Янка Брыль - Акраец хлеба стр 44.

Шрифт
Фон

Яна якраз карміла «вельмі распусную» ўнучку, якой не сядзелася ў бабулі на каленях. Удзвюх яны нагадалі мне i маю, таксама калісьці нямоглую ды з унучкай. I стала добра, гаркавата на душы... Усе яны i ўсюды так падобныя.

Светлая трохгадовая дзяўчынка пішчала, тузалася з калень, ад місачкі з малочнай кашай. Вырасце — будзе бабу сваю, магчыма, памятаць. Але ці так, каб зразумець, адчуць, якая яна сама была цяжкая для гэтых сухіх, дрыготкіх рук, для каленяў, для сэрца, што жыло, сяк-так трымалася яшчэ ўсё абавязкам мацярынства?..

А хто ж такі «Иван Апанасав 1940 г»?

Мы спыталіся, i бабуля растлумачыла. Пра ўсю сям'ю. Сямён — гэта яе першы чалавек. Марыя, Ева, Ганна — гэта ix дзеці. Апанас i Вера — дзевер з жонкаю. A Іван Апанасаў — іхні малы. «Якраз такі во быў, як гэтая». Што на каленях.

Расказаць пра той страшны дзень мы бабулю не так угаварылі, як спакваля разварушылі пытаннямі. А зняцца з унучкай — ледзь упрасілі. Можа, i не згадзілася б, але прыйшла з фермы нявестка, румяна-ўвішная маладзіца. Узяўшы малую ў пакой, яна завіхнулася там, i хвілін праз некалькі адтуль у кухню пачулася:

— Дзядзь-ка, а во!

Гэта — мне, бліжэйшаму, каго яна заўважыла праз шчыліну ў вясёленькай шырме.

Малая стаяла ўжо ў новай сукеначцы. I прычасаная. З усмешкай, за якую ім даруецца ўсё. Яе «а во!» якраз i значыла: «Глядзі, якая я, любуйся!»

Спачатку мне прыгадалася народнае, мужчынскае: «Во, браце, бабскае насенне!» А потым я гэтую ўсмешку малое — ад мамы, ад бабулі — міжволі, жудасна перанёс туды, пад бярозы.

Дзе такі самы, як яна, Іван.

1975

Старая маці сказала б: "Наўда якая — унучка ў яго. Няхай здарова гадуецца". Але i рада была б, вядома, хоць у яе гэта ўжо, як i праўнучка, не наўда, а дзесятая, палічыўшы ва ўсім нашым родзе. Была б...

...Прадвесне з апошнім, няшчодрым сёлета снегам. Сонца ўзыходзіць. У яркім святле за акном вагона — густая, вечная зеляніна ельніку ахоўнай паласы. A ў зеляніне гэтай — голенькія, стракатыя бярозкі. Нібы ў чарзе па таксама залёнае, толькі святлейшае.

А мне чамусьці ўспамінаецца стол на вялікім, ярка квяцістым дыване i светленькая, толькі што з цёплай калыскі, у кароткай кашульцы наша наўда. Яна смяецца i крычыць. Так жа нядаўна авалодала першай паўсотняй слоў, a ўжо загадвае:

— Дзед, па-ба-зя-лі!

Мы бегаем вакол стала, я не магу яе дагнаць, i гэта вельмі весела.

A хіба ж ёсць што-небудзь прыгажэйшае, чым галоўка соннага дзіцяці на белай падушцы нармальнага чалавечага маленства?..

...З дома, што на гары, з акна чацвёртага паверха відаць чыстае крымскае неба, пад небам — ціхае мора, а яшчэ ніжэй, пад акном, вострыя кіпарысныя верхавіны.

Выходжу i іду з гары па свежым ранішнім парку.

Малым уранні спіцца асабліва соладка. Ажно шкада часамі, калі такую ці такога нясуць або вядуць, цягнуць за ручку няшчасна-соннага ў яслі ці ў садок. Але ж i хораша гэта, што вось так рана, а яны ўжо тут, пад кіпарысамі ды кедрамі, каля кветак, на шорсткай i рэдкай паўднёвай траве. Малеча ўжо не сонная, у шчэбеце, што весела пераклікаецца з тым шчабятаннем ды ціньканнем, якога так шмат навокал, у духмянай зеляніне.

Адна працягнула да мяне маленькую далонь, на якой малюсенькі слімак.

— Во што знайшла! — паведаміла з радаснага дзіцячага сусвету.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора