Глебус Адам - Новы дамавікамерон стр 8.

Шрифт
Фон

— Ты вызвалiла мяне, i я табе дапамагу.

"Вар’яцею. Так нядоўга i ў лякарню патрапiць. Я вызвалiла Вiхурнiка, i ён абяцае дапамогу".

Дзяўчына зноў зiрнула долу. Вiхурнiк стаяў на тым самым месцы.

— Выйдзi з кватэры i падымiся на дах, я буду чакаць цябе.

Нарэшце дзяўчына па-сапраўднаму спалохалася, але замест таго, каб застацца ў кватэры i зачынiцца на ўсе засаўкi ды кручкi, яна разулася, пакiнуўшы красоўкi на гаўбцы, i пайшла крадком, нячутна на дах свайго шматпавярховiка.

Вiхурнiк стаяў на самым краi даху. Абцасы трывала замацавалiся на бетонным гзымсе, а мыскi вастраносых чаравiкаў навiсалi над дваццацiпяцiметровай вышынёю.

— Хадзi сюды, дай мне руку, — ласкава прашаптаў Вiхурнiк.

I дзяўчына падышла i працягнула вузенькую далонь.

— Вось i ўсё. — З гэтымi словамi Вiхурнiк скочыў з даху.

Яны закруцiлiся ў эратычным падзеннi. На адно iмгненне дзяўчына адчула палёгку, радасць, супакаенне, i свет згарнуўся ў чорны блiскучы сувой.

Вядома, што каля распластанага на ходнiку дзявочага цела нiякага Вiхурнiка не знайшлi.

А вось на могiлках усiх напалохаў каханы хлопец дзяўчыны-самагубцы. Ён крычаў, пускаў з рота зялёную слiну i драў пазногцямi пясок i дзёран.

31.07.1994

Да вандроўкi ў Каталонiю ён рыхтаваўся, нават у геаграфiчным даведнiку прачытаў адпаведны нарыс i ведаў, што па-каталонску гаворыць 7000000 чалавек, у тым лiку жыхары Балеарскай выспы Мальёрка.

Жыць у сталiцах Падарожнiк не любiў, таму i выбраў не Барселону, а гатэль CALIPOLIS у невялiчкiм старажытным горадзе Сiчазе.

Галоўнае, лiчыў Падарожнiк, каб у нумары меўся кандыцыянер, абаронца ад спёкi, i было вусцiшна, каб спакойна пiсаць падарожныя нататкi. Усё жаданае ён i знайшоў у невялiкiм пакоi, вытрыманым у тонах кавы з какавай. У сценавой шафе нават знайшоўся ўмацаваны незгаральны сейф. Толькi сейф не меў ключа, таму давялося зноў пабачыцца з парцье i заплацiць даволi вялiкую арэнду, каб вярнуцца ў нумар з залацiстым ключыкам. У нетры сейфа леглi дакументы i грошы. А вось срэбны пярсцёнак Падарожнiк пакiнуў на прыложкавым столiку.

Падарожнiк любiў спаць цалкам аголены, каб не было не толькi апранах, саколак i плавак, але i гадзiннiкаў, ланцужкоў, бранзалетаў i пярсцёнкаў. Усё гэта акуратна складалася на крэслы, тумбачкi i столiкi.

Паслядарожны адпачынак не стаў выключэннем. Паспаўшы з гадзiну, Падарожнiк пайшоў на пляж, каб першы раз у жыццi паплаваць у хвалях густога Мiжземнага мора. Яно расчаравала. Страшэнна салёнае, бруднае — шматкi цэлафану, лохмы паперы, багавiнне, трэскi...

У гатэль Падарожнiк вярнуўся не ў гуморы i таму не заўважыў, што срэбны пярсцёнак знiк з начнога столiка. Пра яго Падарожнiк згадаў толькi на наступны дзень, калi ў краме выбраў сабе медальён, якi яўна пасаваў да пярсцёнка, нiбыта iх рабiў адзiн майстра.

У гатэльным нумары Падарожнiк абгледзеў усе куткi i закуточкi. Змесцiва сейфа праглядалася разоў семнаццаць, не меней. Пярсцёнак вiдавочна адсутнiчаў. Iсцi сварыцца да парцье не мела сэнсу. Як растлумачыць тое, што пры наяўнасцi сейфа каштоўная рэч пакiдалася на столiку? Заставалася падпiльнаваць злодзея.

Увечары Падарожнiк склаў план дзеянняў, а з ранiцы доўга распытваў у адмiнiстратара гатэля, як трапiць у Барселону на карыду. Цярплiвы адмiнiстратар-каталонец успатнеў, пакуль выклаў па-ангельску ўсе свае веды пра карыду. Ён тры разы падкрэслiў, што квiткi трэба замаўляць абавязкова на ценявы бок арэны, хай яны ўтрая даражэйшыя, затое не атрымаеш сонечнага ўдару. Пасля роспытаў Падарожнiк развiтаўся i выйшаў з гатэля. Суха прашархацелi i ссунулiся шкляныя дзверы. Падарожнiк абышоў квартал i сеў пад тэнтам рэстарана PIKNIK, што знаходзiўся якраз насупраць гатэля. Замовiўшы каву, Падарожнiк уладкаваўся пад паласатым тэнтам i пачаў сачыць за гаўбцом i акном свайго нумара. Неўзабаве цяжкая парцьера адсунулася i на гаўбцы з’явiлася маленькая фiгурка кiтаянкi ў форменным адзеннi пакаёўкi-прыбiральшчыцы. Падарожнiк пакiнуў на столiку дзве манеты па 100 песетаў i шпаркай хадою накiраваўся ў CALIPOLIS.

Няўрымслiвую зладзейку ён заспеў за вельмi недарэчным заняткам — кiтаянка корпалася ў пакеце з ягонай бялiзнаю.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке