Янка Брыль - Акраец хлеба стр 24.

Шрифт
Фон

Яна паслухмяна і ціха, відаць, яшчэ ўсё спалохана, выйшла і пачала прыбіраць каля печы.

— Пяхотэ, — сказаў Гірш-Эля. — А думаеш ты, Грамузда, ваяваў? На сваім кабыле, у сваім кавалерыя? Ваш, расеец ваяваў? Ваш толькі ваймяцасына і ляжыць! Фарфалн міт ды ганцэ пастройкес!* А я? — Тут у ім канчаткова прачнуўся былы імператарскі пехацінец: ён усхапіўся і загадаў: — Ентэ, гіб а гаршчэшнік!

* Прапаў з усімі будынкамі! (жыд.)

Ссутуленая ціхоня адагнулася з анучай ад падлогі, ступіла да качарэжніка, узяла той гаршчэшнік і, як свяцільнік, рожкамі ўгару, паднесла яго мужу, а сама прыпынілася каля дзверцаў бакоўкі.

Гірш, не зняўшы зрэбнага, зашмуленага фартуха, ужо камандаваў сам сабе:

— К ноге! Наперавес! К атаке — гатоўсь! Упярод! Ур-ра!..

Дабег да парога і, грозна патыкаўшы рожкамі гаршчэшніка ў вушак, сам паставіў яго на месца. Вярнуўся да зэдліка, сеў і, трохі задыханы, заключыў:

— Вот так я ваяваў.

А мне ўявілася, раптам і ярка, як там недзе скрыляе па бруку перапалоханы дзядзька Арэсь і, з сучкай за пазухай, азіраецца, усё яшчэ ўцякае ад магчымай пагоні. І я не вытрымаў, засмяяўся.

Аднак гэта справы не сапсавала: чаго вы хочаце ад хлапчука? Дзядзькі пачалі пра шавецкае, у каго што было да халоднага майстра. А я магу і пачакаць.

...Лягчэй было б так і закончыць гэты ўспамін. Ды мне здаецца, што тут паставіць кропку я не маю права.

Усё, што ўспамінаецца з жыцця жыдоўскага насельніцтва нашага мястэчка, і вясёлае, і не, і ўсе вобразы людзей, менш блізкіх і бліжэйшых мне, — усё абрываецца той небывала, неверагодна жахлівай трагедыяй, якую і ў наш зялёна-сонечны прыпушчанскі куток прынесла фашысцкая акупацыя.

І другое. Пра Грамузду.

У ліпені сорак чацвёртага, калі прыйшло вызваленне, дзядзька Тодар быў у Ніжніх Байдунах старастам. Стаў вінаватым без віны. Ніхто тады, пры гітлераўцах, не хацеў у нас гэтай сабачай пасады, і таму вырашылі адбываць абавязак кожная хата па тыдню. Так і ішло сабе, пакуль чорт не прыгнаў павятовага бургамістра. Прыехаў ён, казалі, не адзін, з паліцаямі, пад аховай, і загадаў, каб мясцовая ўлада была пастаянная. Хто цяпер стараста? Тодар Клімовіч? Няхай і будзе ён. Так Грамузда і дастаршыняваў у нас апошні месяц акупацыі.

Неяк пад восень ён зайшоў да нас, у рэдакцыю раённай газеты, і, папрасіўшы мяне на двор, пачаў:

— Антонавіч, можа, што памаглі б? Усё цягаюць мяне... Трэці раз. Што ж я каму зрабіў?..

Ніколі яшчэ я не бачыў яго такім горкім. Ён гаварыў мне «вы», «Антонавіч» — упершыню ў жыцці. Зусім пажылы чалавек, два сыны якога былі на фронце, весялун, якога мой бацька калісьці з прыязнасцю старэйшага называў у гутарцы «галубчык Федзя» — добры, сумленны чалавек, ён не ўсміхаўся нават, хоць бы і сумна.

На вострым носіку, над паніклымі светлымі вусамі сабралася сляза...

Я ўжо раней заходзіў туды, дзе могуць памагчы. Я зноў пайшоў, зноў гаварыў пра тое, што было зусім ясна для нас, мясцовых партызан.

Больш мы не сустракаліся... Трыццаць гадоў мінула. Ніхто не скажа, што я — раённы літработнік, радавы партызан — мог тады зрабіць больш, чым я зрабіў, каб папярэдзіць яшчэ адну памылку. Ніхто не скажа, і сам я не скажу. Але, як гаварыў адзін з любімых, і тут застаецца яно: «но всё же, всё же, всё же...».

Усё ж лягчэй, прасцей было б успамінаць, каб і не гэтая адна праклятая сляза...

Здаецца, люты трыццаць чацвёртага.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора