— Не цікавілася, але падазраю, што яны з ім у напружаных адносінах. Дакладней — у ніякіх адносінах. Больш таго, я адчуваю, што ўсякія размовы такога плана для Пеці балючыя, а таму не прыстаю.
— А ты не прыставай, — крыху пасунулася да яе Вера Генадзеўна, — аднак ведаць павінна. Можа, гэта пастка для цябе якая, можа, там што нячыста?..
— Дык што ты мне прапаноўваеш? — утаропілася на яе дачка.
— Канкрэтна — нічога. А ўвогуле — быць асцярожнай і лавіць кожную чутку, кожны намёк. Мабыць, дакументы якія, фотаздымкі ў доме захоўваюцца. Можа, у размове са старэйшым сынам што прамільгне.
— Сашка — гэта правая рука бацькі, самы адданы яму чалавек. Ён нічога не скажа. — Тамара зноў задыміла цыгарэтай. — І наогул, нікуды я лезці не буду.
— І ўсё-ткі, — настойвала маці, — чаму ён з жонкай не развядзецца, як думаеш?
— Ай, ну мам! Ты хочаш, каб я табе намалявала ўсю паднаготную іхняй сям’і. Я магу толькі здагадвацца, разумееш?.. — Дачка памаўчала надзьмуўшыся. — Ну, я мяркую, што ці то яна не дае яму разводу, ці то ўмовы, пры якіх ён можа адбыцца, Пецю не здавальняюць. Па законе ж, мабыць, нешта і ёй належыць.
— Належыць, і думаю, што нямала. А адкупіцца ён не спрабаваў?
— Ат, мам! — абурылася Тамара. — Ты пераходзіш усякія межы разумнага! Ну адкуль жа мне гэта знаць? — І істэрычна: — Госпадзе, ды дайце ж мне проста спакойна пажыць!
— І зноў ты хвалюешся, — працягвала дапытлівая маці, — а між тым твой спакой залежыць іменна ад ведання сітуацыі.
— Мой спакой залежыць ад роднага бацькі! Вось ад каго мой галаўны боль. Ён жа, напэўна, мне нейкую падлянку задумаў. Ды што там задумаў — ён адкрыта гаворыць, што сапсуе мне жыццё, што не дасць нам з Пецем быць разам. — На Тамарыных вачах навярнуліся слёзы. — Скажы, хіба так можна, як ён паступае? Пеця аднойчы з ім гаварыў (да тэлефона падышоў першы), дык татка мой яго мацюкамі накрыў. Пеця, калі хочаш знаць, з таго дня спіць дрэнна, раздражнёны, а ў яго, ведаеш, якая нагрузка. Яму ж з людзьмі кожны дзень працаваць, вырашаць найважнейшыя справы. І хоць ён нічога такога не казаў, думаю, што зробіць усё магчымае, каб захаваць наш спакой.
— Не спяшайце пакуль, я паспрабую яшчэ раз пагутарыць з тваім бацькам, пераканаць, каб ён ад вас адчапіўся.
— Калі ласка, мам, — дачка нахілілася праз столік і паклала сваю далонь на матуліну, — пераканай ты яго. А то, дальбог, апошні месяц як на гарачым вуголлі жыву. Усё нейкай выхадкі ад яго чакаю. Гэтак жа немагчыма. І тэлефон, чуеш, нумар мабільнага майго, яму нізашто не давай. У цябе ён нідзе не запісаны?
— Не, Томік, не запісаны, я ж навучаная.
— І Юрку накажы, каб не даваў.
— Усё будзе нармальна, не бойся, — запэўніла Вера Генадзеўна; выраз яе твару быў надзвычай рашучы.
— Хацелася б спадзявацца, — прамовіла дачка, — вельмі хацелася б. А ведаеш, мам, давай за гэта вып’ем, а? — Яна напоўніла келіхі, узняла свой: — Вып’ем, каб усё было ціхамірна!
Маці з дачкой чокнуліся, затым падаліся адна да адной, пацалаваліся, выпілі. Тамара — да дна. Вера Генадзеўна — да паловы.
Хвілін праз дзесяць яны ўжо сядзелі ў машыне, што імчала іх па праспекце Скарыны. Над горадам цараваў чароўны чэрвеньскі вечар. У прачыненыя вокны залятаў таполевы пух. Міргалі нястомныя святлафоры.
16
У пятніцу вечарам Пятро Вацлававіч Жыгоцкі знаходзіўся ў сваім загарадным асабняку, калі яму далажылі, што ля варот тырчыць нейкі чалавек і настойліва дамагаецца, каб яго прапусцілі. Называе сябе бацькам Тамары Паўлаўны.
Ад гэтай звесткі Жыгоцкаму стала прыкра, бо праз гадзіну ён мерыўся выехаць з Тамарай у начны клуб. Яна, дарэчы, зараз была ў сауне, на нулявым паверсе асабняка. Колькі секунд павагаўшыся, Пятро Вацлававіч вырашыў прапусціць гэтага непажаданага наведвальніка, аднак скрыць, што яго дачка знаходзіцца дома, і размаўляць без яе.