Ды што гэта я ў філасофію ўдарыўся, далібог. Не пра тое ж хацеў пісаць. Тым больш што паўгадзіны таму сам уволю сала наеўся. Тады ж мяне сумленне не мучыла. Узяў, разгарнуў «ссабойку» — ды з хлебам тое сальцо ўмалаціў. Дарма што разлезлае. Вось так яно, Алегавіч. Не красамоўнічаць трэба, а жэрці добрае сала, як я, ды цешыцца свежанькімі дзяўчаткамі, як Пецька Жыгоцкі. І тады ўсё нармалёва будзе: добры сон, цудоўнае самаадчуванне, светлыя думкі.
Свят, свят, свят (гэта я перажагнаўся), бо нельга нанач імя Жыгоцкага памінаць, як у царкве — д’ябла. Тым больш што ночка ў мяне будзе нялёгкая — пад адкрытым небам, з камарамі ды сырасцю.
Ну дык паясню, як я тут апынуўся.
Гэта ўжо на бічаўскім вакзале стукнула мне ў галаву не ў Мінск ехаць, а ў Гомель. Падумалася, што да яго ж і ста кіламетраў не будзе. А тут і цягнік падыходзіў, а мінскага яшчэ было чакаць і чакаць. Хуценька купіў білет і паехаў.
Гадоў сорак у Гомелі не бываў. А ў дзяцінстве — ці не кожнае лета. Дык вось дай, думаю, наведаю дарагія сэрцу мясціны. Калі яшчэ надарыцца такі выпадак? Можа, ніколі. Гэта як некаторыя людзі, жывучы ў Піцеры, у Эрмітаж не могуць схадзіць. Так і паміраюць, не пабачыўшы гэтай раскошы. Таму што пад бокам яна была. Здаецца, у любы момант можаш пайсці, ды ўсё замінае нешта. Засмоктвае побытавае балота.
Ну гэта — так, лірычныя адступленні. А насамрэч чаму я ў Гомель падаўся? А таму, што праверыць адну штуку хацеў. Мяне ж у дзяцінстве бацькі зазвычай у сярэдзіне лета сюды адпраўлялі. Да дзядзькі Валодзькі, матулінага стрыечнага брата. Слаўка — той любіў у піянерлагерах лета бавіць. А я ненавідзеў іх і маліў бацькоў, якія працавалі і глядзець мяне не маглі, да дзядзькі ў Гомель пусціць. Дзядзька інвалід быў, аднаногі, на пенсіі. Ён мне заўсёды радаваўся. Як і сям’я ягоная — жонка і два сыны.
Дужа любіў я Гомель у сярэдзіне лета. Сонечны, цёплы, у густой зеляніне, з магутнай чыставоднай ракой, з жоўтымі пляжамі. Гэта быў курорт для мяне. Хачу — з суседскімі хлапчукамі па горадзе гойсаю. Хачу — адзін кудысь выпраўлюся, хоць за горад, на далёкія старыкі з вудаю. Парк асабліва любіў, парк над Сожам. Успомніліся мне на бічаўскім вакзале яго велічэзныя дрэвы, цяністыя алеі, ставок з лебедзямі і масток праз яго. А галоўнае, палац успомніўся, што высіцца над ракою. Жоўты, прыгожы, велічны. З ракі яго асабліва добра відаць, з таго берага Сожа.
Адным словам, сеў на цягнік і праз паўтары гадзіны выйшаў у Гомелі. Пахадзіў па вулках знаёмых, у дворыку дзядзькавым пабываў. Чужыя людзі цяперака ў іхняй кватэры жывуць, а дзядзька, лічы, гадоў дваццаць як у зямельцы. Не вытрымаў, бядак, скону малодшага сына ад банальнай ангіны. Дваццаць восем гадоў хлопцу было. Бяда. А за год да таго і цётка мая памерла. Сын жа дзядзькаў, старэйшы, напэўна, у Нарыльску жыве з сям’ёй. Дакладней, павінен жыць. Бо абарвалася ў мяне з ім сувязь гадоў пятнаццаць назад.
Дык вось пра тую штуку скажу, дзеля якой, па сутнасці, у Гомель паехаў. Больш за сорак гадоў таму, будучы падлеткам, схаваў я ў кладцы аднаго дома пятак — манеціну ў пяць тадышніх капеек. Я і раней, разлічваючы наступным годам вярнуцца, манеты ў розных месцах хаваў. Так і тады было. Пятак 1961 года. Запомніў.
Дворык той — у цэнтры горада, у вуглавым доме, на перасячэнні добра вядомых кожнаму гамельчуку вуліц. Там закутак у двары ёсць, паміж сцяной дома і гаспадарчай цаглянай будовай, у якой калісьці дровы захоўваліся. Гэты закутак раней быў зарослы крапівой, бадзякамі ды іншай дрэнню. Я прабраўся туды і паміж другой і трэцяй цаглінай ад выступа, у сёмым радзе кладкі, манетку засунуў. Спадзяваўся праз год дастаць.
