Я ўжо сказаў, што жаласці ў нас не было. Магу і паўтарыць, шчыра і... трохі не зусім. Калі мне сказаць пра самога сябе. Я быў то менш, то больш блізкі да жадання выняць з самаробнага кабура наган і дакончыць яе пакуты, аднак, было ў маіх думках і іншае. З нас чатырох я адзін быў мясцовы, і вельмі ясна ўявілася, як мною будуць пасля палохаць дзяцей. З гэтай вёскі была мая маці, тут я любіў дзяўчыну.
Вёска - бабы, мужчыны, малыя - амаль уся стаяла тут. Ніхто нічога не пачынаў, усе як быццам чакалі, што мы, хто са зброяй, - тыя, што ўсё цяпер вырашаюць, - мы павінны і гэта, з недабітаю, вырашыць як належыцца.
А мы таксама маўчалі, з коней сваіх патомленых слухалі недарэчнае, што паўтаралася, як у трызненні:
- Граждане, хоть кусочек воды!..
І тут з-за ўзгорка, з усходу, паказалася, а потым і пачулася машына, поўная нашых салдатаў.
Неўзабаве яна спынілася каля нас. Частка байцоў пасаскаквала цераз борт на дарогу, з кабіны выйшаў старшына. Высокі, мажны, вусаты, з медалямі - хоць на плакат ці ў кіно.
Тады, у дні вялікага разгрому і вялікай радасці, і самі немцы, і ўсе іх паслугачы найбольш баяліся партызан. Каму найбольш былі вінаваты: як непасрэдным сведкам людскіх нявінных пакут і першым мсціўцам за іх.
Тая - у крыві, у пяску, пад нагамі, - трэба думаць, таксама ведала гэта. Ужо салдатам, як быццам шукаючы ў іх абароны ад нас, яна паўтарыла сваё пра «кусочек воды».
Ды старшына ўжо ведаў, што тут да чаго, - што ўбачыўшы, а што пачуўшы.
- Лежи, лежи! - адказаў ён.- Тебе еще Гитлер шнапса пришлет!..- І пасля паўзы: - Сергеев!
- Я! - тузануўся на «смірна» цыбаты, маладзенькі баец, не вельмі ваяўніча падцягнуўшы за рэмень вінтоўку.
Выказаць свой загад нейкім словам, хоць бы якім, старшына не выказаў. Ён кіўнуў галавой на ляжачую.
Баец, які недзе дома быў, відаць, зусім яшчэ нядаўна для кагосьці хлопчыкам, без пары і гарушчым, і пасталелым, разгублена, не па-салдацку выдушыў:
- Товарищ старшина... ведь женщина...
Зноў была паўза, якую недакладна будзе назваць толькі разгубленасцю. Паміж суровым вусачом і хлопчыкам былі салдаты розных узростаў, рознага вопыту вайны, аднак старшына не кіўнуў больш нікому.
- Ну что же...- сказаў ён, таксама нібы разгублена, ці што, і адразу, ужо зусім звычайна, скамандаваў: - Поехали!
Але з падножкі, - усё-такі армія, усё-такі старшы па званні, - ён кінуў нам:
- Вы, партизаны, ею займитесь!
Мы, вядома, не заняліся. У нас таксама было куды ехаць па справе, якая была тады найважнейшай. Мы таксама спяшаліся.
Зрэшты, да недабітай ужо ішла, амаль подбегам, босая цётка ад вёскі, - з вядром у руцэ і з нечым белым пад пахай...
1971
Ноччу паехалі да сувязной.