Янка Брыль - Акраец хлеба стр 45.

Шрифт
Фон

Другая — яшчэ смялейшая. Распасцерла перада мною ручкі i праспявала ca смехам, які пакуль што ў вачах:

— А не пуш-чу, не пуш-чу!..

Прыйшлося падняць. Высока, вы-со-ка!

І яшчэ раз. Гэта, вядома ж, спадабалася. Іншым — за ёю — таксама. Пасля дзевятай прыйшлося проста ўцякаць.

І прыгадалася... Ну, тое самае, што i цяпер, у вагоне, гледзячы на стракатыя бярозкі ў першай чарзе па зялёнае.

...Чалавеку было тады толькі трынаццаць. У горадзе, прыгнечаным варожай акупацыяй, быў голад, i маці паслала яго ў вёску, да свае сястры. Кал i стралялі ўсіх, ён цудам уцалеў пад трупамі, толькі паранены. Потым гітлераўцы паехалі, а ён вылез з-пад забітых у цётчынай хаце і, акрываўлены, пайшоў — адзін на бязлюднай вуліцы.

Чалавеку сёння ўжо сорак чатыры. Сем год таму назад ён сведчыў на судзе супраць тых карнікаў, што не ўсе паўцякалі на Захад, доўга хаваліся на неабсяжных прасторах нашай краіны. Расказ чалавека запісаны ў пратаколе так:

"...Падлога ў доме была шчыльная, пафарбаваная, i калі я зайшоў у дом, то на падлозе было столькі крыві, што не было куды ступіць нагою. Забілі чалавек пятнаццаць-дваццаць у гэтым доме. У другі дом я не заходзіў, я толькі праз акно туды паглядзеў. Там, над трупамі на падлозе, яшчэ ўсё гайдалася калыска".

Я дадаю:

Калыска не пустая, хоць маўклівая.

І калыхалася — як звон без языка.

Ліпень сорак чацвёртага года.

Перадавыя часці 1-га і 3-га Беларускіх франтоў былі ўжо далёка наперадзе, а паміж гэтымі двумя клінамі некалькі дзён валокся па Наваградчыне густы невад 2-га Беларускага, падбіраючы большыя і меншыя рэшткі разгромленых варожых часцей, што прабіраліся на захад не толькі пешшу і на абозных фургонах, але і на машынах, нават баявых.

У вёсачцы спыніўся на ноч узвод нашай пяхоты і супрацьтанкавы разлік з саракапяткай, і ўранні на гэтую групу стомленых, але пільных хлопцаў напароліся тры бронетранспарцёры з немцамі ў лётнай форме. Дзве машыны загарэліся на выгане, а трэцяй удалося рвануць лагчынай міма вёсачкі і прагурчэць да наступнай затрымкі - таксама апошняй.

Самога бою я не бачыў. Калі мы, чатыры партызаны, праязджалі там, транспарцёры ўжо дагаралі, немцаў, пакошаных аўтаматчыкамі амаль на месцы, каля машын і абгарэлых на машынах, дзядзькі ўжо закапалі ў прыдарожным раўку, у вузкай, доўгай магіле, нашы салдаты пайшлі ўжо з вёсачкі сваёй дарогай, куды і ўсе тады ішлі.

Засталося толькі адно...

Засталася толькі жанчына, - у глыбокім па-летняму пыле шырокай дарогі, у лужыне крыві, жывая, з адарванай снарадам нагой.

І людзі з гэтай вёсачкі, і мы не ведалі, хто яна. Яна была для нас толькі тая, што ўцякала з фашыстамі, якой неабходна было ўцякаць ад народнага гневу. Жаласці да яе не было.

Нагу ёй адарвала ўсю. У лужыне крыві, аселай у пяску, - чырвоны, тоўсты абрубак, якім яна патузвала час ад часу, як быццам толькі хочучы абагнацца ад заедзі. Залатыя, пышныя валасы яе былі растрэсена ўкалмачаны ў пясок. Вялікія, светлыя вочы натужна глядзелі на нас цераз лоб - назад і ўгару (мы сядзелі на конях), а чорныя вусны горача паўтаралі:

- Не убивайте меня! Я и сама умру! Не убивайте!..

А потым - дзіўнае:

- Граждане, хоть кусочек воды!..

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора