Михась Южик - Лесвіца стр 46.

Шрифт
Фон

— Ай, Паш!.. — расцірала слёзы па зморшчаным твары братавая.

— Вось табе і «Паш»! — перадражніў яе Багатка. — Вось табе і хрэн з перцам. Атрымала? А цяпер румзай, хныкай, локці грызі. Ды не паможа. Раней трэба думаць было, калі перад гэтым эгаістам на пару з дачкой вытанцоўвалі. Ды Ксюха, відаць, разумнейшая за цябе аказалася. Выскачыла замуж — і бывайце здаровыя. Да мужа прыляпілася, ад бацькі схавалася. Правільна! — Павел Алегавіч размахваў рукамі, соўгаўся ў крэсле. — Або ты не ведала, недарэка, што так бывае? Га?

— Што, Паш? — прашаптала Вольга.

— Не ведала, што старыя кабялі кідаюць жонак, каб жыць з маладзейшымі?! — ужо крычаў, злосна ўтаропіўшыся на гаротную жанчыну, Багатка. — Не ведала, я пытаюся ў цябе? Не?! Усё ты ведала, бо і кніжкі чытаеш, і кіны глядзіш, і жывеш на Зямлі — не на Месяцы. Але, пэўна ж, думала, што гэта цябе не тычыцца, што гэта толькі з іншымі, дрэннымі, людзьмі адбываецца. Не, любка, — саркастычна ўсміхнуўся ён, — адбываецца гэта пераважна з харошымі, добрымі, памяркоўнымі. Ад такіх вось станоўчых, як ты, і сыходзяць мужы — у падзяку за тое, што ты перад ім трыццаць гадоў завіхалася!

Вольга Ігараўна бездапаможна глядзела на Багатку. Гэтая пакора крыху змякчыла ягоны гнеў.

— Дык вось, сястрычка, — сказаў ён, крыху памаўчаўшы. — Я, канешне, схаджу ў школу і сустрэнуся з братам. Не таму, што я хачу табе дагадзіць. І не таму, што хачу яго абразуміць. Больш таго, прызнаюся, што з гэтай хвіліны ён стаў мне настолькі брыдкі, што я і бачыць яго не жадаю. — Павел Алегавіч кашлянуў, зрабіў паўзу. — Пагутару я з ім толькі дзеля таго, каб, гледзячы ў яго бессаромныя вочы, давесці сваю пазіцыю. Разумееш?

— А?

— Давесці, любка мая, сваё стаўленне да ягонага ўчынку. Патлумачыць, што з гэтага моманту я яму — не памочнік. І хай больш на мяне не разлічвае, калі што з ім здарыцца.

— Паша.

—Я пяцьдзесят пяць гадоў—Паша! — абарваў гаспадыню госць. — І столькі ж, дарэчы, гадоў я брат гэтага ідыёта! Я стаміўся з ім ваяваць. І абрыдла! А таму, вось як на духу гавару: сустракаюся з ім апошні раз.

Запанавала маўчанне. Толькі цікаў на апусцелым братавым стале грувасткі гадзіннік.

— Дык ён і машынку забраў? — заўважыў Павел Алегавіч адсутнасць на стале пішучага апарата.

— Не, я яе на крэсла прыбрала. — Вольга паказала рукой — куды. — Пыл выцірала, забылася на месца паставіць.

— Пыл яна выцірала! — перадражніў Багатка. — І нават таго не ведаеш, што, калі чакаеш чалавека, нельга за ім прыбіраць. Эх ты!

Вольга Ігараўна толькі роспачна панурыла голаў. Яна ўсё працягвала недарэчна тырчаць перад Паўлам Алегавічам.

— Ды сядзь ты, яй-бо! — нарэшце сказаў ёй госць.

Братавая апусцілася на дбайна засланы мужаў ложак. Аддана паглядзела на дзевера.

— Дык, кажаш, пісаніну сваю забраў?

— Ага, нідзе няма, Паш. Усё абшукала, — кіўнула Вольга Ігараўна. — Адразу і не заўважыла, што рукапісаў няма. А потым убачыла, што ён іх забраў, і ўзрадавалася. Значыць, думаю, хоць не раптоўна прапаў, не забілі, — яна ў каторы раз усхліпнула і заплакала.

— Ага! Вось, выходзіць, як ён рукапіс свой ацаніў. Больш за жонку! — Багатку ўсердзіла Вольгіна ўсхліпванне, і ён зноў зрабіўся бязлітасным. — І, канешне ж, новая яго сяброўка ў захапленні ад яго навуковай працы, ад яго светлага генію! Ну-ну. Слухае, нябось, Слаўкавы трызненні з адкрытым ротам. А сама, сцерва, прыкідвае: хай сабе і немалады, хай з урэзаным страўнікам і нямоглы, а ўсё ж мужык. Я вашу, — ён зіхатнуў вачыма на Вольгу, — пароду ведаю. У новай яго пасіі, нябось, і дзеці ёсць. А ён ім — падмога. Га?

— Не ведаю я, Паш, нічога не ведаю. — Г аспадыня беспаспяхова змагалася з плачам; выцірала слёзы адваротам сукенкі. — Можа, усё-такі пойдзеш зараз, а? А то ён са школы сыдзе. Калі ўжо не сышоў. Гадзіна ж ужо, — кіўнула яна на будзільнік.

— Ладна! — Павел Алегавіч рэзка адштурхнуўся ад падлакотнікаў, устаў. — Але памятай, што я нічога не абяцаю і што гэта ў апошні раз.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги

Популярные книги автора