І вось сёння, гадзін у пяць вечара, я такі дабраўся да запаветнага дворыка. Праз столькі гадоў! Спачатку збянтэжыўся, пабачыўшы, як ён змяніўся. Гаспадарчай той будыніны — і паміну няма. На яе месцы — пляцоўка і аўтамабілі стаяць. Я туды. Травянога зарасніку ўздоўж патрэбнай мне сцяны таксама нямашака. Усё роўненька, вымецена, вычышчана. Але ж выступ на муры, ад якога я вёў адлік, — той самы. Я вызначыў сёмы рад кладкі, падскочыў і зазірнуў у шчылінку між другой і трэцяй цаглінай. Не відаць нічога. Адшукаў сухую галінку, абскуб і давай калупаць у шчылінцы. Доўга выскрабаў нанесены ветрам пыл і крупінкі цэглы. На бяду каля машын людзі круціліся. Спінай іх падазроныя позіркі адчуваў. Ды, дзякуй Богу, хвіліны праз тры выкаціўся пятачок. Шэра-чорны, запылены. Але ж мой, той самы, 1961 года. Адціраў я яго, ужо з двара выскачыўшы. Радаваўся як дзіцё. Пятачок у кашэль паклаў. Дабяруся дадому, вычышчу да бляску і недзе на відным месцы прыладжу.
Вось такім я глупствам займаўся. Потым з’еў два марожаныя ў скверыку і патупаў убок ракі. Зразумела, у парк завітаў. Пабрадзіў. Народу там цяпер значна больш, чым раней, швэндаецца. Палац, па ўсім відаць, часткова адрэстаўраваны і адкрыты для наведвальнікаў. Ды я туды не пайшоў. Абмінуў і царкву. На тых алеях, дзе раней панавала ціша, цяперака шумяць і гамоняць людзі. І жуюць, жуюць несупынна. Хто марожанае заглынае, хто піражкі, хто салодкую вату на палачках. Непрыемна стала, і таму ля стаўка з лебедзямі надоўга не затрымаўся. Дый лебедзяў тых нешта не ўбачыў. Мо пахаваліся дзе?
І яшчэ я чаму спяшаўся, што ўжо шэсць гадзін стукнула, а хацелася па мосце на той бераг прайсці, на пляж, ды пакупацца ўдосталь. Я ж яшчэ спадзяваўся паспець на вечаровы мінскі цягнік. Але такая катавасія надарылася, што вось на пляжы гарую і неяк трэба скумекаць, як да ранку дабыць.
Канчаю пісаць, бо баліць рука — раз. А па-другое, сцямнела так, што перастаю разбіраць сваю пісаніну. Відаць, заўтра давядзецца дапісваць, як прыбуду на лецішча. А распавесці, што са мной здарылася, трэба абавязкова.
Ну ўсё. Нататнік у кішэнь. Рэчы ў рукі. І гайда ў вербалоз (я там ужо ямку ў нагрэтым пясочку выкапаў).
Не прастыць бы. Ды не быць з’едзеным камарамі.
18.07.200*
Ну вось і ладненька: на лецішчы я, у родных, так бы мовіць, пенатах. Дабраўся больш-менш удала і спяшаюся занатаваць учарашнія гомельскія падзеі, пакуль не забыў. Зараз самая спёка. На тэрмометры трыццаць тры. Ветру і аблокаў няма. Знадворку проста-такі невыносна, таму схаваўся ў хаце. Пакурваю, п’ю калодзежную ваду, ляжу на канапе. У руках агрызак алоўка.
Ну дык вось. Як перайшоў я на пачатку сёмай вечара мост цераз Сож, то падаўся налева, дзе людзей крыху меней. Там фермы высозныя ёсць, частка нясучай канструкцыі. Узыходзячы на мост, паглядзеў на іх, і перад вачыма паўстала карціна з дзяцінства: на гэтую верхатуру лезе хлапчук, адважна, упарта караскаецца; як толькі пабачыў яго, у мяне ногі падагнуліся і страшна стала нават проста мост перайсці. Моцна мяне, дзесяцігадовага, тады гэта ўразіла — так, што потым кожнага разу ніякавеў перад Сожам і баяўся ўзняць позірк на тыя высозныя фермы. І цяпер, праз сорак пяць гадоў, нешта падобнае перажыў, хоць ніхто на тую верхатуру не лез.
Знайшоў я, значыць, месца на пляжы, распрануўся, ляжу, загараю. Рыхтуюся пайсці акунуцца. А народу не тое што меншае, а, наадварот, усё ідуць ды ідуць на пляж. Гэта, напэўна, пасля працоўнага дня, наўпрост са службы кіруюць. А на мяне чамусьці нейкі ступар найшоў: не магу насмеліцца ў сваіх сямейных трусах перад людзьмі паказацца. Так яшчэ, калі ляжу наўскрай, нішто, а каб да вады метраў дзесяць прайсці — саромеюся. Змагаўся я з жаданнем акунуцца і няёмкасцю, змагаўся ды драмануў. Ненадоўга, відаць, адключыўся, таму што не звечарэла за гэты час. Стаў я азірацца, ачуўшыся, — і нібы ў тумане ўсё. Твары, постаці, нават палац на тым беразе ледзь разбіраю. Ну, думаю, дагуляўся, Алегавіч, сонечны ўдар зарабіў. Але замест таго каб перабрацца ў цянёк, ускокваю і бягу да вады. Дапяў берага — і з размаху нырца. А, хто ведае, на Сажы амаль адразу глыбока, асабліва ў тым месцы, дзе я загараў. Ну і паплыў. Ды так шпарка, што не заўважыў, як на сярэдзіне апынуўся. І тут мяне жах разабраў: што ж я раблю! Стары, перагрэты на сонцы ды яшчэ на сярэдзіну ўспёрся. Сцепануў нагамі, тузануўся, ці не па пояс з вады выскачыў. І выразна бачу наступнае. Перада мной, за паловай шырыні ракі, на ўзгорку, як і належыць, высіцца палац Паскевіча. Промні позневечаровага сонца залоцяць яго. Але ўразіла тое, што голы ён, палац, няма дрэў, што прывычна яго атачалі. Няма паблізу людзей. Панічна зіркаю направа, налева — абсалютна пустая рака. Вада, бетон, пясок, і не відаць ніякае зеляніны. Вой як вусцішна стала мне! Закрычаў, і голас мой адзінока панёсся па роўнядзі. Аслабелі рукі і ногі. Не памятаю, як павярнуўся і пагроб назад, да пляжа. А цела з кожным узмахам цяжэе, ужо не магу галаву высока трымаць, ледзь паспяваю паветра ўцягваць. Так што не бачу, што там на пляжы, — ці гэтак жа пустэльна, як ля палаца. Плыву, а надзея на паратунак гасне, меншае. Неўзабаве перастаў канечнасці адчуваць. Не ведаў нават, грабу ці не. Напэўна ж, гроб, бо як бы інакш на вадзе трымаўся. І раптам заўважаю, што стаю я на цвердзі. Стаю па пояс у жыце. Тут падумалася, што памёр я і ўжо ў тагасвецці знаходжуся. Азіраюся і бачу вакол сябе вялізны жытнёвы палетак. Злева заходзіць сонца, залоціць калоссе, высвечвае крапінкі сініх валошак. Ні ракі, ні палаца і паміну няма. Пабрыў я па жыце. Казыча калоссе голыя грудзі, колюць каляныя сцёблы ступні. І ўжо страху няма. Незямное пачуццё нейкае. Як сонца кранулася лініі далягляду, стаў палетак спускацца ў лагчыну і хутка скончыўся. А за лугавінай убачыў я Сож. Пазнаў і месца, дзе апынуўся. Гэта ў двух кіламетрах ад пляжа, не меней. Тады і спрыт да мяне вярнуўся, і дзелавая разважлівасць. Як жа, апускаецца ноч, а я голы, без рэчаў і грошай, за трыста кіламетраў ад дома! Ух і памчаў я ўздоўж берага — спрынтэры так не бягуць. Заскокваю на апусцелы пляж. І цуд: рэчы мае ляжаць сабе мірненька, на мяжы пясочку і вербалозу, дзе я іх пакінуў. Шусь дрыготкай рукой у кішэнь штаноў: ёсць ён, кашалёчак радзіменькі! І нават пайка ў торбе ляжыць. Тут я і павячэраў салам, што яшчэ з лецішча вёз. Аднак жа на вакзал рашыў не ісці, а пераначаваць проста на пляжы. Усё адно да пяці раніцы цягнікоў не прадбачылася. Дый на рацэ спакайней, чым на вакзале. Ліхія чалавекі заўсёды там пажыву шукаюць, дзе людна. А якую пажыву знойдзеш ноччу на беразе? Карацей, зарыўся я ў пясочак пад нізкімі вербамі і, падагрэты знізу, няблага праспаў да світання.
Усю дарогу да Мінска толькі і думаў, што ж са мной адбылося. Ды іначай, як памутненнем розуму, гэта назваць не магу. Зусім не памятаю, як сышоў з пляжа, як на палетак выблукаў. І, наадварот, ясна помню, як у Сож сігануў і плыў да сярэдзіны. Г арэлкай і наркотыкамі зроду не захапляўся. Словам, насланнё нейкае. І страшна, дальбог.
Ну, здаецца, усё неабходнае напісаў. А зараз яшчэ з паўгадзінкі паляжу і пайду жука каларадскага нішчыць. Дужа многа ў маёй бульбе яго, проста пошасць.