— Хе-хе! Папаўся, падла! Віншую пана, віншую!
Адразу за парогам, выбраўшы трохі вольнага месца, у свірне стаяла вага. Шчупак быў паложаны на яе, i хвост ягоны крыху павіс над краем. Пан Малібога ўрачыста паваражыў малымі, большымі, меншымі гірамі і, нарэшце, паведаміў:
— Тры кілі i чатырыста грам. Трошкі нават з пераходам.
Цесць паглядзеў на зяця. Віктар стаяў вінаваты, нікчэмны. Цесць паглядзеў на Генюся. Зяцеў рыбалавецкі сябар i настаўнічак, босы ды непаголены, у недарэчнай тут форменнай шапцы, ён таксама стаяў, як намочаны. Цесць-бацька-муж i пераможца паглядзеў на ўсіх астатніх...
Пані Глафіра Мікалаеўна, былая красуня, жанчына ацяжэлая, уладная, называла свайго i за вочы, i ў вочы па прозвішчы: Міхалап. Тут ужо ён быў штатнай адзінкай.
— Ну, Міхалап,— сказала яна,— ты ў мяне дома сядзець не будзеш!
Пакуль ён спраўляў ранішні туалет, адпачываў у піжаме на раскладушцы; пакуль Глафіра Мікалаеўна забаўлялася за перагародкай з унукам; пакуль Віктар калоў за адрынай дровы, дзед у кухні дадрэмваў сваё, а Генюсь стаяў на суседнім двары, за плотам, от сабе, размаўляючы з Малібогавым суседам,— шчупаком займалася каля свірна Лілька.
Адтуль i пачуўся потым яе ўстрывожаны крык.
Праз момант уся сям'я была ўжо там. З'явіўся Генюсь. Прыкульгаў стары.
З нажом у акрываўленых руках Лілька глядзела то на ўсіх, то зноў, як i яны, на шчупака... Той ляжаў ужо без жаўтлява-зеленаватай кашулі, з раскроеным жыватом. Адтуль, як нямытая морква з базарнай сумкі, відаць былі... кароткія, іржавыя балты...
Тры чалавекі ведалі тут пра ix паходжанне. Прычым адзін, сам Ён, толькі цяпер здагадаўся. Маўчаў, наліваўся да чырвані святагіпертанічным абурэннем, але маўчаў, нібы i сам аглушаны балтом. Віктар маўчаў таксама. Трымаўся студэнт па-сапраўднаму мужна, як быццам хата яго была — на самым краёчку. Ці вытрываў бы да канца Генюсь, цяжка сказаць. Яго — зусім знячэўку — выручыў пранізлівы паравозны гудок.
— Мой, ліха яго галаве! — радасна схамянуўся старэйшы з двух злачынцаў. Усцешаны выхадам са становішча, ён прыпусціўся па двары, па вуліцы — на голас службы, сустракаць вузкакалейны цягнічок. I Генюсю было лягчэй, чым Віктару,— босы начальнік станцыі свабодна пырхнуў смехам адразу ж, трохі адбегшыся.
Здзіўленне выказвалі толькі жанчыны.
Пан Малібога пастаяў, абапёршыся на кульбу, паглядзеў на рыбіну з-пад доўгага козыра кепкі i вырашыў, мясцовы патрыярх, мудра i канчаткова:
— Што вы хочаце, пане Іване Піліпавіч! Пры немцах тут у возера накідалі ўсякага жалеззя. Ён гэта, падла, i наглытаўся. Бывае!..
1966
* * *
Нёман збіраецца пад лёд. Па ціхай ртуці вады ідуць крыгі — вялікімі кругамі з акантоўкай, як экзатычныя лісты вікторыі-рэгіі. I труцца, і шумяць, і хочацца стаяць ды слухаць...
Доўга я жыў, але далёка ад ракі, не чуў такога.
Паглядзеў яшчэ і на светлае неба праз соспы. Ад душы, ад горычы і трывог нашай працы сказаў сябру, сааўтару па цяжкай калектыўнай кнізе:
— Можа, лепш музыку будзем пісаць? Такую добрую, сардэчную, для ўсіх на свеце і надоўга, назаўсёды зразумелую...
I не дадаў: як гэты вось зялёны пошум угары і серабрысты шоргат на плыні...