Калі сказаў такое таварышу, з якім забрыў у гушчар, ён мне пачаў растлумачваць усё па Пляханаву, а я ўжо ведаў, што, як дадому прыйдзем, запішу. Сваё, пра адчуванне.
* * *
Вернісаж у кустах ялаўцу — павуцінне. У сонцы і расе. Скрозь павуцінне, дзе толькі можна яго начапіць. Добра думаць пра мікрасветы, якія мінаеш, пра маэстра, што іх ствараюць.
Пераход цераз латачыну, дзе канчаецца старыца. Салодкі пах прэлага алешніку, кінутага на гэтую сцежку.
Туман над лесам, на вяршалінах. А на рацэ ён — ад крутога берага.
Зусім не шкада, што дарма праляпаў раніцу спінінгам. Паляванне з блакнотам. На красу і здароўе.
* * *
Над позняй раллёй у акуратна завораным садочку - маладыя яблынькі, голыя перад зімой. Ужо не такія, каб іх абвязваць саломай.
Чырванаватая, як быццам кволая кара. Голле — таўсцейшае, тонкае і тоненькае — расце, куды хоча і як сабе хоча. I ў гэтай свабодзе, якая не паўтараецца, іменна тая краса, якую мне хочацца назваць бясфор меннай.
Так і н а іншых дрэвах — процьма такой жа бясформеннасці. I ў гэтай непаўтаральнасці яе, нідзе і ніколі, ёсць нейкая ітаямнічая, і вельмі простая, строгая заканамернасць.
* * *
Святло ідзе заўсёды зверху. А вось праз хмары раптам выглянула сонца, і святло заззяла знізу, адбіўшыся ад зямлі, засланай першым снегам.
Усмешка нечаканасці.
* * *
На паўднёвым схіле гары за нашай вёскай былі калісьці ляскі, якія потым чамусьці высеклі, і паміж шэрых, высмажаных маразамі, слатою і сонцам пянькоў буяла трава з духмянасцю кветак і звонам пчол, чмялёў і рознай заедзі ды машкары.
З тых дзён мне з асаблівай выразнасцю помняцца маленькія блакітныя матылі, якіх мы лавілі сачкамі. Для школьнай калекцыі. А яшчэ больш — для радасці. Як аказалася — на ўсё жыццё.
* * *
Любуюся раллёй.
Люблю яе, асабліва як свежая. Ці веснавая, ці вераснёвая, як цяпер, калі мы бачым яе праз вокны аўтобуса.
Калі ж яна ў адным месцы — старанна, хораша заараная — лагодна спадала ў міжлессі з узгорка ў даліну — захацелася нават пагладзіць яе.
I падумаў адразу, што гэта добра было б зрабіць мазолістай рукой.
1971-1975