Янка Брыль - Акраец хлеба стр 3.

Шрифт
Фон

У яго было тры ці чатыры яблыні, белы наліў. І ён іх ноччу пільнаваў, хоць яшчэ надзелень, бо дзецюкі «ўбіваліся». І рэдкасць гэта была — садок, і маладзецтва ўсё-такі, і гаспадар нягегла-смешнаваты. Прыкаціў у садок са свірна «пасу», вялікую бочку на збожжа, палажыў яе, і там, па-дыягенаўску, начаваў. Хлопцы неяк падкраліся, пасу тую рванулі дном угару і, пакуль вартаўнік, ачомаўшыся, глуха выгукваў свой пратэст, адны трымалі бочку, а другія налаташылі яблыкаў і ўсе пабеглі, смеючыся.

Было і іншае, не дамашняе. Пасля грамадзянскай вайны Ігнат вярнуўся ў Ніжнія Байдуны, а тут яго неўзабаве — у польскае войска.

— Паставіў мяне каля помпы, ваду ў карыта пампаваць. Я пампую, а ён стаіць і ўсё «старчы!» ды «старчы!». Я думаў, што ён гэта хваліць мяне, што я ўжо буду ў іх нейкі старшы, а ён, падло, падскочыў ды па мордзе. Той капраль. А хлопцы потым смяюцца, каторыя нашы, што «старчы!» — гэта па-іхняму «годзе!».

І такое яшчэ, што ён мог бы, каб не любоў да смешнага, і не расказваць пра сябе самога.

— Вочы, кажу, баляць, нічога добра не бачу. Гэта я да доктара да іхняга пайшоў. А ён мне, лекаж той, шклянку касторкі наліў. Рыцына па-іхняму. Усю, падло, выпіць заставіў. Во дзе было пасля!..

Для нас з Валодзькам Сякач быў таксама стары, як і ўсе іншыя мужчыны, а для дзядзькі Захары на цэлы салдацкі век маладзейшы. Хоць Ігнат і казаў яму «ты».

Любіў Сякач падсеч. І «адно вока на двух» — гэта таксама ён прыдумаў. Але цяпер спыніць, збянтэжыць расказчыка было не так проста.

— Балалэй ты! — упёрся той адным вокам у недавярка. — Ва-первых, не Пеця, а Піці, а ва-ўтарых, перакувырку тваю, мы калі выпілі, ён пачаў па-расейскі, я па-французскі... (Замінка даўжэйшая.) Пракрасны быў чалавек, царсцвія нябеснае! Вот я яму і гавару...

У старшага унцера Качко знаёмых у высокім свеце было наогул шмат. І на ваеннай службе, і потым, калі ён, недзе там акалечыўшы вока, працаваў у Адэсе тракцірным палавым.

— Дай бог памяць, кажацца, у адна тысяча дзевяцьсот дзевятым. Праязджаў генерал-губернатар Таўрычаскага края... (замінка) некто Крэставаздзвіжанскі Пётр Філімонавіч. На Дзярыбасаўскай — перакувырку тваю!.. І я стаю на крыльцэ свайго тракціра «Белая акацыя». А ён прыдзяржаў рысакоў ды гукае з талпы народа: «Захар Іванавіч! Качко! Дружышча!..»

— Пазнаў! — захоплена перапыняе хтосьці з мужчын.

— Вот жа, перакувырку тваю! Наш быўшы генерал. Па Нікольск-Усурыйску. Патом у Танку... (Замінка.) Пракрасны чалавек!..

На гэты раз чамусьці абышлося без «царсцвія нябеснага», нібы знаёмы недзе жыў-здароў.

— Яшчэ адзін Пеця, — трохі цішэй, як звычайна, сказаў-такі, не вытрываў Ігнат.

Але на гэты раз гаспадар, відаць, не пачуў.

Пасля такога, усурыйска-таўрычаскага, знаёмства былі яшчэ і намёкі.

Аднойчы дзядзька Захара вярнуўся з мястэчка пад мухай, але не ноччу, і не зімой, і я тады, прытаіўшыся, бачыў і чуў цераз плот, як ён сустрэўся з Канісам каля будкі. Той быў навязаны, выйшаў насустрач, сеў на хвасце, гледзячы ў твар гаспадару з усёй адданасцю.

— Каніс! Дружышча! Здрастуй, перакувырку тваю! Как гаварыў пакойны Мікалай Аляксандравіч Раманаў-Утарой: «Нічаво не віжу, тока крофь, крофь, крофь, крофь!..»

У такт з гэтым паўторам чалавек пагойдваўся назад-наперад-назад, а сабака, таксама ў такт, мёў, матлашыў па пяску хвастом. Тады чалавек пачынаў спяваць. Сваю любімую, адну на ўсё жыццё:

— І гарыт лучына, із-да-ва-я тр-рэск, і вакруг тры-вож-ны!..

Далей, да «разлівання блеску», не ішло. Зноў паўтаралася трагічнае «крофь, крофь» пакойнага Раманава-Утарога. Як пра якога-небудзь яфрэйтара або унцера з Танку, што «Іваноў-утарой», ці радавога — «Сідараў-трэці»...

Часамі, разварушаны экзотыкай маладых успамінаў, не звяртаючы ўвагі на нас, малых, што слухалі з найбольшай пільнасцю, ён летуценна расказваў пра маньчжурскія «увеселительные» дамы. «Кітаяначку, перакувырку тваю, вазьмёш, і на той цыноўцы з кута ў куток заедзеш!..» Пра развітанне жонкі Раманава-Утарога з Распуціным, які ляжаў у труне, расказвалася яшчэ больш адкрыта. Як яна, тая Аліса, «выняла ў яго, пацалавала і гаварыт: «Спасіба, Грыша!..»

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги

Популярные книги автора