Михась Южик - Лесвіца стр 50.

Шрифт
Фон

А па мне б, дык баба з воза — кабыле свята. Сышоў — значыць, лёгкага ветру табе, шаноўны Вячаслаў Алегавіч. Але ж і назад, дружа, не ўздумай прасіцца. Ды не такая, трасца яго бяры, братавая. Пусціць блуднага сына. Ёй пан патрэбны. Яна па прыродзе сваёй — рабыня і не можа, каб камусьці не дагаджаць. На гэтыя катэгорыі, дарэчы, усё чалавецтва падзелена: на дабрадзеяў і спажыўцоў, на валадароў і нявольнікаў. Не дай Бог такая сям’я, дзе абодва кіраваць хочуць. Гэта не сям’я, а крывавае поле бою. Як у мяне з Веркай. Кахаў я яе калісь? Сумняваюся. Патрэбная была, жаданая як жанчына. Ды гэта па маладосці. А старэеш, прывыкаеш сужыцельстваваць. Тут нават скандалы, звады, нянавісць — як бы дарагія, свае, неадрыўныя. Не можаш, халера, без сужыцеля, які б ён кепскі ні быў. Разводзіцца з ёй і не думаю, бо мы і так у фактычным разводзе. А распачнеш гэтую валакіту, то ў дзяльбу ўлезеш, займееш лішні галаўны боль. Ну яго ў пекла. Дый на дзяцей, гэтых недарэкаў-аболтусаў, калі развядуся, апошні ўплыў страчу. Тады мяне ўніз зусім перастануць пускаць. Лесвіцу прыбяруць, праём замуруюць. Хе-хе. Ну ў цябе, брат Багатка, і трызненні пайшлі. Начныя фантазіі.

А трэба б хоць на трохі заснуць. Каб быць перад размовай са Слаўкам свяжэйшым. Ух і скажу я гэтаму тыпу! Хаця з яго ж, бессаромніка, як з гусі вада.

Гэх, з’ехаць як найдалей! На які востраў?

20

Як ні баяўся Павел Алегавіч праспаць патрэбны час, усё ж абудзіўся а палове дзевятай. Падхапіўся, ускочыў у штаны і, не апрануўшы нават кашулі, памкнуўся ў прыхожую. На кухні гаспадарыла Вольга, было чуваць, як бяжыць з крана вада і соўгаюцца каструлі.

Багатка, не вітаючыся з гаспадыняй, напяў абутак, шчоўкнуў замком, тузануў дзверы і куляй вылецеў з кватэры.

Па горадзе рушыў спачатку трушком, а затым пабег наўзгалопам. Ён нагадваў дзядзьку, які займаецца ранішнімі прабежкамі дзеля здароўя, толькі замест спартыўных штаноў чамусьці адзеў мятыя касцюмныя, а замест красовак — летнія прагулачныя туфлі. З гэтай прычыны многія прахожыя здзіўлена глядзелі яму ўслед.

Вахцёрскую Павел Алегавіч прамінуў імгненна, паколькі вартаўніца цётка Адэля гэтым разам адсутнічала. Стрымгалоў узбег на другі паверх, прамчаўся па калідоры, ірвануў дзверы пад нумарам «204»...

Перад ім адкрылася такая карціна: чалавек сем вучняў, сярод якіх пераважалі дзяўчаткі, прывольна займалі парты бліжэй да задняй сцяны. Пярэднія рады парт, а таксама настаўніцкі стол апанавалі ўсялякія чучалы звяроў, рыб і птушак. На дошцы вісела некалькі яркіх плакатаў. Па гэтых плакатах і вадзіў указкай Вячаслаў Алегавіч, калі ўварваўся брат. Настаўнік так і замёр з узнятай рукой, і на яго самавітым твары, за акулярамі, мільгануў страх.

— Вячаслаў Алегавіч, — сказаў нечаканы госць, вокамгненна ацаніўшы абстаноўку, — выйдзі, калі ласка, на пару слоў. — Ён ветліва ўсміхнуўся дзецям, што скіравалі на яго свае позіркі, і выйшаў з класа.

У калідоры, як толькі браты аказаліся сам-насам, Павел Алегавіч запытаўся сурова і голасна:

— Дык што ж гэта ты, добры чалавек, удумаў, расказвай.

Слаўка зірнуў на яго праз акулярныя шкельцы і з годнасцю прамовіў:

— Што ты маеш на ўвазе, Паша?

— А вось толькі дурку не трэба ламаць, лады?! — пасунуўся да яго Павел Алегавіч і стаў усутыч. — Ты цудоўна разумееш, пра што я кажу.

— Ну спачатку давай адыдзем ад класа, — спакойна прамовіў Вячаслаў Алегавіч. — Бо я бачу, што ты настроены крычаць і скандаліць, а я, прабач, не хачу, каб мае вучні ўсё гэта чулі. — І рушыў налева, дзе калідор пашыраўся і меў шэраг акон.

— Ага! — затэпаў за ім малодшы брат. — Ты не хочаш, каб яны чулі! Значыць, разумееш, што паступіў бессаромна!

— Не я паступіў бессаромна, — адказваў Вячаслаў Алегавіч на хаду, — а ты паводзіш сябе несалідна, калі гарлаеш на ўвесь калідор.

— А як жа мне, шаноўны, не гарлаць, калі ты ўсю сям’ю на вушы паставіў, калі жонка твая начэй не спіць, а я імчуся праз усю Беларусь з табой разбірацца!

Яны дайшлі да акон, Вячаслаў Алегавіч прыхіліўся спінай да прасценка, скрыжаваў рукі на грудзях, ганарліва ўзняў падбародак.

— Ну, цяпер скажы спакойна і толкам, чаго ты ад мяне хочаш, — прамовіў ён.

— Чаго я хачу? — спытаўся Павел Алегавіч, спыніўшыся ў метры ад бра­та. — Хм. Я хачу папрасіць цябе зняць акуляры.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги

Популярные книги автора