1971—1975
* * *
Ранняя, шэрая раніца. Дворнічыха, пажылая, сумна заклапочаная жанчына, лапаціць снег з шырокага тратуара. Мернае, аднастайнае шкрэбанне, якога хопіць надоўга.
Насустрач старой, па начной яшчэ, непрыбранай, чысценькай белі ідуць на першую праходку ясельныя дзеці. Як заўсёды, за ручкі, пацешныя ў сваім мініяцюрным падабенстве да людзей дарослых.
Першы хлопчык, што не трымаецца за руку з сябруком, a ідзе як быццам спераду, спыніўся i сам у сябе спытаўся:
— Што гэта бабуля робіць? — I ўсцешана здагадаўся: — Дарогу для нас!
Дворнічыха перастала лапаціць, выпрасталася i ўжо ўсміхаецца, адно што не кажа: «Праўда, для вас».
Так усміхаюцца толькі дзецям.
* * *
Осла. Порт. Да нашага цеплахода прыйшоў пацешным парадам дзіцячы духавы аркестр. У горадзе пачаўся традыцыйны тыдзень музыкі. Канцэрт, які мы слухаем з ніжняй палубы.
Дзябёлы чорны дырыжор аж прысядае, каб быць бліжэй да сваіх малых i маленькіх трубачоў ды барабаншчыкаў, i падпявае ім, размахваючы доўгімі рукамі ў белых пальчатках. Настаўнік!
Добра зблізку глядзець на твары, нібы расшыфроўваючы яшчэ адзін народ.
I неяк па-новаму дзіўна, што вось i нельга прабіцца словамі з тых моў, якія ты ведаеш, у чыстую душу, якой любуешся праз дзіцячыя вочы, дзіцячую ўсмешку.
Космас, галактыка, міжпланетныя сувязі... А на Зямлі яшчэ столькі вялікай работы!..
* * *
Успаміны — як вочкі той сеткі, якую мы пляцём усё жыццё, адзінай сеткі, адзінай справы жыцця.
Уранні зноў мяне наведаў нечаканы ўспамін. Пра тое, як я калісьці вяртаўся зімою з вёскі, дзе многа пісаў у ціхай братавай хаце, i як мяне дома, яшчэ на дварэ, сустрэў мой малы. Не ішоў, а бег перада мною на пяты паверх, сам пазваніў, сам крычаў маме, што я прыехаў, спяшаўся распранацца i — адразу патрабаваў свайго, па чым засумаваў у месячнай разлуцы.
Мы з ім палеглі на дыване, паставілі там, на падлозе, лямпу з зялёным абажурам i чыталі. П'еро, Андэрсена, Талстога, Носава, народныя казкі... Не ўсё зараз, вядома, a штосьці з названага.
Не праходзіць такое бясследна. Ці не таму ён днямі, ужо тым часам юнак, прылёг увечары на тахце, дзе я сядзеў, галаву палажыў на мае калені, нібы так сабе, нібы між іншым, i доўга не вызваляў чупрыну з-пад мае рукі?..
He круці галавой, калі будзеш гэта чытаць. I мне пісаць такое як быццам няёмка. Як быццам гэта — толькі наша з табою, не больш.
* * *
З намі тут, у вёсцы, маленькая Дануся, якая ўся жыве ў казачным свеце, заражаючы гэтым i нас.