Михась Южик - Лесвіца стр 5.

Шрифт
Фон

Так, не бывае горшых ворагаў у чалавека, чым колішнія сябры.

5

Пятро Вацлававіч Жыгоцкі.

З ім Багатка дзяліў інтэрнацкі пакой тэхналагічнага інстытута ажно чаты­ры гады, з другога курса па пяты. Абодва правінцыялы, з райцэнтраў. І абодва ведалі, што трэба любой цаною, хоць жылы парві, зачапіцца па размеркаванні за Мінск. Кемлівы Пецька яшчэ на трэцім курсе ўладкаваўся на паўстаўкі на прадпрыемства і Пашку, свайго прыяцеля, туды пацягнуў. Не прагадаў Жыгоцкі, як, зрэшты, ніколі ў жыцці не прагадваў. Засталіся яны ў сталіцы, абраслі з цягам часу кватэрамі, сем’ямі. Але тут і канец іхняму падабенству. Бо Павел Алегавіч Багатка, як ступіў трыццаць тры гады таму за парог прадпрыемства, так і дагэтуль туды цягаецца. Не тое — Пятро Вацлававіч.

Пецька адразу, гіганцкімі крокамі, пайшоў, пабег, паскакаў угору. Мала працаваў ён па сваёй спецыяльнасці, а ўсё больш — камсоргам, прафоргам, у партактывах цёрся, з прыцэлам кіраваць ды вяршэнстваваць. З дваццаці васьмі гадоў яго ўжо службовая машына вазіла, а гэта па тым часе — сярэдзіна 70-х — адно з наменклатурнымі сынкамі здаралася. Відным быў жаніхом Пецька Жыгоцкі. Шыракаплечы, высокі, шавялюра густая, русая. І галоўнае, пастаянна ў руху ён, у дзеянні, энергія так і перла. Сіла адчувалася ў Пецьку, патэнцыя. Ох і бегалі ж за ім дзяўчаты, літаральна біліся за гэты куш. А ён, ведаючы сваю звабу, перабіраў іх, капрызнічаў. Ужо і кватэра ў яго была гожая, і трыццацігадовы ўзрост, а ўсё не жаніўся. Затое якіх толькі цац не ўсаджваў Пятро ў службовую «Волгу» ды не вазіў кватэру сваю «паказваць»: і высокіх, і нагастых, і з валасамі да пояса белымі. Ох, ды давайце па шчырасці, зайздросціў, дужа зайздросціў яму тады Пашка. Ужо не сябравалі на той час, канешне, яны, а толькі зрэдку сустракаліся на тэрыторыі прадпрыемства. Але ў акно Паўлавага сектара, проста з рабочага стала, добра было відаць цэнтральную прахадную, куды пад’язджаў і адкуль адбываў на аўто, праваруч ад кіроўцы, дзелавіты Пецька. Там жа і паклонніцы яго падсаджваліся-высаджваліся.

Пры мімалётных сустрэчах з былым прыяцелем самавіта трымаўся Пят­ро, з падкрэсленай тактоўнасцю ўдачлівага, моцнага чалавека. Па плячы не ляпаў, а горача ціснуў руку і прапаноўваў адысціся ўбачок, пагутарыць. Зазіраў у вочы ласкава, спагадліва, прасіў расказаць, як у яго, Паўла Алегавіча, справы. А справы ў Паўла былі такія, што не пахвалішся. Хіба распавядзеш, што сем гадоў у агорклым інтэрнаце жывеш, з суседам-п’янтосам? Хіба адкрыешся, што да трыццаці гадоў толькі адну і спазнаў жанчыну, дый тая хутка ад яго драпанула? Хіба падзелішся, што пяць гадоў на адным хлебе, кефіры гаруеш, кааператыў будуючы непасільна, і калі яшчэ таму будаўніцтву канец? Раскрываў Багатка нехаця рот, мямліў, чырвоны ад сораму, ва ўсмешлівыя вочы дамскага ўлюбёнца. А таго ўжо аклікаў нехта паблізу, па справе неадкладнай, у вір жыцця. «Прабач, дружа, убачымся!» — развітальна трос руку, адыходзіўся Жыгоцкі ад Пашкі — у пінжаку бездакорным зазвычай, у чысцюткіх імпартных туфлях шыбаваў жвава. І заставаўся пасля яго, доўга яшчэ цвяліў Багаткаў нюх пах даражэзнага адэкалону.

Пецька і Пашка. Пятро і Павел.

Кожнаму, брат, сваё.

Ды дзякаваў, урэшце, Багатка лёсу, што ўсё ж агораў ён той кааператыў. Хутка і нявеста знайшлася, рыжая рухавая Вера, жонка яго цяперашняя. Палымяная, як агонь, у каханні нястомная, у жыцці ўчэпістая. Мінчанка. І бацька яе з сувязямі, сярэдняй рукі чыноўнік. Наладзіў Генадзь Карпавіч хітрамудрую камбінацыю дый грошай падкінуў, і памянялі яны Багаткаву аднапакаёвую кватэрку на двухпакаёвую ў цэнтры горада. Дом, праўда, аказаўся стараваты, з драўлянымі пажаранебяспечнымі перакрыццямі, з сумешчаным санвузлом, з вузкім балкончыкам на шумную вуліцу. Дый паркет давялося перакладаць, а гэта грошы і грошы. Аднак памог, дужа памог тады Генадзь Карпавіч. Зямля яму пухам, цудоўны быў чалавек. Не ў прыклад жонцы сваёй, свякрусе Паўлавай, значыць.

Зрэшты, пераезд на новую кватэру і нараджэнне дзяцей сталіся апошнімі жыццёвымі поспехамі Паўла Алегавіча, яго, так бы мовіць, вяршыняй. Затым — усё пад гару, ды таптанне на месцы, ды пад гару, ды таптанне.

Не тое — Пятро. Той штогод новыя алімпы браў, авалодваў новымі хуткасцямі.

У трыццаць адзін год Жыгоцкі ажаніўся і адразу пасля гэтага быў накіраваны на працу ў гарвыканкам. Чатыры гады нічога не чуў пра яго Павел Багатка. Затым Жыгоцкі зноў з’явіўся на іхнім прадпрыемстве ўжо ў якасці намдырэктара. Але прарабіў Пятро Вацлававіч (так усе цяпер яго велічалі) на гэтай пасадзе нядоўга, каля года, і перайшоў ці то ў рай­кам, ці то ў райвыканкам — ужо і не прыгадае дакладна Багатка. Потым перавандраваў Пятро ў нейкае міністэрства, крыху пазней — яшчэ кудысьці вышэй...

І Бог бы, здавалася, з ім. Жыві сабе на здароўечка. Ды стаў Жыгоцкі праяўляць да Багаткі нейкі недарэчны і назойлівы клопат. Звяжацца з Паўлам па тэлефоне, пацікавіцца голасам самавітым: як здароўе, маўляў, як жонка і дзеці, а ці не хоча ён, Павел, дзяцей сваіх на лета ў гожы піянерлагер адправіць, а ці не трэба яго жонцы ў які санаторый?

З першага ж разу тарганулася нешта ў ім, сцялося: небяспека! — і ён даволі бесцырымонна адмовіўся. А Жыгоцкі, як нічога не было, праз паўгода зноў пазваніў з мядова-заваблівымі прапановамі. І, на няшчасце, побач жонка, перад люстэркам, стаяла. Як пачула ўніклівым вухам сваім іх гутарку — што адмаўляўся Багатка ад санаторыя, — то на тэлефон рынулася, гатовая ў трубку ўлезці, тыцнулася ў шчаку доўгім носам, зашыпела, засыкала: «Ідыёт, згаджайся, я табе гавару!» — і пальцамі вастраногцевымі мужа за задніцу ўшчыкнула.

З тае пары і ў элітныя санаторыі яны ездзілі, і Юрка з Томкай у «Зубраняці» штолета адпачывалі. Верка хутка звыкла да гэтых выгод, разласавалася. І ўжо панукала Паўла Алегавіча самому выходзіць на свайго сябра, не чакаць, пакуль той патэлефануе... Ніводнага разу сам яму Багатка не пазваніў, хоць і наладжвала жонка за гэта скандалы, істэрыкі. Няўдачнікам абзывала, баязліўцам, нікчэмнасцю. Цярпеў.

А Жыгоцкі не сябраваў з імі, не, ён адно апускаўся да іх, праяўляў паблажлівы клопат. На недасяжнай вяршыні сядзеў гэты чалавек, з такімі паднебнымі жыхарамі простыя смяротныя не сябруюць, а, як ад багоў, чакаюць ласкі ды літасці. Быў гэта для сямейства Багаткаў не чалавек, а кіраўніча-адказны голас па тэлефоне.

І з чаго, гадамі пытаўся ў сябе Багатка, такая любоў у Пятра Вацлававіча да яго сям’і абудзілася? З чаго дабрачыннасць? «Ды праваліся ты са сваімі паслугамі ў апраметную!» — нешта падобнае не раз прамаўляў пра сябе Павел Алегавіч. І прамовіў бы ўслых, і выкрыкнуў бы Жыгоцкаму гэтыя словы, каб жонкі так не баяўся. Як разлютуецца, бывала, Верка, як закоціць чортведама з-за чаго істэрыку — з біццём посуду, з галаслівым качаннем па падлозе і стогнамі, — то потым тыдзень не можаш ачомацца. І за дзяцей страшна. Колькі разоў прасіў яе і маліў: «Мяне мардуеш, то хоць дзяцей пашкадуй! Вырастуць недаробкамі з-за тваіх бзыкаў!» Дзе там! «Ненавіджу, — крычала, — цябе! Гад ты паршывы, мярзотнік!» І гэтай жа ноччу, ліпка тулячыся да яго цела: «Родненькі мой, харошы!»

Не, не праходзіць, нічога не праходзіць бясследна. Ні для сябе, ні для дзяцей, ні для ўнукаў, калі яны будуць.

І сыр бясплатны вядома куды кладуць. Гэта наконт Жыгоцкага.

Вось табе і ўладкаваў Багаткаву дачку ў сваю фірму на добрае месца! (Жыгоцкі з канца 90-х — буйны бізнесмен.) Вось табе і добразычлівасць, вось табе, Вера Генадзеўна, і дагуляліся.

А зрэшты, якое там — дагуляліся. Яна, Верка, толькі ўсцешана гэтакім паваротам. Пяціпавярховы асабняк — і дачка ў ім царыцай расходжвае. Там і ўнукі, думае, калісьці яе зажывуць. А што Павел Алегавіч начэй не спіць, што працаваць і нічым толкам займацца апошні месяц не можа — то гэта яе не турбуе.

А нахабніца Томка ўжо і фотакарткі прыносіла таго загараднага гмаху: і ў басейне яна там, і ў спальні раскошнай, і ў кухні стометровай на крэсле раскінулася, і ў лясочку ўласным на арэлях, і ля аўто дарагога. А гэтыя дзве дурніцы, жонка з цешчай, у захапленні войкалі, дзівуючыся. Чуў гэта Павел Алегавіч са свайго верха, праз лесвіцу. Ды што там чуў! — ноччу спусціўся, як злодзей, узяў тыя здымкі і разглядаў.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги

Популярные книги автора