Янка Брыль - Акраец хлеба стр 41.

Шрифт
Фон

Я не адразу, чытаючы гэта, успомніў белую, вялізную i добрую Садоху, хітраватага Дэраша, ветэрана першай сусветнай вайны, нораў i кемнасць красуні Машкі...

Адразу мне прыгадалася адчыненае акно нашай нізкай хаты, a ў ім — галоўка малой Буланкі, пяшчотнае жарабячае ржанне.

— Ах, мая долечка! Жабянятка маё, а я ж пра цябе i забылася!

Гэта — мама. У тую раніцу яна i сапраўды забылася наліць у місу сырадою i сказаць мне:

— Занясі ўжо таму ягняці.

Машка прывяла не па сабе, а па кані. Танканогае, буланае кабылянятка. «Будзеш на ёй скакаць цераз плот! Гаспадар! Трэба ж было выбраць такога жарабца...» Вадзіў Мікола Машку ў князеў двор. Маці то наракала, то пакеплівала, але ж ніколі не забывалася пра сырадой для малое. Тры разы ў дзень. Адразу, яшчэ пеністы. А тая i сама прывыкла так, што прыходзіла ў сенцы ці ў кухню.

А тут, як на тое, дзверы былі зачынены. I Буланка заржала пра крыўду сваю ў акно.

Мама i на мяне панаракала, што вось ён, бачыце, надта ж любіць яе, a ўзяў ды забыўся, у кнігу ўталопіўся. I я, вядома ж, выйшаў з місай на двор. Наша пястунка апусціла светла-ружовую храпку ў салодкую бель, а мне хацелася перапрашаць, што сырадой ужо астыў.

I яшчэ адна храпа, ужо не маленькая.

Мы адышлі з перадавой у кашубскую вёску не ноччу, як трэба было б, a раніцай, завідна.

Іхні карэкціроўшчык гэта заўважыў...

Мы — гэта тое, што засталося ад нашага ўзвода марской пяхоты. Карэкціроўшчык — нямецкі. Час дзеяння — верасень трыццаць дзевятага года, на польскім Прымор'і.

Мы былі вельмі галодныя. Кінуліся да першага, што ўбачылі — да яблыкаў у мокрым садзе.

Але ix артылерыя не чакала...

Першы снарад разарваўся далей ад саду, на раллі. Другі — правей i бліжэй. Трэці дагнаў мяне каля доўгай цаглянай сцяны. Упасці я не паспеў. Толькі закрыўся рукамі, кінуўся спіной да цэглы...

Майго асколка яшчэ не было. Хоць многа ix секанула па муры вакол мяне.

Як толькі я зноў убачыў зялёнае — па садзе, бокам да мяне, бегла — нібы я зноў па-дзіцячы ўбачыў яе — вялізная белая кабыла. Чыясьці, з нечага маленства, польская работніца Садоха. Бегла i моўчкі, матаючы галавой, палівала траву крывёю з адбітай асколкам храпы...

Коею мой, коею!..

У партызанах я ездзіў спачатку на сваім, прыведзеным з дому. Гэта быў сын тое, выпаенай сырадоем, Буланкі, унук злоснай Машкі, па матцы стрункі i лёгкі Каштан. Але малы, нярослы. Ён быў настолькі не па мне, што вясёлы Пятрэнка, у першай разведцы, калі мяне ўзялі туды, гукаў на лузе, спераду: — Дядя Ваня, кочки! Ноги поднимай! I смяяўся, як добры блазен, у цемры. Праз тыдзень Пятрэнку забілі. Мне аддалі яго высокага каня. А мой пайшоў ва ўзвод, ніжэйшаму.

Коею мой, безымянны i не адзін, няўжо ты, перажыўшы ездака, павёў бы ворагаў туды, дзе хаваліся нашы старыя бацькі i маленькія дзеці? Kocio невінаваты, як дзіця...

1975

Над рэчкай на лясной паляне — вогнішча. Рыбацкае, у летнім прыцемку.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора