножку крэсла і ўпала паміж сталом і канапай. Юрась тут жа нагнаў яе, і раздаліся яго плескачы па дзявочых плячах, спіне, ягадзіцах. Пры гэтым хлопец гарлаў: «Як ты смела мяне не слухацца!», а дзяўчына: «Я болей не буду!»
І тут ён, абхапіўшы яе ўпоперак, з нейкай маньяцкай сілай адарваў ад падлогі і перакінуў на канапу. Далей адбылося тое, што так натуральна выглядае ў свеце жывёл і чамусьці дужа няёмчыць людзей. А таму замаўкаем.
...На працягу ночы гэты вычварны спектакль паўтараўся яшчэ два разы, з даволі працяглымі перапынкамі, цягам якіх яго ўдзельнікі пакурвалі, папівалі віно і панюхвалі з плоскай каробачкі. Знясіленыя дашчэнту, заснулі перад світаннем. Пакой нагадваў крушэнне Пампеі.
І тым не менш у дзесяць раніцы Кацярына, з апухлым паўсонным тварам, вылузалася з хаты і выйшла праз брамку на вуліцу Грушаўскую. На плячы яе звыкла вісела дамская сумачка. Амаль подбегам, паўз платы і касабокія хаты, яна дасягнула вуліцы са шчыльным аўтамабільным рухам, выскачыла на праезджую частку, тармазнула легкавік, перагаварыла з кіроўцам і скрылася ў салоне.
Юрась Багатка ў гэты час яшчэ спаў.
23
Спякотным ліпеньскім вечарам, калі Пятро Вацлававіч Жыгоцкі збіраўся выехаць са свайго загараднага асабняка на важную сустрэчу, надарылася неспадзяванка. Да яго дома, чортведама адкуль і навошта, прыцёгся Павел Алегавіч Багатка і ўсчаў настойліва званіць, патрабуючы, каб яго прапусцілі.
Упусціць гэтага чалавека на сваю тэрыторыю Пятро Вацлававіч ніяк не мог. Ён добра памятаў, які дэбош наладзіў тут нядаўна бацька яго сужыцелькі. Памятаў тую агідную размову, пагрозы і праклёны, якія абрынуў на яго былы прыяцель юнацтва. Памятаў, як прыкра, але і неабходна было даваць каманду, каб Багатку вывелі вон.
Не, ні ў якім разе не мог Жыгоцкі дазволіць сабе другую такую размову. А таму загадаў ахоўнікам аніяк не рэагаваць на Багатку, перачакаць у спадзеве, што той сам стоміцца і адстане. Добра, што Тамара знаходзілася ў горадзе і мерылася прыехаць не раней як у адзінаццаць гадзін. А пакуль што Пятро Вацлававіч выклікаў слугу і папрасіў падрыхтаваць сабе ванну.