Янка Брыль - Акраец хлеба стр 49.

Шрифт
Фон

Бабуля таксама памерла. Даўно. Што ж, трыццаць год — гэта, бывае, цэлы чалавечы век. А яна ўжо i тады была старэнькая.

1975

Першая радасць была для ўсіх: гэта вячэрняя зводка. Нашы выйшлі на Прут, вайна, нарэшце, на чужой, варожай тэрыторыі!

Другая радасць — толькі наша. Мы з Алесем амаль нос у нос напароліся на засаду. Аднак іхні дурань, дзякуй яму, стрэліў заўчасна, i мы драпанулі назад. З-пад куль. Абодва цэлыя, коні таксама.

Калі мы на досвітку пад'язджалі да Алесевай вёскі, ён сказаў:

— Заглянем да сястры. Пагрэемся. Аладак напячэ.

Трэцяя радасць за ноч. Яшчэ ўсё доўгую i золкую.

Прадвесне.

Гаспадара мы сустрэлі ўжо на дварэ: ішоў з гумна з рэзгінамі саломы. У хаце спалі толькі малыя. А гаспадыня стаяла каля акна.

— Во, во, работнічкі,— сустрэла нас.— Не спіцца мне i не ляжыцца, як у песеньцы. А я гляджу, хто гэта хрупае па лёдзіку. Ну, распранайцеся ды мыйцеся. А я сюды-туды.

Яна была гарбатая. Спехам, сяк-так прычасаная, толькі што надзеўшы кофтачку. I ўсміхалася... нібы какетліва. A ўжо ж не маладая... I няёмка было глядзець на яе. Дагэтуль я толькі чуў здалёк пра Алесеву сястру. Яшчэ пры Польшчы. Як пра рэдкую навіну, загаварылі тады, што зарэцкі Гарноська бярэ Марозаву Маню. Міхась быў спраўны, але з надта ж беднай сям'і: чатыры хлопцы на паўтары дзесяціны. А Маня калека, але з вялікім пасагам. З хаты яна не вельмі ўжо так i заможнай, a працавітай i дружнай. Марозаў — тры браты. Алесь, старэйшы, добры каваль. Другі, Сцяпан, стальмашыў. А меншы, Васіль, рабіў на гаспадарцы. У трох братоў Маня была адна дый такая, i з пасагам ёй хлопцы не паскупіліся.

Цяпер Марозы ўсе былі ў партызанах. Абодва старэйшыя з сем'ямі, толькі Васіль нежанаты. А Маня ca сваім Міхасём пакуль што сядзелі дома. Вёска за ракою, ад лесу, немцы адзін толькі раз сюды i прыходзілі, у блакаду. Толькі тады ўсе людзі i ўцякалі ў пушчу. А так мужчын у брыгадзе хапала, i ўсіх з партызанскай зоны не бралі, тым больш, што Манін Міхась i тут нам добра памагаў, вельмі спраўна робячы сёдлы.

Аладкі былі ячныя ды пухкія, адна ў адну. Сала Маня насмажыла, яец. Была i чарка, i столькі прычын выпіць яе ў ахвоту. Аднак, тое ранняе ранне — вось ужо больш за трыццаць год — помніцца мне з неадчэпнаю прыкрасцю.

Разумны, спраўны мужчына быў той Алесеў швагер Міхась. А як жа яна бэштала яго!.. Не спецыяльна пры нас, a відаць, што прывычна, можа, нават лягчэй, чым каторага разу сам-насам. Алесь быў у Марозаў не проста самы старэйшы, ён гаспадарыў у хаце, калі ix бацька памёр,— Маня павінна была б хоць яго цяпер паважаць. А я ж наогул першы раз у хаце. Алесю было няёмка перада мною, але ж ён у нас, у атрадзе, такі дабрадушны вахлак, што i слова не скажа, усё пераносіць цярпліва, як быццам гэта патрэбна яму для чагосьці важнейшага. Міхась таксама ціхманы. А можа, i прывычны ўжо, каб кешкалі. Яшчэ ўсё за тую вялікую ласку, што зроблена яму на ўсё жыццё.

«Мой хіба слова людскае скажа!.. Толькі i ведае, што сёдлы гэтыя ляпіць... Як ты нясеш яе, гэтую бутэльку — хоць бы ўжо чыста выцер!.. Як ты жуеш!.. Што ты шморгаеш носам!.. Ды што тут, божа мой, будзеш казаць!..»

Так вось яна, чорт вазьмі, i пакутуе за ім. А ён — мужчына, што толькі глядзі на яго ды любуйся — ён усміхаецца, гнецца, маўчыць. Добра, што хоць малыя спяць, не чуюць ды не бачаць гэтага. Цяпер? А кожны дзень?

Адзін раз было ўжо ясна, што тая зямля, тыя пасажныя дзесяціны,— зусім не тое, чым яны былі ў той час, калі Міхась яе браў. У трыццаць дзевятым зямлі давалі ад панскага — толькі ары ды сей. Далі i Міхасю, больш чым пасажнай. Быў бы ён не жанаты з табой, дык i не зірнуў бы на цябе без літасці, а тут... Няўжо ж пры разумных братах ты такая дурная, каб усцешыцца ў сорак першым i аж дагэтуль лічыць, што ўласнасці тваёй ніхто не адбярэ?.. Цяпер ужо наша свабода не за гарамі, а на Дняпры, на Дзвіне. I ты ж, вядома, рада разам з усімі добрымі людзьмі. За што ж тады ты чалавека, бацьку тваіх дзяцей, брыдзіш ды кешкаеш святою раніцай пры браце, што даўно табе за бацьку, i пры мне, што ўпершыню зайшоў сюды братавым сябрам, таварышам, госцем? Няўжо так моцна ты ўжо яго да сябе прывязала — тою пасажнай зямлёй?..

Шкада, як пабачыш калеку. Хлопца — таксама, але дзяўчыну больш. Нядаўна бачыў я адну ў тралейбусе. Таксама бедная з горбам, як i тая Маня, але ж маладзенькая. I ў капялюшыку модным, i валасы пафарбаваныя, i губы, i вейкі, i над вачыма. Можа, калі-небудзь раней, у маладосці, па мімалётнай дурасці чалавек i ўсміхнуўся б, гледзячы на такую дарэмную неадпаведнасць, але цяпер, у нашых гадах... Не дай бог быць бацькам такога дзіцяці!..

Алесь разумны быў чалавек. Ён шкадаваў сястру, змалку прывык шкадаваць. Можа, таму i маўчаў, не толькі з-за няёмкасці перада мною.

А муж? I пашкадуй яе, i палюбі, i цярпі кожны дзень. З-за дзяцей, якіх не пакінеш? Ці i ён яшчэ ўсё з-за зямлі — хай бы яна правалілася, тая зямля?..

Скажы цяпер каму-небудзь i бойся, што не паверыць. I сам ужо, здаецца, не паверыў бы, каб не бачыў, не памятаў.

У жніво вясковым людзям няма калі адпачываць, i таму калгасны дом адпачынку «Сосны» запоўнены гарадскімі.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора