Жыгоцкі падняў твар. Гэта быў зусім іншы чалавек: рашучы, непрыхільны, драпежны. Суровы яго пагляд быў накіраваны кудысьці за плечы Паўла Алегавіча. І нездарма. Адтуль, ззаду, з двух розных выхадаў, выскачылі барадаты бамбіза і сын Пятра Вацлававіча Сашка.
Павел Алегавіч пачуў іхні тупат, але і абярнуцца не паспеў, як бамбіза апынуўся каля яго, схапіў адной рукой за шыварат, другой за штаны на правым сцягне, рвануў і павалок да выхаду.
— Ды што ж гэта такое! — толькі і ўскрыкнуў Багатка, у апошні раз абярнуўшыся да Жыгоцкага.
Усё той жа скамянела-адчужаны твар драпежніка глядзеў на яго.
Новы рывок — і, як непаслухмянага хлопчыка, цягне квадратны дзяцюк пажылога Багатку да выхаду. Ззаду, жвавымі штуршкамі ў спіну, памагае яму Сашка. У шырокім дзвярным праёме Павел Алегавіч з нечаканай сілай учапіўся ў вушак, і бамбіза ніяк не мог яго адарваць. Ад моцных штурхалёў матлялася лысая галава Багаткі, па швах распаўзаліся штаны і кашуля. Аднак левая рука не адпускала пукаты вушак. І тады зухаваты Саша ўдарыў абцасам свайго туфля па пальцах Паўла Алегавіча.
Ад страшэннага болю пальцы расчапіліся, і Багатку нібы ветрам вынесла ў праём. Гэты брыдкі чалавек скрыўся нарэшце з вачэй Пятра Вацлававіча.
— Сашка, тваю так! — раўнуў ён услед сыну. — Каб ніякіх мне траўм, чуеш!
— Угу! — пракрычаў ужо з лесвіцы Саша. І ўсё ж, пакуль госця выцягвалі на двор, яшчэ два разы ўзнагародзіў яго выспяткамі.
Далей Паўла Алегавіча спускалі па высокім, але не крутым ганку, вялі пад дэкаратыўнай, абсаджанай вінаградам каменнай аркаю, затым — па алеі з блакітных ялінак, паўз мураваную альтанку і кветнікі.
Нарэшце апошні штуршок — і Багатка за брамай. Бразгаюць моцныя дзверы, прыглушана ляскае замок. І цішыня.
Наўкол пахмурна і сыра. Мошчаная пліткамі дарожка цягнецца ўдалечыню. Бязлюддзе. За бетоннымі агароджамі высяцца вежы асабнякоў. Далёка наперадзе збочыў, заязджаючы ў вароты, аўтамабіль.
Да бліжэйшага аўтобуснага прыпынку каля двух кіламетраў.
З дзённіка...
30.06.200*
Субота. Душны бясконцы вечар. На дачы.
Цэлы дзень не магу з сабой саўладаць. Нічога не рабіў і як апантаны сноўдаўся па ваколіцах. Расколваецца галава. Гудуць ногі. Зараз пішу і мушу іх трымаць на спінцы крэсла — гэтак меншае боль.
Ну што, брат Багатка, вось і далі табе перцу панюхаць. А ты, небарака, на міндальнасці спадзяваўся? Ну-ну.
Карацей, не памятаю, як учора дадому дашкандыбаў. Ішоў, ехаў? Хрэн яго знае. Зірнуў на гадзіннік — без дваццаці дзве. Да ранку нават і не прылёг, ведаў, што не засну. Знарок гучна тупаў на сваім версе: хай чуюць, хай таксама не спяць.
Цікава, ці глядзела Тамарка, як мяне цераз двор валаклі. А займальнае, мусіць, было відовішча. Нябось, паршыўка, з акна назірала. Ну ды Бог з ёй. Ва ўсякім разе, цяпер усё ясна стала — вайна не на жыццё, а на смерць. Я гэтага ім не забуду.
Бацюхны, чаго толькі я не перадумаў мінулай ноччу, якая толькі брыдота не згадвалася. І маленства, і маладосць у драбніцах перад вачыма праплылі. Але што, халера, цікава: раўную я сваю дачку да Жыгоцкага. Здавалася б, ненавіджу, гатовы праклясці і не бачыць ніколі, а прымірыцца з тым, што яна спіць з гэтым вырадкам, не магу. Хоць ты што хочаш. Выходзіць, люблю?.. Пэўна ж, люблю. Не, не цяперашнюю яе — прадажную самку, а тое немаўля, што я спавіваў, тую дзяўчынку, якую на санках вазіў, у якой затым правяраў школьныя заданні, поспехам якой радаваўся. Цацкі і лялькі, што ёй купляў, успамінаю, першыя кніжкі. Не верыцца, Божа мой, што гэта на марна пайшло. Але так гэта, бясспрэчна так. Целам жыве чалавек. Рэфлексамі. За што? За што мне такая горыч? Сотні разоў, тупаючы па кватэры, задаваў я сабе ўчора гэтае пытанне. Адрачыся, не бачыць, не думаць — хіба змагу? Як страсны палюбоўнік, што забівае каханку, адно каб не была яна ў абдоймах іншага, гэтак і я гатовы на ўсё. Тсс. Што я такое кажу! Аж і праўда: я цяпер звер, сабой не валодаю. Разбудзілі, развярэдзілі, распалілі.
А было ж гэта са мной аднойчы. У інстытуце. На трэцім, здаецца, курсе. Хадзілі тады да Жыгоцкага некалькі хлопцаў — сябрукоў па п’янках-гулянках. Я з імі амаль не знаўся, брыдкія яны мне былі. Асабліва адзін. Высокі, мардаты, забіячлівы і юрлівы. Як прыйдзе, толькі пра баб і мог гаварыць. І голас такі крыкліва-зычны, агідны. Я заўсёды стараўся выйсці з пакоя, калі ён там. А Жыгоцкаму нішто, ён усяедны. Адны сябры ў яго па вучобе і камсамоле, другія для распусты. Словам, да яго мала пасуе прымаўка: скажы, хто твой сябар. Шматаблічны гэта чалавек, слізкі. Ну ды каб ён згарэў, не пра яго зараз гаворка, а пра таго мардатага. З год ён да нас цягаўся, а мяне як быццам не заўважаў. Я, відаць, для яго карлікам быў, нікчэмнасцю. Дый сапраўды — кавалер я нягожы, з такім на пагулянку не выправішся. Не тое, што прыгажун Пецька. Дык вось гэты мардаты любіў тэрарызаваць слабейшых. Гэтым славіўся. Мяне, думаецца, не кранаў толькі таму, што я Пецькаў сябрук. А было ў яго некалькі чалавек, збольшага з першакурснікаў, на пабягушках. То па гарэлку іх пасылаў, то яшчэ па якіх сваіх прыхамацях. Словам, шасцёркі. Калі што не так — і аплявухай узнагародзіць, а то і добра наб’е. Раз і згледзеў я яго за гэтым заняткам. Іду па калідоры (а яны ў нашым інтэрнаце — не раўнуючы лабірынты) і бачу: прыціснуў ён аднаго здыхлю да сцяны і тузае. Азартна так, распаляючыся. Той бядак галаву ўтуліў, не абараняецца, трывае пабоі. І такая мяне раптам раз’юха апанавала. Падскочыў, заступіўся, сказаў пару «цёплых» слоў. А мардаты, не будзь уломак, адпускае сваю ахвяру, хапае мяне за плячо (а ён на паўгалавы за мяне вышэйшы), вывяргае вадаспад мацюкоў і штурхае далонню мяне ў лоб. Я адлятаю да сцяны, цюкаюся аб яе патыліцай і асядаю. Уваччу цямрэча. Мардаты нешта мне яшчэ настаўленча казаў, але я не расчуў, агаломшаны.
Суткі мяне калатун біў — ад бяссільнай, неспатоленай злосці. У свядомасці — толькі ўхмылка таго хлапчыны, толькі неўтаймоўнае жаданне з ім расквітацца. І разам з тым — усведамленне сваёй нямогласці. Такі боль у душы, што лягчэй, здаецца, павесіцца. На заняткі наступнага дня не пайшоў, а блукаў па горадзе, не ў сілах выйсце знайсці. Вечарам зразумеў: калі не разлічуся з мардатым, — не жыць мне болей: або захварэю на запаленне мозгу, або сам задушуся. І як прыйшло да мяне гэтае рашэнне, так і палягчэла адразу. Тут жа на вочы і гожая зброя патрапілася — ножка ад старога стала. За тумбачкай яна нашай ляжала, чамусьці не выкінулі. Схапіў я яе, абмацаў. Важкая, рабрыстая. Выскачыў у калідор і да пакоя таго хлопца шыбую. Нікога не стрэў па дарозе. Стукаюся, а зброю сваю за спінай каварна трымаю. Адчыняе ягоны сужыцель. Няма мардатага. Толькі што выйшаў кудысь. Далёка? А хрэн яго ведае. Добра. Я ў адну кухню — пуста, у другую, што ў суседнім крыле, — там ён. Курыць, мярзотнік. Як убачыў мяне, спачатку заўсміхаўся пагардліва, хацеў нават штосьці сказаць. Але ж, відаць, твар мой яго насцярожыў, жахлівы, напэўна, быў я ў тую хвіліну. Моўчкі іду да яго, моўчкі вышморгваю з-за спіны дрын, узмахваю люта. І тут: твар мардатага ўмольны зрабіўся, баязлівы, дзіцячы. Чуццём зразумеў, падла, што я жыццё гатовы аддаць, што яно для мяне — нішто, калі з ім не распраўлюся. Авечкай стаў гэты дзяцюк. Не тое што нападаць, адбівацца толкам не можа. У тры ўдары збіў я яго на падлогу. Малачу па спіне, па плячах, па галаве, якую ён захінае рукамі. Сілы ўва мне страшныя абудзіліся. Карацей, пляжыў, пакуль не ссінячыў яго, не скрывяніў. Тады павярнуўся, пайшоў. І такая патоля ў душы пасялілася. Цела палягчэла, вось-вось узляціць. У пакоі лёг на ложак, рукі пад галаву, вочы ў столь. Думкі стройныя, добрыя. Ні нянавісці табе колішняй, ні зайздрасці, ні комплексаў скрытых. Нібы народным героем умомант стаў, і заўтра пра мяне ў газетах напішуць. Незабыўнае пачуццё.