Хлопчык, які не хоча спаць, сваёю радасцю напамінае мне маю былую чысціню дзіцячага захаплення агнём — такім раскошным відовішчам, такою таямнічай з'явай.
Туды, у тыя даўнія адчуванні, мне ўжо цяпер свабодна не прайсці: свабодзе перашкаджае нядаўні ўспамін.
...Дзяўчына выкручвае з калодзежа ваду. Калодзеж прытаіўся пад буйным вішняком. Ад белых пялёсткаў вясною i пажаўцелага лісту ўвосень ваду ў сцюдзёным прадонні ахоўвае круглая драўляная будачка з дзверцамі. Дзяўчына круціць спраўную корбу лёгка. Толькі ледзь-ледзь, рытмічна падрыгваюць пад квяцістай кофтачкай яе пяшчотныя плечы i грудзі ды прынапружваецца поўная, высока загарэлая рука. Дзяўчына маладзенькая, румяная i незвычайна, "не па-сучаснаму" сарамлівая.
— Тата i мама ў хаце.
І больш ні слова. Што ж, нам толькі бацька яе i трэба.
Немалады мужчына расказвае.
Звычайнае: кал i прыйшлі яны — ён не мог не пайсці. Яны — гэта фашисты, а ён — савецкі партызан. Па-салдацку, не на жыццё, а на смерць. A ў ix было многа зусім не салдацкай подласці. Яны спалілі яго дом, а жонку i дзяцей нават не ў хаце спалілі, a ў хлеўчуку.
— Меншы, дванаццаць гадоў, быў тады з камандзірскім рэменем,— расказвае бацька.— І рэмень той не дагарэў. Так ён, мой хлопец, i ляжаў... з гэтым сваім гулянием у руцэ... A ў большага, на два гады старэйшага, у роце было поўна саломы. Душыўся ад агню, ад дыму... Я яе павыцягваў...
Бацька змаўкае, відаць, успомніўшы, што i ў чатырнаццаць гадоў — чалавек яшчэ ўсё дзіця.
— Ён не хацеў крычаць.
Гэта ўжо сказана як пра дарослага...
Мы заціхаем у горкім маўчанні.
На сцяне — партрэт жанчыны, былое жонкі гаспадара. Я пазнаю гэта па тым, што яна не адна на партрэце, а побач з ім, гаспадаром, у свой час маладым.
Пад гэтым парным партрэтам, на канапе сядзіць мажная, мілавідная жанчына, вельмі прыкметна маладзейшая за гаспадара. I не пытаючыся, можна здагадацца, што гэта яна нарадзіла яму дужую, сарамлівую дачку-красуню.
Іншых партрэтаў на сцяне няма. Хлопцы былі малыя, да Слуцка далекавата... А можа, проста згарэлі ix фота, не захаваліся, як маміна i татава, у сваякоў.
Мужчына доўга маўчыць. Па той, па тых. А гэтая, другая жонка, можа думаць... Не, гэта не яна — я за яе падумаў, што рэўнасці тут — няма. Ёсць толькі боль сястры i маці. I разуменне, хоць i нялёгкае яно, што тое i тых не заступіш сабой i дачкой, якая яна ні харошая...
Хлопчык каля начнога рыбацкага вогнішча рад i не хоча лажыцца. Шчабеча, падкідае ламачча і, зноў заварожаны, моўчкі глядзіць, як весялее полымя.
Я сам пакуль што не гару ў тым полымі,— я не магу такога да канца ўявіць. Гарыць той хлопец, з саломай у роце... Не, i другога я не забыўся, таго, які гарэў з "гулянием" у руцэ. Якраз яго i нагадаў мне наш, што радуецца каля вогнішча. Ды толькі ж той, з саломаю, што "не хацеў крычаць", як дарослы, ці проста душыўся ад дыму i агню, яшчэ ўсё як дзіця,— той мне здаўся цяпер, на момант, не толькі сынам,— i нейчым, i маім адразу,— але i мною самім...
Мне засталося толькі нема закрычаць у полым!. Не ў гэтым, каля якога мы цяпер стаім, a ў тым, з якога нельга было вырвацца — хоць пад кулі.
«...Ён ужо, мусіць, ведаў, што яны па яго прыйдуць. A можа, толькі думаў так. Я не скажу вам, я тады зусім малая была, не разбіралася. Назапіхаў ён у чорную, вялікую бутэльку... Я ўжо не помню, ад чаго яна... Назапіхаў сваіх паперак, паскручваўшы ix трубачкамі, i закапаў у хаце пад палком. Тады ж падлогі не было, а ток. Ён гліну пад палком раскалупаў, ямку выграб, бутэльку туды загроб i гліну закляпаў пранікам.
Hi мамы нашай, ні таты нешта дома не было. А мне ён нічога не кажа. Толькі паклікаў, каб глядзела... Не, ведаеце, трохі ілгу,— ён мне сказаў, каб я нікому, бронь божа, нічога нікому не гаварыла.
A ўранку яны прыйшлі i павялі яго. Тыя немцы i паліцаі. А потым i павесілі ў Гарадзішчы.