Михась Южик - Лесвіца

Шрифт
Фон

Міхась ЮЖЫК

ЛЕСВІЦА

Раман

1

Павел Алегавіч бег па шпалах чыгункі. Ён задыхаўся — з грудзей вырываўся ўсхліпісты свіст, сэрцу станавілася цесна пад рэбрамі. Ногі рабіліся нейкімі ватнымі, нечуллівымі, цяжэлі, нібы прыліпалі да зямлі. З-за спіны даносіўся пагрозлівы гуд цеплавоза. Гэтая махіна неслася, каб раздушыць няшчаснага Паўла Алегавіча, расплюхаць яго кроў і мазгі па шпалах і рэйках, раструшчыць косці.

Варта было толькі ўявіць, чым ён стане пад коламі цягніка, як уцякач знаходзіў новыя сілы для свайго адчайнага бегу. Сэрца пасылала новыя патокі крыві, ногі дужэлі, і Павел Алегавіч рабіў шалёны рывок. Тады жудаснае гудзенне цягніка аціхала. Здавалася, яшчэ адно намаганне — і пагоня адстане.

Задыханы, углядаўся ўцякач наперад — туды, дзе праклятыя рэйкі струнамі злучаліся з даляглядам. Ані лясочку наперадзе, ані будыніны. Толькі высокі на­сып чыгункі, а ўнізе, абапал і колькі акінуць вокам, — страшная багна.

Богведама, колькі будзе доўжыцца гэты вар’яцкі бег. І скрабе гнятлівая думка: хутка скончацца сілы. Прынамсі, скончацца яны значна раней, чым паліва ў цеплавоза, што раве, скавыча, стукае-грукае недзе ззаду.

Ды не. Мусіць, проста не вытрымае сэрца. Вунь яно як малоціць, гаротнае. Але, такія прабежкі не для чалавека ў гадах.

Аднак бяжыць Павел Алегавіч, борзда скача па шпалах. Праз дзве — на трэцюю, праз дзве — на трэцюю спрытна трапляюць яго ступні. Тут збіцца — або нагу падвернеш-паломіш, або проста ўпадзеш і, канешне, не ўстанеш.

З нейкага моманту няшчасны адчуў, што паветра перастае ўваходзіць у лёгкія. Бронхі звузіліся, сціснуліся. Бег запаволіўся, і, натуральна, гучнее, мацнее з кожнай секундай гуд шматтоннага пераследніка-цягніка.

Але што гэта?! Павел Алегавіч заўважае, што зусім не бяжыць ён па шпа­лах, а паўзе па іх па-пластунску. Паўзе? Ды не — лезе, караскаецца, дужаецца з зямным прыцяжэннем! І рэйкі — ужо нібыта не рэйкі перад ім, а лесвіца, стромая, бясконцая лесвіца ў неба...

Цягнік праносіцца якраз пад ім. Несканчоны, цяжкі, грымлівы.

Павел Алегавіч лезе і краем вока азірае наваколле. Усё тая ж багна ўнізе. Ні людзей, ні дамоў, ні расліннасці.

Чым далей узбіраецца ён, тым свяжэйшым становіцца паветра. Як быццам распраўляюцца бронхі, і — так! — дыхаецца ўжо лягчэй. Сэрца цішэе ў грудзях, не малоціць так шалёна па рэбрах.

І ўсё б наогул добра было, каб не тое, што лесвіцы канца не відаць, а калі сарвешся і шухнеш долу, то не нашмат лепей будзе, чым раней пад цягнік.

Слепіць сонца, мацнее і халаднее па меры пад’ёму вецер. Лезе няшчасны чалавек па лесвіцы ў самае неба. Далей ад смярдзючай багны і смертаноснага цягніка. Падымаецца ў невядомасць.

2

Павел Алегавіч Багатка прачнуўся, як заўжды пасля такіх сноў, разбіты і злосны. Доўга ляжаў, млява гледзячы на брудна-белую столь, не ведаючы нават, радавацца гэтаму абуджэнню ці лепей бы ўжо наогул не прачынацца. Затым сеў на нізкім ложку, апусціў босыя ступні на прахалодную падлогу і зірнуў у шчыліну між штор. Ранішняе чэрвеньскае сонца заблыталася ў густых кронах дрэў. Дзень абяцаў быць ясным.

«Што ж, хаця б у гэтым пашчасціла», — падумаў Багатка і пачаў апранацца.

Панядзелак быў першым днём ягонага водпуску, і Багатка не ведаў, з чаго б такога плённага гэты водпуск пачаць. У Паўла Алегавіча не намячалася якіхнебудзь сур’ёзных спраў.

Сям’я Багаткаў складалася з пяці чалавек: дваццацігадовы сын, дваццацітрохгадовая дачка, жонка і цешча. І ўсе яны, на жаль, не любілі галаву сям’і, мала таго, і галавой сям’і яго не лічылі.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги

Популярные книги автора