«Еш, дурань, бо то з рыфмай!»
* * *
Збянтэжыўшыся перад веліччу сапраўднага мастацтва, бяздарнасць не змоўкне, не пакіне графаманіць. Часовая разгубленасць тут пераходзіць у патаемны цынізм: «Як ні пішу — абы грошы. Усё роўна ўсіх Талстых ды Чэхавых не перагоніш...»
Зрэшты, цынізм тэты не заўсёды патаемны: паміж сабой такія літаратары дзеляцца i гэтым крэда.
* * *
Разбіта бяздарная кніга жывога халтуршчыка. Грунтоўна, доказна, нават спакойна.
Аўтаравы сябры, дый сам ён, яшчэ глыбей панураны ў нявінную журбу, менш за ўсё пярэчаць па сутнасці справы, але, адводзячы агонь, больш за ўсё абураюцца тонам.
Хваліць можна тонам любым.
* * *
Удалую рэч выгадна напісаць яшчэ i таму, што тады некаторыя з вашых сяброў скажуць другім некаторым, што, пачынаючы з гэтай рэчы, вы для ix — сапраўдны пісьменнік.
Хоць яны i перад гэтым хвалілі кожны ваш новы твор. Таксама горача і... шчыра.
* * *
Калі я, быўшы падлеткам i юнаком, цішком выняньчваў свае першыя «вершы», a потым i «апавяданні», i не мог часамі нацешыцца ўдачай,— што гэта было: ужо творчая праца ці яшчэ нявінная гульня? Ці, можа, адно i другое разам?
Магло быць i так. Бо праца ў чалавека пачынаецца з гульні — з наіўнай гульні ў разумную працу жыцця. Гэта патрэбна i, перш за ўсё, натуральна.
* * *
Славуты фізік:
— Сваім студэнтам-першакурснікам я гавару, што яны дурні, калі не лічаць мяне круглым ідыётам. Гэта патрэбна для руху наперад. A ўжо на чацвёртым, на пятым курсе яны могуць дазволіць сабе i аб'ектыўнасць. Бяда, калі яны задоўга будуць адчуваць сябе першакурснікамі.
Такое падыходзіць i для лірыкаў.
* * *
Вывучу столькі, колькі трэба, каб ведаць, куды я прыйшоў, што мне рабіць i як мне пайсці адгэтуль. I ніколі не будзе зашмат, i не будзе вялікага смутку, што я не ўведаў усяго, бо ў пазнаванні — радасць, i яна бясконцая.
* * *
Як бы хацелася прадбачыць, ужо сёння адчуць тыя добрыя словы, якія скажа пра мяне сапраўдны друг, калі мяне ўжо не будзе!..