Янка Брыль - Акраец хлеба стр 11.

Шрифт
Фон

— Не ў тыя рукі трапіць, дык у глум і пойдзе.

— Як гэта?

— Ды так. Гусі, браце мой, напрадвесні селі на лузе. Дзікія. Эх, зарадзіў Аркадзік завар і папоўз. Думае...

Цімох скрывіўся і ўголас паказаў, што тады моўчкі ды сам-насам думаў Бурачок: «Чым большы дам, птамаць, зарад, тым далей той шрот панясе, лепей, птамаць, дастане...» Добра, дурыла, даў таго пораху, дый бяздымнага яшчэ. Поўз, поўз, заскерыўсё (Цімох паказвае), прыцэліўсё і — цяў!.. Усяго таго, браце мой, завара к чорту парвала, і зубы яму апошнія ўшчэнт пакрышыла. Стралок! Крыстына Роўбіха потым пыталася (зноў адпаведны, тут танклявы, голас): «Што ты там, Цімафей, такое здзелаў? Гэта, кажаш, не ты, а Бурак? Свісцела, свісцела, а потым равела, равела!..»

Гэта ляцела, значыцца, левая руля Аркадзевай стрэльбы, якую «парвала наўздоўж». Аж на суседні хутар, добры кіламетр.

Ці праўда тут, ці трохі нейкай праўды, ці толькі зайздрасць, што ўжо не сам ты малады ляснік, што не ў цябе такі «завар», — праверыць мне не ўдалося. Дый не вельмі карцела. Тым больш што Аркадзя я потым неяк сустрэў у Менску, можна сказаць, зусім на хаду: ён спяшаўся на свой аўтобус, быў, вядома, без стрэльбы, і я толькі па ўсмешцы яго паспеў заўважыць, што зубы ў чалавека хораша ды бела адраслі. Тыя «апошнія, пакрышаныя ўшчэнт». Што ж, можа, і стрэльбу Бурачок таксама сабраў ды склеіў...

Згасаў Цімох памалу і доўга, ужо не ў лесе, не ў лузе, а ў хаце і каля хаты. Сівы і цяжка ссутулены, хоць і вясёлы. І лёг ён апошні раз таксама па-свойму, арыгінальна — на былым панскім полі, толькі што шчодра прырэзаным да нашых вельмі ж перанаселеных могілкаў на схіле крутога зялёнага ўзгорка. У вялікім квадраце роўнай жытняй пожні, у далейшым кутку — адна, бо першая, Цімохава, магіла.

«Якога ліха, браце мой, тоўпіцца там, дзе ўжо і ўздоўж, і ўпоперак, і наўскасяк», — падумалася мне ягоным словам, можа, нават з ягонай усмешкай, хоць і быў я там у той дзень у зусім невясёлым настроі...

Лгаць не ўмелі і лгуноў не любілі браты Цівунчыкі. Хоць абодва таксама людзі бывалыя.

Жылі яны па-суседску, асобнымі гаспадаркамі.

Сцяпан, старэйшы, ваяваў у пачатку стагоддзя з японцамі, у Маньчжурыі, і жонку сваю называў па-кітайску — «фіма». Маладзейшы, Алісей, быў на першай сусветнай у Румыніі, і баба яго стала ад гэтага «фумеяй».

Дзядзька Сцяпан быў не толькі старэйшы, але і бывалейшы. Нават скончыў гарадское вучылішча, на той час — вельмі рэдкая для вёскі вышыня. Нядаўна адзін з маіх добрых знаёмых, вясковы настаўнік-пенсіянер, расчулена ўспамінаючы сваю далёкую маладосць, сказаў ажно так, што «гарадское — ого-го! — гэта больш, як цяпер аспірант». А мне пры гэтым успомнілася, як я рабіў калісьці ўрокі, а дзядзька Сцяпан, які сядзеў у нас, доўга глядзеў на мяне спадылба, а потым буркнуў — спытаўся, зусім нечакана:

— Сямю дзевяць?

Я быў у чацвёртым класе польскай сямігодкі, лічыўся нават выдатнікам, але так разгубіўся ад гэтага раптоўнага пытання, што ляпнуў штосьці не так.

— Д-да, вучоба! — сказаў дзядзька Сцяпан з прыціскам, якім і перакрэсліваў усё, што не па Малініну з Бурэніным.

Гадоў праз трыццаць пасля гэтага, калі ўжо ў мяне было больш за дзесяць кніжак на трох мовах, стары аднойчы пацікавіўся, на лавачцы перад хатай, што ж я ў тым горадзе раблю. Мы былі толькі ўдвух, аднак ён спытаўся зусім па-змоўніцку, ледзь не шэптам:

— Што, Антонавіч, па-відзімаму шчатаводам, д-да? Рублёў пяцьсот акалпачваеш?

Гэта яшчэ дарэформенных, на сённяшнія — пяцьдзесят.

Што ж, «несть пророка» і ў Ніжніх Байдунах... І ў Байдунах, і па суседству. Неяк улетку, калі ўжо тых кніжак было з пятнаццаць, ды на мовах чатырох, ішоў я да цёткі ў Плёхава. А насустрач, стоячы на пустых вазах, весела ехалі два плёхаўскія падшыванцы. Звычайна ў нашым баку школьнікі вітаюцца са старэйшымі, нават і незнаёмымі, але цяпер яны, два гэтыя хлопцы, былі на канікулах, памагалі вазіць снапы. Моўчкі мінулі мяне, а потым першы звонка, радасна крыкнуў другому:

— Валерка, бачыў? Во дзе рыла наеў!

Я засмяяўся, але ж, прызнаўшыся, трохі і прыкра было.

Там — малыя. А з дзядзькам Сцяпанам — другое. З гарадскім вучылішчам, з такою бываласцю, ён не чытаў ніколі ні кніг, ні газет. Не верыцца нават, што сам калі-небудзь і радыё мог уключыць. Гэта — пасля вайны ўжо, калі ён, нарэшце, развітаўся з беднасцю, калі аджыла яго вечная скарга «я галодзен», што была заадно і мянушкай.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке