Бах Ричард - Чайка па імені Джонатан Лівінгстан стр 5.

Шрифт
Фон

Ён ляцеў над морам да зрэзанага гарыстага берага. Некалькі чаек практыкаваліся ў адначасовым узлёце са скалаў. Далёка на поўнач ад іх, каля самага гарызонта, лятала яшчэ некалькі чаек. Новыя далячыні, новыя думкі, новыя пытанні: «Чаму так мала чаек? На небе іх павінны быць вялізныя чароды! І адкуль у мяне нечакана такая стома? Чайкі ж на небе не павінны ніколі ні стамляцца, ні адпачываць».

Дзе ён пра гэта чуў? Памяць пра зямное жыццё страчвалася. Само сабой зразумела, Зямля была месцам, дзе ён шмат чаму навучыўся, але паасобныя дэталі распадаліся — штосьці звязанае з ежай, з выгнаннем.

З берага ўзняўся тузін чаек, каб прывітаць яго, усе яны маўчалі. Але ён адчуў, што яму рады тут і што ён трапіў дадому. Гэты дзень быў у яго вельмі доўгі, такі доўгі, што світання яго ён ужо не памятаў.

Ён зрабіў разварот для пасадкі на беразе, узмахнуў крыламі, замёр у паветры за дзюйм ад зямлі і мякка апусціўся на пясок. Астатнія чайкі таксама прызямліліся, але ніводная з іх не ўзмахнула пры гэтым і перцам. Яны шырока распасцерлі свае беласнежныя крылы, павярнуліся супроць ветру і нейкім адмысловым спосабам так наставілі перцы, што спыніліся ў той самы момант, як толькі лапкі дакрануліся да зямлі. Дзівоснае валоданне сваім целам! Але Джонатан занадта стаміўся, каб паспрабаваць паўтарыць іх манеўр. Так і не прамовіўшы ні слова, ён заснуў, стоячы на беразе.

У наступныя дні Джонатан зразумеў, што тут яму давядзецца даведацца пра палёты не менш новага, чым ён даведаўся за ўсё сваё ранейшае жыццё. Але тут была і розніца. Побач з ім тут былі чайкі-аднадумцы. Сама галоўным у жыцці кожнай з іх было дасягнуць дасканаласці ў палёце, бо палёт — гэта якраз тое, што яны любілі больш за ўсё на свеце. Усе яны, дзівосныя птахі, дзень пры дні, гадзіна за гадзінай трэніраваліся ў палётах, выконваючы складаныя фігуры найвышэйшага пілатажу.

Джонатан нібыта забыўся пра той свет, адкуль ён прыйшоў, пра зямлю, на якой жыла Чарада, што моцна зажмурвала вочы перад радасцю палёту і карысталася крыламі толькі дзеля таго, каб здабываць ежу і біцца за яе. Але час ад часу да яго на імгненне вярталася памяць, і ён успамінаў.

Аднойчы раніцай, калі разам са сваім настаўнікам яны адпачывалі на беразе пасля некалькіх імклівых бочак, зробленых са складзенымі крыламі, ён спытаўся:

— Саліван, а дзе ўсе астатнія? — спытаўся ён бязгучна, бо к гэтаму часу ён цалкам авалодаў не дужа складанымі прыёмамі тэлепатыі, якой карысталіся тут чайкі замест крыку і ляманту. — Чаму нас тут гэтак мала? Там жа, адкуль я прыляцеў, жылі...

— ...тысячы і тысячы чаек. Я ведаю. — Саліван паківаў галавой. — Адно магу сказаць, Джонатан. Ты — птушка адна на мільён. Большасць з нас ішла сюды куды марудней. Мы пераходзілі з аднаго свету ў другі, амаль гэтакі ж, як і колішні, і адразу забываліся, адкуль прыйшлі, не думалі, куды ідзём далей, і жылі жыццём толькі гэтай хвіліны. Уяўляеш, праз колькі жыццяў трэба было нам прайсці, каб зразумець, што існуём мы не толькі дзеля яды і бойкі за ўладу ў Чарадзе? Праз тысячу жыццяў, Джон, праз дзесяць тысяч! А потым яшчэ сто жыццяў, перш чым мы пачалі спасцігаць, што ёсць дасканаласць, і яшчэ сто, каб нарадзілася думка: мэта жыцця — знайсці гэтую дасканаласць і паказаць яе ўсім. Ну і, вядома, гэтага ж правіла мы прытрымліваемся і цяпер: выбіраем сабе наступны свет, зыходзячы з таго, што даведваемся ў гэтым. А калі нічога не даведваемся, дык наступны свет будзе такі самы, як і гэты, з тым самым свінцовым цяжарам абмежаванняў, якія трэба пераадолець.

Ён распасцёр крылы і павярнуўся тварам супроць ветру.

— Але ты, Джон, — сказаў ён, — адразу даведаўся так многа, што табе не спатрэбілася праходзіць праз тысячу жыццяў, каб дасягнуць гэтага жыцця.

Праз хвіліну яны зноў трэніраваліся ў паветры. Шматвітковыя бочкі ў шыхце даваліся цяжка: у становішчы дагары нагамі Джонатану трэба было думаць «наадварот», у процілеглы бок паварочваць крылы, каб іх рух супадаў з рухам крылаў свайго настаўніка.

— Паспрабуем яшчэ раз, — зноў і зноў гаварыў Саліван. — Паспрабуем яшчэ раз. — І нарэшце: — Добра.

І яны пачалі адпрацоўваць знешнія петлі.

Аднойчы ўвечары свабодныя ад начных палётаў чайкі сабраліся разам і ў задуменні стаялі на пяску. Джонатан сабраў усю сваю мужнасць і падышоў да Старэйшыны, які, як казалі, неўзабаве павінен быў пакінуць гэты свет.

— Чыанг, — з хваляваннем загаварыў ён.

Стары лагодна паглядзеў на яго.

— Што, сын мой?

З гадамі Старэйшына не аслабеў, а, наадварот, стаў яшчэ дужэйшы. Ён мог выперадзіць у палёце любую чайку з Чарады і навучыўся такому, да чаго астатнія толькі спакваля набліжаліся.

— Чыанг, гэты свет — гэта ж яшчэ не неба?

Месяц асвятліў усмешку Старэйшыны.

— Ты зноў вучышся, Джонатан-Чайка, — сказаў ён.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги